Генадзь Шалянгоўскі: «Мой першы і галоўны настаўнік — Кірыла Арлоўскі!»

Любы механізм складаецца з мноства дэталей. Ад кожнага вінціка залежыць зладжанасць яго работы. Так і з людзьмі. Не будзе збояў у дзейнасці завода, прадпрыемства, гаспадаркі, калі кожны працуе належным чынам на сваім месцы, не толькі выдатна ведае сваю справу і выконвае свае абавязкі, а і робіць гэта з душой, часам не лічачыся з уласнымі патрэбамі і часам. У ААТ “Рассвет імя К.П.Арлоўскага” нямала такіх людзей, якія калектыўнае ставяць на першае месца ад асабістага. Яны былі з дня заснавання гаспадаркі, у іх вучыліся прадстаўнікі іншых пакаленняў, і ў поспехах “Рассвета” іх першаступенная заслуга. Менавіта з гэтай кагорты і Генадзь Шалянгоўскі — былы брыгадзір трактарнай брыгады, які толькі нядаўна, у 70 сваіх год, пайшоў на заслужаны адпачынак.

З Генадзем Кірылавічам мы сустрэліся літаральна праз месяц пасля таго, як ён вырашыў здаць паўнамоцтвы больш маладому калегу. І першае, чым падзяліўся сёлетні юбіляр, гэта тое, што не чакаў, як дома не будзе хапаць яму гэтага штодзённага гулу рухавікоў, завіханняў на мехдвары, выездаў на палі… Усяго таго, чым быў напоўнены кожны яго працоўны дзень, чым жыў ад ранку і да змяркання, а то і больш таго. І ўсё гэта ад няўрымслівага характару, ад той фанатычна-працоўнай загартоўкі, якая была закладзена з маленства і замацавана на працягу жыцця.
Як вядома, дзіцячыя і падлеткавыя ўражанні, калі пазнаеш і ўсведамляеш свет, — самыя моцныя. У Генадзя Шалянгоўскага яны звязаны з роднымі Мышкавічамі. Сюды сям’я ра­зам з многімі іншымі ў пачатку 50-х пераехала з суседняй вёскі Лазовая Буда. Па задумцы легендарнага рассветаўскага старшыні Кірылы Арлоўскага галоўная сядзіба гаспадаркі ўзбуйнялася і ўзмацнялася за кошт невялікіх навакольных вёсак. Такі ж лёс напаткаў тагачасныя Перагоны, Рукавец, Аляксандраўку… Што ні вёска — то быў калгас. Арлоўскі ж аб’яднаў мясцовыя землі ў адзіны “Рассвет”, а на месцы былых вёсачак з’явіліся новыя калгасныя палеткі. Людзям жа дапамаглі перабрацца ў Мышкавічы, паставіць дамы, абзавесціся гаспадаркай.
— Арлоўскі ўжо тады быў жывой легендай, — успамінае Генадзь Кірылавіч. — А для мяне гэты мужны воін, таленавіты арганізатар, нястомны працаўнік стаў першым і, бадай, галоўным настаўнікам па жыцці. Пазней былі розныя настаўнікі, якім я вельмі ўдзячны. Але ў плане чалавечых і прафесійных якасцей, станаўлення да працы, Кірыла Пракопавіч стаіць для мяне асобна. На маіх вачах праходзіла стаўленне гаспадаркі, яе развіццё. А мы, дзеці таго часу, мелі вялікі гонар працаваць побач з дарослымі, прымаць, так сказаць, у гэтым удзел. Кірылу Пракопавіча даводзілася бачыць часта, назіраць, як ён арганізоўвае рабочы працэс. І гэта ўражвала. У першую чаргу, патрабавальны да сябе, ён патрабаваў і ад іншых. Яшчэ да “разнарадкі”, якая праходзіла а шостай гадзіне раніцы, ён, аб’ездзіўшы палі, ужо валодаў усёй сітуацыяй. Да беспарадкаў, абыякавасці быў бязлітасны. Жалезная дысцыпліна — на першым плане. Калгаснікі працавалі заўзята. Дзеці, у тым ліку і я, таксама шчыравалі ўлетку і ўвосень на палях. Стараліся ўсе работы выконваць якасна, каб не было нараканняў ад старшыні, які асабіста кантраляваў іх ход і ў дарослых, і ў дзяцей. Мы зграбалі салому, сена, звозілі валакушамі да месцаў сціртавання. Палолі, акучвалі і капалі бульбу, буракі. У садзе нарыхтоўвалі яблыкі. Прычым не абкалочвалі, а акуратна зрывалі і складвалі, каб потым накіраваць іх у “балаганы”. Потым рассветаўскія плады везлі на продаж у Маскву, Ленінград, Свярдлоўск. І нам плацілі, як дарослым: можна было зарабіць добрую зарплату, і гэта была вялікая радасць — прынесці дадому свой заробак. А калі за працу хваліў сам Арлоўскі — гэта было шчасце!..
