Працуюць аператыўна і якасна

Ужо год прайшоў з моманта, як уступіла ў строй пасля маштабнай рэканструкцыі вытворчая база раёна электрасетак, якая па ўзроўню тэхнічнай абсталяванасці і аўтаматызацыі уваходзіць у лік лепшіх у рэспубліцы. Напярэдадні прафесійнага свята энергетыкаў начальнік арганізацыі Віталь СУДЗІБОР у размове з карэспандэнтам раённай газеты расказаў аб тым, з якімі рэзультатамі падыходзіць іх калектыў да завяршэння года:

— Безумоўна, з уводам новай базы ўмовы працы работнікаў РЭС сталі больш бяспечнымі і камфортнымі, больш аператыўна вырашаюцца пытанні ліквідацыі непаладак у электрасетках.
У першую чаргу, дзякуючы таму, што спецыялісты раёна электрасетак адказна і добрасумленна ставяцца да выканання сваіх працоўных абавязкаў, ускладзеныя на нас задачы паспяхова выконваюцца. Прафесійнае свята і Новы год мы сустракаем з добрымі паказчыкамі. Коратка скажу аб тым, што зроблена сёлета нашым калектывам.
Персаналам раёна электрычных сетак у адпаведнасці з планамі-графікамі ўжо выканана заданне на 2018 год. Капітальна адрамантавана 97,6 км электрычных высакавольтных ліній 10кВ, 90,6 км электрычных ліній 0,4кВ, 16 закрытых трансфарматарных падстанцый і 30 камплектных трансфарматарных падстанцый. Выканана замена 20 дэфектных апор на ВЛ-10кВ, на ВЛ-0,4кВ замянілі 66. На плошчы 9,7 га праведзена расчыстка трасы на ВЛ-10кВ ад хмызняку.
На электрычных лініях напружаннем 0,4кВ праведзена замена ўводаў на ізаляваныя правады ў жылыя дамы 247 спажыўцоў, усталяваны 1 пункт секцыянавання. На працягу года наш калектыў забяспечваў выкананне дзяржаўных сацыяльных стандартаў па асвятленні вуліц населеных пунктаў раёна. Па прынцыпе «адно акно» аказана 12 комплексных паслуг па падключэнні электраўстановак спажыўцоў да электрычных сетак.
Для павышэння надзейнасці электразабеспячэння работнікамі была зроблена рэканструкцыя ўчасткаў ліній электраперадач, якія прахо­дзяць па лесе, з заменай голых правадоў на ізаляваныя працягласцю 2,78 км. Таксама былі заменены 4 кабельных участкі 10кВ (працягласцю 2,69 км), якія праходзяць па тэрыторыі г.Кіраўска.
У гэтым годзе праведзена аўтаматызацыя раёна электрычных сетак з устаноўкай 58 рэклоўзераў — устройстваў аўтаматычнага кіравання і абароны паветраных ЛЭП на аснове вакуумных выключальнікаў пад упраўленнем спецыя­лізаванага мікрапрацэсара.
У межах рэа­лізацыі праграмы па зніжэнні страт электра­энергіі работнікі РЭС замянілі 12 сілавых трансфарматараў і 3 камплектных трансфарматарных падстанцыі на аднафазавыя мачтавыя станцыі і камплектныя трансфарматарныя падстанцыі мачтавага тыпу.
Тэхнічнае абслугоўванне і рамонт ліній электраперадач, трансфарматарных падстанцый дзеля бесперабойнага якаснага электразабеспячэння спажыўцоў — асноўная задача, якая стаіць перад нашымі электраманцёрамі. І з гэтым яны паспяхова спраўляюцца. У ліку лепшых работнікаў хачу адзначыць майстра Яўгена Пятроўскага, электраманцёраў АВБ Аляксея Шубарава, Рамана Комара, электраманцёра Аляксандра Вангілеўскага.
Упэўнены, што і ў новым 2019 годзе вырашэнне вызначаных задач будзе калектыву раёна электрасетак па сілах.
Падрыхтавала
Юлія ЗАВІШАВА.
Фота Максіма МІКЕШІНА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.