Аляксандр Сухадольскі: «Праца сяльчан — дастойная павагі і слоў удзячнасці!»

Дзень работникаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК традыцыйна прыпадае на глыбокую восень. І гэта сімвалічна і лагічна: надышоў час перавесці дыханне пасля доўгага і напружанага года, калі сабраны ўраджай, у які ўкладзены шмат сіл і часу многіх і многіх людзей, калі можна падсумаваць дасягнутае, зрабіць пэўныя вывады і падумаць аб будучым. Напярэдадні свята — наша інтэрв’ю з першым намеснікам старшыні райвыканкама — начальнікам райсельгасхарчу Аляксандрам Сухадольскім.

— Аляксандр Мікалаевіч, сяльчанін спакон веку вызначаў свой дабрабыт па восеньскіх прыпасах. Вобразна кажучы, калі засекі і клеці напоўнены ўра­джаем, значыць сельскагас­падарчы год быў праведзены не дарэмна. Як у цэлым удалося спрацаваць сёлета аграрыям Кіраўшчыны?

— Той хто працуе ў аграпрамысловым сектары — адной з вызначальных сфер дзейнасці ў забеспячэнні харчовай бяспекі краіны ў цэлым і дабрабыту людзей у прыватнасці, — добра разумее, што вельмі няпроста штогод прыбаўляць у вытворчасці сельгаспрадукцыі. Але такая задача заўсёды ставіцца перад сяльчанамі. За яе выкананнем стаіць карпатлівая праца, добрасумленнае стаўленне, прафесіяналізм людзей. Праўда, нават пры выкананні ўсіх умоў, ад іх, бывае, не ўсё залежыць…

— Вы маеце на ўвазе прыродны фактар?

— Менавіта. Надвор’е не бывае ідэальным, як таго хацелася б. Леташні засушлівы год прывёў да недабору фуражу, у прыватнасці, у асобных гаспадарках раёна ўжо ў студзені яго практычна не было. Адпаведна з зімоўкі грамадскага статка мы выходзілі з пэўнымі складанасцямі. Няпростай выдалася і першая палова бягучага года. Рэзкія перапады тэмпературы, недахоп вільгаці ў маі-чэрвені, пастаянныя дажджы ў ліпені — усё гэта прывяло да страт збожжавых практычна ва ўсіх рэгіёнах краіны, не стала выключэннем і Кіраўшчына. Валавы збор зерня (без уліку кукурузнага) у бункернай вазе атрымаўся 37 929 т, што склала толькі 71% да ўзроўню мінулага года. Удвая менш удалося атрымаць рапсу — 3751 т (летась — 7370 т). У пазітыў можна аднесці тое, што па тэмпах правядзення веснавой палявой і ўборачнай кампаній наш раён заняў лідзіруючыя пазіцыі. Пры ўсіх перыпетыях надвор’я даволі важкі каравай удалося атрымаць працаўнікам ААТ “Рассвет імя К.П.Арлоўскага”, КСУП “Ніва-Барсукі”, якія дасягнулі найбольшай ура­джайнасці збожжавых і зернебабовых раслін з 1 бала-гектара і выканалі дзяржзаказ па іх пастаўках.

— Але ж мы памятаем словы Міхаіла Ламаносава наконт закона захавання прыроды: калі дзесьці штосьці зменшылася, то дзесьці штосьці абавязкова прыбыло… Ці спрацавала гэта ў дачыненні сёлетняга ўраджаю?

— Якраз-такі спрацавала! Але ў гэтым, лічу, галоўнае слова сказалі самі аграрыі, якія рабілі стаўку не толькі на збожжа, але і на вырошчванне іншых сельгаскультур: захоўвалі ўсе тэхналагічныя прыёмы, клапаціліся аб раслінах ад іх сяўбы і пасадкі да ўборкі. Выдатным выдаўся ўраджай кукурузы. Недабор збажыны практычна поўнасцю быў “перакрыты” кукурузным зернем. Агульны яго вал аказаўся ў некалькі разоў большым, чым у папярэднія гады: усяго намалочана 17899 т, што склала 353% (!) у параўнанні з 2017 годам. Наогул у спалучэнні валавога збору збожжавых і зернебабовых з кукурузным зернем наш раён недабраў найменшую колькасць зерня ў параўнанні з мінулым годам сярод раёнаў вобласці.

