Год мінулы — год наступны: бліц-апытанне жыхароў Кіраўшчыны

Напярэдадні Новага года мы правялі традыцыйнае бліц-апытанне сярод жыхароў нашага раёна і прапанавалі адказаць на пытанні: чым Вам запомніўся адыходзячы год і якія планы будуеце на год новы?

Аляксандр ПЕТРАНКОЎ, трактарыст-машыніст КСУП “Ніва-Барсукі”, узнагароджаны ордэнамі Айчыны ІІІ ступені, Пашаны, медалём “За працоўныя заслугі”:
— Кожны год па-свойму адметны і насычаны. У адыходзячым годзе аграрыі Кіраўшчыны, як заўсёды, сваёй шчырай працай спрыялі таму, каб былі выкананы намечаныя задачы па забеспячэнні харчовай бяспекі краіны і паляпшэнні дабрабыту людзей. Адчуваю задавальненне, што ў гэтым ёсць і мой сціплы ўклад.
Самай адметнай падзеяй для мяне ў мінулым годзе стала тое, што да маіх дзвюх высокіх дзяржаўных узнагарод дадаўся ордэн Айчыны ІІІ ступені. У ліку прадстаўнікоў аграпрамысловага комплексу краіны, удастоеных высокіх урадавых узнагарод за шматгадовую працу, высокі прафесіяналізм, значны асабісты ўклад у развіццё АПК і перапрацоўчай прамысловасці, дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў, мне пашчасціла атрымаць ордэн з рук Прэзідэнта Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі. Такая высокая ацэнка маёй працы — вялікі гонар для мяне і, разам з тым, яна да многага абавязвае: нельга зніжаць планку працоўнага ўзроўню, тым больш, што на мяне глядзяць маладыя калегі па цэху.
Імкнуся выконваць працоўныя заданні з максімальнай аддачай. Інакш проста не прывык — нельга падвесці калектыў, у якім працуеш. А ён у нас падабраўся дружны і зладжаны, і ў многім гэта заслуга нашага кіраўніка І.У.Рыняка. Разам з сябрамі дабіваемся неблагіх рэзультатаў, атрымліваем дастойную заработную плату, а, значыць, ёсць упэўненасць у заўтрашнім дні.

Васіль Антонавіч БУСЛАЎ, ветэран Вялікай Айчыннай вайны, кіраўчанін:
— У адышоўшым годзе я адсвяткаваў свой 95-гадовы юбілей і вельмі ўдзячны лёсу, што адмераў мне такі ўзрост. З гэтай нагоды з гонарам і радасцю прымаў сардэчныя віншаванні ад раённага выканаўчага камітэта, раённага Савета дэпутатаў, грамадскіх аб’яднанняў, за што шчыра ўдзячны.
За гэты працяглы час удалося прайсці вялікі і насычаны жыццёвы шлях, у якім было многае. Камсамольскае юнацтва і маладосць (у 2018 годзе мы адзначылі 100-гадовы юбілей камсамола) прыпала на гады ваеннага ліхалецця, калі разам з іншымі абараняў Радзіму, партызаніў, змагаўся з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Затым была доўгая працоўная дарога, якую прысвяціў навучанню і выхаванню падрастаючага пакалення. Гэта быў час мірных стварэнняў у Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, 100-гадовы юбілей якой мы будзем адзначаць напачатку надыходзячага новага года. Падчас існавання БССР быў зроблены магутны падмурак для будаўніцтва сённяшняй суверэннай Беларусі.
Заўсёды рады і сёння прыйсці ў госці да юнакоў і дзяўчат, прыняць іх у сябе, падзяліцца ўспамінамі. З гордасцю за нашу краіну наведваю мерапрыемствы, праводзімыя ў нашым раёне. З боку дзяржавы, раённых улад, грамадскіх аб’яднанняў робіцца многае, каб умацаваць мір і спакой у нашай краіне, каб ніколі не паўтарыліся жахі вайны, і аб гэтым павінны памятаць маладыя.
Наступны год будзе адметны тым, што ўсе мы будзем святкаваць 75-годдзе з дня вызвалення роднай Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Менавіта столькі над нашай Сінявокай мірна свеціць сонца. Хацелася б, каб у гэты год зноў праводзіліся ваенна-патрыятычныя мерапрыемствы, як напамін усім аб тым, што жахі вайны не павінны паўтарыцца, бо гэта вельмі актуальна ў наш сённяшні неспакойны час на планеце. Усім жыхарам Кіраўшчыны хачу пажадаць моцнага здароўя, дабрабыту, радасці і шчасця. Хай здзейсніцца ўсё задуманае!

