Кастрычнік у маім жыцці: бліц-апытанне жыхароў Кіраўшчыны

Напярэдадні Дня Каст­рычніцкай рэвалюцыі мы правялі бліц-апытанне жыхароў раёна і папрасілі іх выказаць сваё меркаванне наконт гэтай гістарычнай падзеі.

Васіль МАРКЕВІЧ, старшыня раённай арганізацыі РГА “Белая Русь”, першы сакратар раённай арганізацыі Камуністычнай партыі Беларусі:
— Кастрычніцкая рэвалюцыя прынесла многім людзям свабоду — выбару, права, незалежнасці. Нараўне з гарантаваным правам на працу з’явіліся і права на адпачынак, права
ўдзельнічаць у кіраванні краінай. Простым людзям сталі даступныя адукацыя і бясплатнае медыцынскае абслугоўванне. Усе гэтыя станоўчыя змены выклікалі ў мільёнаў людзей небывалае пачуццё патрыятызму, энтузіязм і самаадданасць у працы.
Дзякуючы Кастрычніцкай рэвалюцыі беларускі народ набыў дзяржаўнасць, стварыў эканамічны і інтэлектуальны патэнцыял, захаваў і ўзбагаціў нацыянальную культуру і самасвядомасць.
Пры ўсёй неадназначнасці ацэнак рэвалюцыі, адбыўшаяся ў 1917 годзе падзея дапамагае лепш зразумець наша мінулае і разабрацца ў сучаснасці. Бо ідэі аб’яднання і салідарнасці працоўных, роўнасці ўсіх людзей застаюцца ў нашай краіне актуальнымі і зараз.
Людзі старэйшага пакалення па-ранейшаму паважліва ставяцца да гэтай гістарычнай падзеі. Нашы бацькі і дзеды шчыра верылі ў ідэалы рэвалюцыі — раўнапраўе і сацыяльную справядлівасць. У вельмі складаных умовах яны будавалі братэрскі саюз народаў СССР. Не шкадавалі жыцця ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Дабіваліся значных поспехаў у мірны час, ствараючы магутную краіну.
Сёння наша Беларусь пераняўшы ўсё лепшае з савецкай эпохі, развіваецца і рухаецца наперад да забеспячэння дастойнага жыцця грамадзян. Беларусы маюць магчымасць будаваць суверэнную дзяржаву на прынцыпах дабра і справядлівасці, плённа працаваць на роднай зямлі пад мірным небам.

Уладзімір РУСЕЦКІ, былы вязень фашысцкага канц­лагера, ветэран працы Кіраўскай “Райсельгастэхнікі”:
— Для мяне свята Кастрычніцкай рэвалюцыі застаецца адным з самых блізкіх і дарагіх, якім, дарэчы, было на працягу ўсяго свядомага жыцця. Дагэтуль памятаю, як урачыста яго адзначалі яшчэ перад Вялікай Айчыннай вайной, калі быў школьнікам. Рыхтаваліся загадзя і гэта было неяк асабліва: прыбіраліся ў хаце, апраналіся ва ўсё лепшае, маці збірала на стол, імкнучыся прыгатаваць штосьці смачнейшае. І гэта пры той беднасці, у якой знахо
дзіліся. І нам, дзецям, было таксама радасна.
А 7 лістапада ў Гарадзец, дзе мы тады жылі, “сцякаліся” людзі з суседніх калгасаў, якія былі ў Дубняках, Каршуках, Стражы. Ішлі весела, спяваючы пад гармонік. Затым быў мітынг, выступалі прадстаўнікі з райцэнтра. А пасля ўсе весяліліся, танцавалі. Мы, школьнікі, вучылі вершы і потым чыталі іх на свяце. Настрой быў, як яго тады і звалі, “кастрычніцкі”.
Не забудуцца і ўрачыстасці ў гэты дзень і ў гады, калі ўжо ў сталасці жыў і працаваў у Кіраўску. Ва усіх арганізацыях тады зранку збіраліся работнікі і, выстраіўшыся ў калоны, з флагамі, транспарантамі, крочылі на цэнтральную плошчу імя Кірава, а жыхары шчыра віталі працаўнікоў. Памятаю, як хваляваўся колісь, калі мне даручылі выступіць з трыбуны ад працоўнага калектыву “Райсельгастэхнікі”. Але галоўнае, што запомнілася назаўсёды, гэта безліч прыгожых і шчаслівых людзей са шчырымі ўсмешкамі на тварах, і вось гэта, пэўна, была сапраўдная візітная картка кастрычніцкага свята.
Цяпер па-рознаму ацэньваюць гэты дзень у гісторыі, у кожнага на тое сваё права. І ўсё ж лічу, што без Кастрычніцкай рэвалюцыі многага магло не быць, у тым ліку вялікай і магутнай дзяржавы, у якой разам з іншымі жыў і працаваў я, мае блізкія і знаёмыя, сябры і калегі. Мэты і задачы, якія ставіла рэвалюцыя — улада — Саветам, зямля — сялянам, мір — народам — блізкія народу. Тыя задумы, і, у прыватнасці, ідэя калектыўнай працы, згуртаванасці былі справядлівыя. Без гэтага мы б не перамаглі ў страшнай вайне, не аднавілі б разбураную народную гаспадарку. Гэта наша гісторыя, і выкрасліць яе немагчыма.