Вось такое стаўленне да даручанай справы Генадзь Шалянгоўскі ўзяў за аснову на ўсё жыццё. Пасля школы вырашыў звязаць сваю прафесійную дзейнасць з тэхнікай, з механізацыяй. Завочна вучыўся на аўтатрактарным факультэце Беларускага політэхнічнага інстытута, паралельна працаваў у Кіраўскай райсельгастэхніцы. Вывучыўся на токара, шмат у гэтым дапамог хлопцу старэйшы таварыш Пётр Сачонак. З вышэйшай адукацыяй, праўда, далей не атрымалася. Пасля аднаго курса вучобы, вырашыў для сябе больш важным ісці на вайсковую службу. А потым вярнуўся ў райсельгастэхніку, адкуль разам з сябрамі накіраваўся ў сельгастэхнікум у Клічаў, дзе атрымаў спецыяль­насць механіка. У сваёй арганізацыі цяпер ужо мог займаць пэўную пасаду. Так Шалянгоўскі стаў прыёмшчыкам, інжынерам па камплектацыі абменнага пункта, дзе начальнікам працаваў Уладзімір Русецкі, у якога малады спецыяліст шмат чаму навучыўся. Потым Генадзь курыраваў работу рамонтнікаў — сельскагаспадарчую тэхніку работнікі арганізацыі абслугоўвалі па ўсім раёне. Станавілі на ўлік новыя машыны, ліквідоўвалі непаладкі. За неабходнымі дэталямі і вузламі даводзілася ездзіць у Магілёў, Мінск, Харкаў… Усяго Кіраўскай райсельгастхэніцы было прысвечана
17 гадоў працоўнага стажу.
А потым лёс (і ўжо назаўсёды) вярнуў у родны “Рассвет”. Спачатку ў 2-ю трактарную брыгаду. І тут з’явіўся свой настаўнік — тагачасны брыгадзір Міхаіл Царыкаў. Наогул усіх сваіх жыццёвых педагогаў Генадзь Кірылавіч успамінае з асаблівай цеплынёй.
— Магчыма, ім і не хапала ў свой час дастатковай адукацыі, — кажа герой гэтых гадкоў, — але іх багаты вопыт, жыццёвая мудрасць, прыродны талент — усё я прагна браў для сябе, і гэта потым вельмі было патрэбным у жыцці.
З 1993 года і да нядаўняга выхаду на пенсію пастаяннай стала пасада брыгадзіра 1-й трактарнай брыгады. На працягу кожнага дня трэба было выконваць, здавалася б, адны і тыя ж задачы. Але іх кола — шырокае, а важнасць — высокая. Атрымаць ураджай без тэхнікі наогул не ўяўляецца. Але сама па сабе тэхніка — вузлы і агрэгаты, і без людзей яна — груда металу. А вось арганізаваць рабочы працэс, давесці да кожнага пастаўленыя кіраўніцтвам на ранішняй планёрцы задачы, пракантраляваць іх выкананне — вось гэта было ў кампетэнцыі брыгадзіра. Падчас палявых работ — на рахунку і кожная хвіліна, і кожная адзінка тэхнікі. А раптам нечаканая паломка? Яе трэба ўхіліць у самыя сціслыя тэрміны — знайсці патрэбную дэталь, арганізаваць дапамогу сервісных службаў. Ды і непасрэдна на поле, дзе ідуць работы, трэба праехаць, паназіраць за іх ходам…
Генадзь Шалянгоўскі ніколі не лічыўся з уласным часам. Даўно прывык, што на рабочым месцы, яму трэба быць раней за падначаленых, а пакінуць рабочае месца пазней. Дысцыплінаванасць для яго — адна з галоўных якасцей. Патрабавальным, але чалавечным заўсёды быў да калег па цэху. А людзьмі, з якім працаваў у розныя гады, як адзначае сам, застаўся задаволены. Пераважная большасць з іх ставілася і ставіцца на выканання абавязкаў добрасумленна, з разуменнем, па-рассветаўску. І яму дапамагалі, і маладых вучылі, і самі вучыліся. Не-
здарма і сам Генадзь Кірылавіч заслужыў за доўгія гады працы з боку калектыву і кіраўніцтва аўтарытэт і павагу.
…Сёлетні год вельмі адметны для Генадзя Шалянгоўскага. І не толькі таму, што адзначыў нядаўна 70-гадовы ўласны юбілей. 23 лютага, у Дзень абаронцаў Айчыны, ён рыхтуецца адзначыць яшчэ адно свята, толькі ўжо разам з другой сваёй палавінкай. Спаўняецца 45 год іх сумеснага жыцця з жонкай Вольгай Сцяпанаўнай. Разам прайшлі па жыцці працяглы насычаны шлях, выхавалі дваіх сыноў, зараз радуюцца траім унучкам. Сям’я была для Генадзя Аляксандравіча заўсёды надзейным тылам. Часам, заўважае, не заўсёды хапала на яе лішняй хвілінкі, бо вельмі важнай для яго была работа. Але крыўды за гэта ад сваіх родных ніколі не адчуваў. Кожны з родных ведаў, што ў мужа і таты такі характар і такое правіла па жыцці: гэта сельская гаспадарка, а ў зямлі адпускоў не бывае!..
Аляксандр ХАХЛОЎ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.