 

Арцемій ДРОЗД, ігрок нацыя­нальнай зборнай Беларусі па пляжным футболе, каманды “Кіраўск-СДЮШАР” па пляжным футболе:
— 2018 год для мяне быў вельмі насычаным спартыўнымі падзеямі, звязанымі з маім любімым відам спорту — пляжным футболам, які, дарэчы, з кожным сезонам усё больш развіваецца ў нашай краіне.
Разам з таварышамі па камандзе “Кіраўск-СДЮШАР” прымаў удзел у чэмпіянаце і Кубку краіны. У адыходзячым годзе мы паказалі неблагую гульню, дабіваліся важных рэзультатаў. У выніку ў абодвух розыгрышах кіраўчане ўвайшлі ў чацвёрку мацнейшых клубных каманд Беларусі. Але давялося крыху крыўдаваць, бо маглі б стаць і прызёрамі…
Асабістым дасягненнем мінулага года лічу тое, што замацаваўся ў саставе нацыянальнай зборнай Беларусі. Разам з сябрам Юрыем Пятроўскім і ўжо “старажылам” Вадзімам Бокачам склалі кіраўскае трыо ў галоўнай камандзе краіны. Давер іспанскага спецыяліста Нікаласа Альварада дарагога каштуе: канкурэнцыя ў зборнай вельмі значная, так што, трэба падтрымліваць сябе ў адпаведнай форме. Першым сур’ёзным турнірам для мяне і Юрыя стаў фінальны тур Еўралігі, які праходзіў у Італіі, дзе беларусы выступілі дастойна, увайшоўшы ў пяцёрку мацнейшых каманд Старога Свету.
Але яшчэ больш сур’ёзным плануецца год наступны. Акрамя ўдзелу ў Еўралізе, прэстыжным міжнародным турніры ў Партугаліі зборную чакае чэмпіянат свету ў Парагваі. Але, бадай, самы галоўны экзамен беларускіх пляжнікаў — ІІ Еўрапейскія гульні, якія ўпершыню прымае Мінск і дзе ўпершыню на такім узроўні будзе прадстаўлены пляжны футбол. Перад намі — гаспадарамі — ставяцца самыя сур’ёзныя задачы: трапіць, як мінімум, у прызавую тройку. Таму , пачынаючы ўжо са студзеня, каманду чакаюць штомесяц вучэбна-трэніровачныя зборы з камандамі розных краін. Мэта ў кожным паядынку перад намі ставіцца трэнерамі адна: толькі перамога!

 

Ірына ПЯТРОЎСКАЯ, намеснік галоўнага бухгалтара ААТ «Дабаснянскае»:
— У адыходзячым годзе я скончыла БДСГА і атрымала вышэйшую адукацыю па спецыяльнасці «бухгалтарскі ўлік, аналіз і аўдыт». Па размеркаванні была накіравана на працу ў ААТ «Дабаснянскае». Пачатак працоўнай дзейнасці ў жыцці кожнага чалавека — падзея важная. Мне вельмі пашанцавала з калектывам, які добра прыняў мяне і дапамог асвоіцца на рабочым месцы.
Гэтай восенню я прыняла ўдзел у абласным конкурсе “Маладая Гаспадыня АПК-2018”, у якім заваявала тытул “Міс Талент”. Гэтая яскравая падзея надоўга застанецца ў маёй памяці. Нягледзячы на вопыт удзелу ў падобных конкурсах, вельмі хвалявалася, але дзякуючы падтрымцы і дапамозе ў падрыхтоўцы, рада, што годна прадставіла Кіраўшчыну.
Было вельмі цікава прыняць удзел у раённым сходзе маладых спецыялістаў, дзе мы бліжэй пазнаёміліся з работай арганізацый раёна, яго гісторыка-культурнымі аб’ектамі і адзін з адным.
У раённым урачыстым мерапрыемстве, прысвечаным Дню работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК, мне была аб’яўлена Падзяка райкама прафсаюза работнікаў АПК за актыўны ўдзел у жыцці раёна, што было для мяне вельмі важнай ацэнкай маёй дзейнасці.
Год быў насычаны на падзеі, і, спадзяюся, наступны парадуе не менш!