Яшчэ ў ліку “плюсавых” ура­джаяў культур — кармавыя караняплоды, якіх атрымана 5953 т
(160,2% да мінулага года), бульба — 9285 т (139,8%), агародніна закрытага грунту — 4637 т (108,9%). Тут “львіная доля” поспеху належыць рассветаўцам.

Важкім выдаўся і ўраджай такой стратэгічнай і прыбытковай культуры, як цукровыя буракі, плошчы якіх штогод павяліч­ваюцца. Па фактычнай вазе накапаных салодкіх каранёў, якія зараз яшчэ працягваюць адгружацца на прыёмныя пунк­ты, мяркуем выйсці на 68 тыс.т ці +15% да мінулага года.

Удала аграрыі раёна спрацавалі і на працягу ўсяго сезона нарыхтоўкі кармоў для грамадскага пагалоўя буйной рагатай жывёлы: іх назапашана больш, чым летась: сенажу — 78 тыс.т, кукурузнага сіласу — 163 тыс.т. Адметна, што асноўную масу кармоў паспелі нарыхтаваць у аптымальныя тэхналагічныя тэрміны — за 2 тыдні першага ўкосу траў, што дае падставы быць упэўненымі ў высокай якасці. На прыбытак мяса-малочнай прадукцыі павінна адыграць і тое, што 9 тыс.т сенажу — утрая больш, чым летась — у сельгаспрадпрыемствах нарыхтавана па прагрэсіўных тэхналогіях — у палімерную ўпакоўку.

Наогул, калі суміраваць атрыманую раёнам прадукцыю АПК за 10 месяцаў бягучага года, то ўся вытворчасць склала 100,3% у параўнанні з мінулым годам, а, значыць, каманда кіраўскіх аграрыяў спрацавала зусім нядрэнна.

— Калі мы закранулі корманарыхтоўку, то лагічным будзе перайсці да жывёлагадоўлі Кіраўшчыны. Праца прадстаўнікоў гэтай галіны — у многім вырашальная ў справе ўмацавання эканомікі раёна, папаўнення грамадскай касы сельгасарганізацый.

— За 10 месяцаў бягучага года валавая вытворчасць малака склала 43474,4 т, гэта пакуль 96,8% да ўзроўню мінулага года. Па надою малака ад каровы мяркуем выйсці на мяжу ў 5930 кг. Наогул задача на бягучы год першапачаткова ставілася дасягнуць надою малака ў 6000 кг ад каровы. Але, як мы ўжо адзначалі раней, недабор зерня адбіўся не лепшым чынам. Тым не менш, у будучае ў гэтым плане глядзім з аптымізмам. На ўмоўную галаву жывёлы ў раёне нарыхтавана па 32 ц.к.адз — гэта самы высокі паказчык у вобласці. Рэзервы для росту ёсць, таму тое, чаго не дабіліся сёлета, будзем імкнуцца дасягнуць налетась. Між іншым, у КСУП “Чырвоны баец” названая планка ў 6 тыс.т дасягнута даўно: ужо за 10 месяцаў тут ад кожнай каровы атрымалі па 6200 кг і да канца года гэтая лічба павялічыцца. Высокія надоі і ў рассветаўцаў — па 5590 кг ад каровы. Добрых вынікаў у вытворчасці малака дасягаюць жывёлаводы ААТ “Кіраўскае райаграпрамтэхзабеспячэнне”, СГФ “Чыгірынка” РУП “Беларуснафта-Магілёў­аблнафтапрадукт”.

— Аляксандр Мікалаевіч, у сённяшніх умовах развіцця рынку першаступенная ўвага надаецца якасці прадукцыі. А гэта, у сваю чаргу, непарыўна звязана з асваеннем новых, сучасных тэхналогій. У нашым раёне паляпшэнню матэрыяльна-тэхнічнай базы заўсёды надавалася значэнне. Што зроблена ў плане мадэрнізацыі сёлета?

