У Кіраўску пачаліся восеньскія кірмашы

Восеньскія кірмашы на Кіраўшчыне сталі асаблівай падзеяй у жыцці мясцовых жыхароў. Там можна набыць якасны тавар па выгадных цэнах або сустрэць сяброў і знаёмых, прыемна правесці час за размовамі, паслухаць песні ў выкананні культработнікаў.

Першы ў гэтым сезоне сельскагаспадарчы кірмаш прайшоў у горадзе ў мінулую суботу. Раніца выдалася цёплай і сонечнай і гандаль ішоў актыўна. Па баках вул.Ленінскай размясціліся прадстаўнікі сельскагаспадарчых арганізацый раёна, Жыліцкага сельгаскаледжа, райспажыўтаварыства, а таксама прыватныя гандляры, а прадстаўленая прадукцыя радавала сваёй разнастайнасцю і коштам.

Збожжа, бульба, морква, цыбуля, іншая агародніна, рыба, саджанцы садовых дрэў, кветкі, спецыі і шмат што іншае было прадстаўлена на выбар спажыўцоў. І, мяркуючы па тым, як хутка напаўняліся пакеты і сумкі пакупнікоў, можна зрабіць выснову, што кожны з іх наведаў кірмаш нездарма і знайшоў тавар на свой густ.

Часам прайсці ад аднаго гандлёвага месца да другога станавілася цяжка, уздоўж радоў хадзілі людзі, прыцэньваючыся да таго, што прапаноўвалася, адна за адной пад’язджалі машыны, каб змясціць у багажнікі шматлікія пакупкі. Жадаючыя маглі скарыстацца паслугамі транспарту райспажыўтаварыства, каб даставіць цяжкія пакупкі дадому.

Настрой стваралі і культработнікі ў яркіх касцюмах, якія заклікалі народ на кірмаш, танцавалі і весялілі ўсіх.

Чарговы восеньскі кірмаш адбудзецца ў наступную суботу на гэтым тыдні.

Юлія ЗАВІШАВА.

Фота аўтара.

 



 

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.