Кіраўчане трапілі ў фінал

У спартыўнай зале СДЮШАР прайшлі занальныя спаборніцтвы па валейболе ў межах чарговай абласной зімовай спартакіяды сярод сельскіх раёнаў Магілёўшчыны, холдынгаў, аб’яднанняў, арганізацый і кіраўнікоў работнікаў аграпрамысловага комплексу. Аб гэтым расказаў старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Віктар Ставер.

У такім фармаце  валейбольныя каманды сустракаюцца другі раз. Паколькі ўдзел у спартакіядзе прымаюць практычна ўсе раёны Магілёўшчыны, вырашана адбіраць мацнейшых у чатырох так званых “зонах”. Па дзве лепшых каманды з кожнай трапляюць у васьмёрку фіналістаў і паспрачаюцца за  перамогу.

Нагадаем, летась нашы валейбалісты змаглі прабіцца ў фінал. Поўныя рашучасці яны былі і сёлета. Да таго ж, кіраўчанам на карысць быў яшчэ і фактар «родных сцен». І ўсё пачынала складвацца пазітыўна для гаспадароў. Ужо ў першай гульні з камандай Глуска нашы спартсмены-аматары не пакінулі сапернікам ніякіх шанцаў. Пераможнымі для іх аказаліся таксама паядынкі са зборнымі Быхава і Клічава. А вось суседзяў з Бабруйска “зламаць” не ўдалося. З адным паражэннем кіраўчане занялі другое месца і трапілі-такі ў фінальную частку, якая разам з іншымі відамі пройдзе сёлета ў Бабруйску.

 

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.