Прызы — ад “Кіраўца”

Нягледзячы на папулярнасць тэлебачання і інтэрнэту, сёння па-ранейшаму нямала актыўных чытачоў перыёдыкі. Многія з іх у нашым раёне на працягу доўгіх гадоў не расстаюцца з “Кіраўцам”, які з’яўляецца для іх першай крыніцай навін. У мінулую сераду з такімі сябрамі “раёнкі” і іншымі жыхарамі горада на гарадскім аддзяленні паштовай сувязі быў праведзены Дзень падпісчыка.

Прысутных праінфармавалі аб ходзе падпісной кампаніі на перыядычныя выданні на другое паўгоддзе 2019 года. Для паштавікоў зараз вельмі адказны і напружаны перыяд — неабходна на належным узроўні завяршыць гэтую адказную справу, дайсці да кожнага жыхара раёна.
Галоўны рэдактар установы “Рэдакцыя раённай газеты “Кіравец” Наталля Хадакова нагадала вядучыя тэмы газеты, рубрыкі і спецвыпускі, пытанні, з якімі чытачы звяртаюцца у рэдакцыю, і якія журналісты дапамагаюць вырашаць, расказала таксама аб працоўных буднях калектыву.
Затым надышоў час віктарыны, пытанні якой датычыліся Года малой радзімы. Актыўна праявіла сябе тут няштатны карэспандэнт “раёнкі” Людміла Лукановіч, якая выйграла сертыфікат на квартальную падпіску на раённую газету дзякуючы найбольшай колькасці правільных і змястоўных адказаў. Крыху саступіўшы пераможцу, аднолькавую колькасць адказаў далі Раіса Дзедулевіч і Кацярына Сычэўская, якія таксама былі ўзнагароджаны прызамі. Былі заахвочаны і іншыя ўдзельнікі віктарыны.
Усе прынялі актыўны ўдзел у навагодняй латарэі, якую прапанавала “раёнка”: у якасці выйгрышаў — права на бясплатную публікацыю віншаванняў, аб’яў, прыгожыя блакноты, ручкі, ручнікі і інш. Усім прысутным уручылі каляндарыкі ад “Кіраўца”.
Адбыўся розыгрыш суперпрызоў сярод тых, хто падпісаўся на “Кіравец” прама падчас мерапрыемства, а гэта 10 чалавек. Тут пашанцавала Лідзіі Пархамовіч, Таццяне Горбаль і Уладзіміру Каранкевічу — менавіта яны сталі ўладальнікамі чайнікаў. Сертыфікат на квартальную падпіску 2019 года атрымала Наталля Рудак.

________________

Алеся МУХІНА, спецыяліст па кадравай рабоце ПМК-255:
— Маё знаёмства з «раёнкай» пачалося разам са стартам майго прафесійнага шляху. З кожным свежым нумарам абавязкова праглядаю парады спецыялістаў, тлумачэнні заканадаўства, афіцыйныя публікацыі. Знаходзіцца інфармацыя, патрэбная для работы.
Часта газета публікуе матэрыялы аб дзейнасці нашай арганізацыі, аб жыццёвых і прафесійных шляхах маіх калег. Часам, даведваешся шмат цікавага аб людзях, з якімі працуеш побач.
Абавязкова чытаю аб установах адукацыі, у якіх займаюцца мае сын і дачка. Заўсёды хочацца больш падрабязна ведаць, у якіх умовах растуць, выхоўваюцца і вучацца нашы дзеці.
Прыемна знаёміцца з поспехамі і дасягненнямі землякоў у працоўных, творчых, спартыўных, навучальных спаборніцтвах, конкурсах, алімпіядах. Ганарышся і асабістымі дасягненнямі людзей, і агульнараённымі.
Ну і, вядома ж, — віншаванні, рэклама. Раённая газета – найбольш зручная пляцоўка для размяшчэння і пошуку падобнай інфармацыі.
Хочацца пажадаць калектыву «Кіраўца» больш матэрыялаў, у якіх выказваецца асабісты погляд на жыццё раёна. Каб пісалі не толькі аб вытворчых поспехах арганізацый і прадпрыемстваў, але і ў цэлым аб жыцці калектываў, іх агульным адпачынку. Напрыклад, у мінулыя выхадныя, дзякуючы падтрымцы кіраўніцтва нашай ПМК-255 для дзяцей працоўнікоў была наладжана цудоўная паездка ў сталічны цырк. Атрымаўся такі своеасаблівы пераднавагодні падарунак дзецям і іх бацькам.
А ў цэлым — няхай «раёнка» і надалей будзе побач з намі!

Юлія ГУКАВА, выкладчык нядзельнай школы Свята-Пакроўскага храма:
— Зараз знаходжуся ў дэкрэтным адпачынку, але з «Кіраўцам» не расстаюся. Па-першае, таму што на старонках газеты пішуць аб дзейнасці нашай нядзельнай школы. Мы заўсёды з нецярпеннем чакаем публікацый аб нашых паходах, экскурсіях, адпачынках, святах, навучальным працэсе. Кожны газетны артыкул знаходзіць месца ў архіве школы – на памяць нашчадкам. Такім чынам фарміруецца своеасаблівы летапіс установы.
«Раёнка» не абыходзіць увагай рэлігійнае жыццё Кіраўшчыны. Пастаянна друкуецца інфармацыя аб праваслаўных святах, часта са старонак газеты выступае настаяцель нашай царквы пратаіерэй Дзмітрый Первій. Для прыхаджан гэта прыемна і важна.
Хочацца падзякаваць калектыву «Кіраўца» за ўвагу да нас і пажадаць творчага натхнення і поспехаў. Спадзяемся на далейшае плённае супрацоўніцтва!

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.