Віншаванні ад гасцей з Магілёўскага аблвыканкама прымала сям’я дзіцячага Дома сямейнага тыпу з Кіраўска

У межах рэспубліканскай акцыі “Нашы дзеці” напярэдадні Новага года старшыня камітэта эканомікі Магілёўскага аблвыканкама Руслан Страхар і начальнік упраўлення прамысловасці камітэта эканомікі Святлана Чарткова наведалі дзіцячы Дом сямейнага тыпу Ларысы Калінкінай. Ганаровыя госці павіншавалі вялікую і дружную сям’ю з Новым Годам і Раством і ў якасці падарункаў перадалі рабятам салодкасці, прыемным сюрпрызам стаў прыгожы торт.
Трэба адзначыць, што гэта не першы візіт старшыні камітэта эканомікі ў гэты дзіцячы Дом сямейнага тыпу — Руслан Страхар пазнаёміўся з яго вялікай сям’ёй, калі год таму ўжо наведваў рабят падчас навагодніх святаў.
Віншаванні з навагоднімі святамі Ларысе Калінкінай, Леаніду Кузняцову і іх выхаванцам выказала намеснік начальніка аддзела па адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Наталля Далганава.
Дзеці прыпаднеслі гасцям прыгожыя сувеніры, зробленыя ўласнымі рукамі.
Зараз гаспадыня дома Ларыса Дзмітрыеўна выхоўвае сямёра дзяцей. І напрыканцы 2018 года дзіцячы Дом сямейнага тыпу адзначыў асаблівую дату — дзесяцігадовы юбілей з дня яго адкрыцця. Сама Ларыса Калінкіна больш за 30 гадоў выхоўвае прыёмных дзетак, дорыць бацькоўскую любоў тым, каму не па­шчасціла атрымаць яе ад родных бацькоў. Лёс кожнага хлопчыка і дзяўчынкі склаўся няпроста, таму бацькі-выхавальнікі стараюцца рабіць усё магчымае, каб дзеці адчувалі сябе камфортна, а дома было спакойна і ўтульна.
Госці і гаспадары, а таксама рабяты сабраліся за святочным сталом, дзе ўспомнілі шчырыя моманты 2018 года, абмеркавалі планы і падзяліліся надзеямі на будучае.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.