— Адзін з самых значных аб’ектаў раёна ў адносінах да жывёлагадоўлі — новы аўтаномны малочна-таварны комплекс “Мышкавічы” ў ААТ “Рассвет імя К.П.Арлоўскага” на 768 месцаў дойнага статка. Тут укараняюцца самыя сучасныя на Магілёўшчыне сістэмы ўтрымання, даення, кармлення жывёлы, гноевыдалення. Перадавы вопыт пераймаўся ў Расійскай Федэрацыі, Прыбалтыцы, краінах Заходняй Еўропы. На ўзбраенне ўзята шмат “вузкіх” спецыялізаваных нюансаў, якія накіраваны на максімальнае атрыманне прадукцыі і паляпшэнне ўмоў працы жывёлаводаў. На бягучы момант уведзена ў строй дзве чаргі комплекса, а канчатковая здача плануецца вясной наступнага года. Ужо зараз яскрава праглядаюцца пазітыўныя моманты работы комплекса: пры далёка не поўнай укамплектаванасці, а зараз тут размешчана 200 кароў, у суткі кожная з іх дае па 25 кг малака, а штодня адсюль яго пастаўляецца на перапрацоўчыя пункты па 5 т.

Сёлета таксама ўведзена ў эксплуатацыю 3 прафілакторыі для індывідуальнага ўтрымання цялят да 90-дзённага ўзросту: на МТФ “Стайкі” СГФ “Чыгірынка”, рассветаўскай МТФ “Стаўпішчы” і МТФ “Любонічы” РАПТЗ. Праведзена рэканструкцыя памяшкання для 2-га перыяду вырошчвання цялят на МТФ “Барчыцы” КСУП “Барчыцы-агра”. Карацей кажучы, імкнемся ў плане мадэрнізацыі, і не толькі ў жывёлагадоўлі, а і ў аснашчэнні сельскагаспадарчай тэхнікі для работ на палях, ісці ў нагу з часам і, дзякуючы гэтаму ў тым ліку, плануем выйсці на новыя рубяжы.

— І ўсё ж, галоўны здабытак раёна — яго людзі…

— Гэта сапраўды так. На Кіраўшчыне жывуць працавітыя, добрасумленныя і таленавітыя людзі. І ў тым, што яна па большасці вытворчых паказчыкаў, у тым ліку і ў аграпрамысловым сектары займае перадавыя пазіцыі сярод раёнаў Прыдняпроўскага краю, бясспрэчна, іх велізарная заслуга.

У кожнай сельгасарганізацыі ёсць свой авангард, свае лідары-працаўнікі, якія не шкадуюць ні сіл, ні часу, ні ўменняў, ні навыкаў, каб паляпшаць дабрабыт раёна, сваёй гаспадаркі, сям’і. Гэта кіраўнікі, спецыялісты агранамічнай, заа­тэхнічнай, ветэрынарнай, эканамічнай, інжынернай службаў, радавыя работнікі. Шмат хто з іх будзе па традыцыі адзначаны ўзнагародамі за лепшыя паказчыкі ў раённым спаборніцтве, многія — не ўпершыню. Шмат кіраўчан за сваю пачэсную працу атрымлівалі высокія дзяржаўныя ўзнагароды. Гэта гордасць Кіраўшчыны, і сёння мы ў чарговы раз выказваем шчырую падзяку ўсім аграрыям — ветэранам працы, тым, на каго раўняюцца іншыя, маладым і перспектыўным кадрам, якія пераймаюць іх вопыт.

Напярэдадні прафесійнага свята хочацца пажадаць усім моцнага здароўя, плёну, дабрабыту, матэрыяльнага і сацыяльнага дастатку. Сёлета ў асенне-палявы перыяд сяльчане паспелі ўжо зрабіць вельмі трывалы зачын пад будучы ўраджай. Дык няхай жа нас падтрымае і надвор’е! А мы пастараемся зрабіць усё ад нас залежачае, каб дасягнуць новых працоўных вяршынь.

Гутарыў Аляксандр ХАХЛОЎ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.