 

Аляксей і Ангеліна ХАДАСЕВІЧЫ, кіраўчане:
— Адыходзячы год, безумоўна, стане адметным для нашай сям’і: у кастрычніку нарадзіўся доўгачаканы сынок — Даніла. Наша шчасце бязмежнае! Разам з бацькоўствам пачынаецца новы этап у жыцці, напоўнены радаснымі клопатамі, цікавымі адкрыццямі, шчырымі пачуццямі і яскравымі ўражаннямі.
Зразумела, клопаты аб малым патрабуюць ад нас шмат сіл і энергіі, адказнасці, уважлівасці, але ўсе яны прыемныя. А галоўнае – атрымліваем важкую ўзнагароду – усмешку сыночка. Пэўныя складанасці, здаецца, яшчэ больш умацоўваюць шлюб.
Надыходзячы год плануем сустракаць у сямейным коле. Жадаем жыхарам раёна, каб кожны дзень новага года прыносіў ім радасць. Каб да кожнай сям’і, якая яшчэ не пазнала шчасця бацькоўства, абавязкова завітаў бусляня з нованароджаным сыночкам ці дачушкай!

 

Аляксандр і Святлана ШАЎЧЭНКІ, аг.Мышкавічы:
— 2018-ы год прынёс нам шмат падстаў для радасці, хвалюючых момантаў. Па-першае, наша сям’я павялічылася: у сакавіку нарадзілася дачка Ева.
У верасні ў нас адбылася не менш адметная падзея: старэйшая дачка Алеся пайшла ў першы клас. Перажывалі, каб шлях у краіну ведаў пачаўся ўдала. Пакуль усё атрымліваецца, у школе дачушцы падабаецца, у яе з’явілася шмат новых сяброў.
Радуе поспехамі і малодшая дачушка, перажылі мы з’яўленне першых зубак — маладыя бацькі нас зразумеюць. А зараз чакаем, калі Ева стане на ножкі і зробіць першыя самастойныя крокі.
Новы год збіраемся сустракаць вялікай кампаніяй з ліку родных і сяброў, рыхтуем падарункі для дзяцей, спадзяемся, яны атрымаюць іх з рук Дзеда Мароза.
Жадаем чытачам газеты ў новым годзе не пужацца цяжкасцей і берагчы сямейнае шчасце!

 

Дзяніс і Ганна КАРАНКЕВІЧЫ, г.Кіраўск:
— Гэты год пакідае першыя радкі ў летапісе нашай сям’і, бо з’явілася яна зусім нядаўна – два месяцы таму. Рашэнне ажаніцца мы прынялі таксама сёлета, дзякуючы падтрымцы родных, у хуткасці згулялі вяселле, а зараз займаемся наладжваннем быту.
Адметна, што пасля заключэння шлюбу кожны з нас набыў новых сваякоў і сяброў.
Першыя месяцы сямейнага жыцця напоўнены радаснымі і шчырымі пачуццямі, прыемнымі клопатамі адзін аб адным.
Яшчэ ў адыходзячым годзе мы абодва ўпершыню сталі хроснымі бацькамі для дзяцей нашых сяброў. Для кожнага з нас гэта быў важкі крок у жыцці.
Да сустрэчы новага года амаль падрыхтаваліся: упрыгожылі ёлку, набылі падарункі для родных.
Жадаем, каб кожны адзінокі чалавек знайшоў у надыходзячым годзе другу палову, у сем’ях няхай пануюць любоў і павага адзін да аднаго.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.