Ніна ЛЯЎКОВІЧ, перадавая даярка КСУП “Жылічы”, узнагароджана ордэнам Пашаны, медалём “За працоўныя заслугі”:
— Кастрычніцкая рэвалюцыя — гэта наша гісторыя, наша мінулае. Не памылюся, калі скажу, што 7 лістапада для людзей старэйшага пакалення быў і назаўсёды застанецца ў памяці адным з самых дарагіх святаў. Колькі значных падзей адбывалася ў краіне і было прымеркавана менавіта да Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі: уводзіліся ў строй новыя заводы і прадпрыемствы, жылыя дамы і сацыяльныя аб’екты, калектывы работнікаў імкнуліся да гэтай даты датэрмінова выканаць ці перавыканаць гадавое заданне. Выдатна, што і зараз захавалася традыцыя здачы новых аб’ектаў.
Памятаю, як у калгасе, дзе працавалі мае бацькі, а нарадзілася і вырасла я ў в.Свіслач Асіповіцкага раёна, напярэдадні “чырвонага дня календара” праходзіў урачысты сход, лепшым працаўнікам уручаліся ўзнагароды і падарункі, потым быў святочны канцэрт і чаяпіцце.
З нецярпеннем чакала 7 лістапада, каб паехаць разам з бацькамі на дэманстрацыю, прайсціся ў святочнай калоне з кветкамі і паветранымі шарамі ў руках, адчуць гэтую атмасферу ўсеагульнай радасці, шчырага сяброўства паміж людзьмі.
Сёння адносіны да Кастрычніцкай рэвалюцыі самыя розныя. Аднак трэба памятаць, што любая гістарычная падзея прыўнесла нешта сваё у жыццё народаў. Нельга ўсё бяздумна перакрэсліваць.
Лічу галоўным дасягненнем 1917-га года магчы­масць простых людзей жыць і працаваць на зямлі, сваімі рукамі, розумам, талентамі ствараць уласны дабрабыт, развіваць і паляпшаць патэнцыял краіны.
Многае за гэты больш чым векавы перыяд было перагледжана, пераасэнсавана, але ў нашай краіне была і застаецца нязменнай павага да Чалавека працы. Колькі старанных і адказных людзей у нашай Беларусі, якія сваімі працоўнымі дасягненнямі мацуюць дабрабыт дзяржавы, праслаўляюць яе на міжнародным узроўні. У сваю чаргу, і кіраўніцтва краіны не забываецца аддзячыць людзей за руплівую працу. У гэтым давялося ўпэўніцца асабіста, калі ў лютым бягучага года ў ліку іншых атрымала дзяржаўную ўзнагароду з рук Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі — ордэн Пашаны.
Наша краіна ўпэўнена ідзе шляхам развіцця, свята шануючы і прымнажаючы заваёвы і дасягненні старэйшых пакаленняў.

Алена АКУЛІЧ, настаўнік фізікі СШ №1:
— На маю думку, Кастрычніцкая рэвалюцыя адыграла важную ролю ў станаўленні нашага народа. Яна адкрыла новую эпоху, дала лю­дзям мноства магчымасцей, правоў. Дзякуючы падзеям 1917 года ўпершыню беларусы набылі сваю дзяржаўнасць.
Моладзь стала выхоўвацца ў традыцыях камсамола, убіраючы ў сябе ўсё доб­рае, чаму вучылі іх старэйшыя таварышы: павага да бацькоў і дарослых, імкненне быць лепш, дапамога тым, хто мае ў ёй патрэбу. На савецкай ідэалогіі выхоўвалася не адно пакаленне.
З цеплынёй успамінаю пра час, калі мы, будучы школьнікамі, удзельнічалі ў розных мерапрыемствах, спаборніцтвах, імкнуліся быць першымі ва ўсім. Са святочным настроем прымалі ўдзел у дэманстрацыях, прысвечаных гэтай даце, з гонарам уступалі ў піянеры, камсамол, мелі магчымасць праяўляць сябе ў добрых справах. Добрасумленная праца нашых бацькоў на карысць краіны і ўсяго народа — яркі прыклад на ўсё жыццё.
Прыемна бачыць, што традыцыі, якія мы набылі з таго часу, напрыклад, работа з падрастаючым пакаленнем, захаваліся і па сённяшні дзень, актыўна ўвасабляюцца ў жыццё, прыносяць добрыя вынікі ў выхаванні і станаўленні асобы маладых людзей, выяўляючы сярод іх лідараў з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, дапамагаючы ім рэалізаваць сябе.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.