Чарговы трыумф кіраўчан на спартакіядзе ў Магілёве

У Магілёўскім спорткомплексе “Алімпіец” прайшла першая змешаная абласная спартакіяда сярод моладзі і ветэранаў працы, фізічнай культуры і спорту, прысвечаная 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. З агульнакаманднай перамогай вярнулася з яе зборная Кіраўскага раёна! Аб гэтым расказаў старшыня фізкультурна-спартыўнага клуба Кіраўскага раёна Віктар Бялянаў.

Ініцыятарам новай спартакіяды выступіла абласного савета ветэранащ на чале з А.Ц.Глазам, якая гэтым выразіла жаданне падкрэсліць важнасць пераемнасці пакаленняў, замацаваць супрацоўніцтва моладзі з ветэранамі.

Спартсменам з 23 каманд было дзе сябе паказаць і ў чым праявіць. Лепшыя вызначаліся ў настольным тэнісе, більярдзе, стральбе з пнеўматычнай зброі, шашаках, шахматах, дартсе, а таксама ў мнагаборстве “Здароўе”, куды ўваходзілі бег на 60 м і 1000 м, скачкі з месца і падцягванне на перакладзіне. Вынікі былі падведзены ў асабістым заліку, асобна сярод камандмоладзі і ветэранаў і ў агульнакамандным заліку.

Кіраўскія спартсмены-аматары незалежна ад узросту заўсёды паказвалі высокія рэзультаты на спаборніцтвах рознага ўзроўню. Традыцыі не былі парушаны і ў гэты раз: літаральна ўсе нашы прадстаўнікі паказалі сябе не проста дастойна, але і занялі большасць прызавых месцаў у розных відах.

Так, сярод маладзейшых удзельнікаў пераможцамі ў асабістым заліку сталі Мікіта Суднікаў (мнагаборства “Здароўе”), Яўген Пішчалін і Алеся Шалянгоўская (дартс), Анастасія Бялянава (шашкі); другія месцы заваявалі  Алеся Баранчук (настольны тэніс), Аляксандр Ласякоў (шахматы).

Не “падкачалі” і ветэраны фізкультурнага руху: чэмпіёнам па дартсе стаў Канстанцін Гарбачоў, “бронзай” адзначыліся Анатоль Бэндзер (настольны тэніс) і Валерый Бандарэнка (шашкі). Крыху да прызавых месцаў не хапіла Уладзіміру Няхаеву (шахматы) і Анатолю Клімовічу (мнагаборства “Здароўе”), яны занялі ганаровыя 5-е і 6-е месцы адпаведна.

Па суме набраных балаў кіраўская моладзь заваявала першае месца, а ветэраны — другое. У агульнакамандным заліку чэмпіёнам спартакіяды  стала зборная Кіраўскага раёна!

Арганізатары спаборніцтваў падзякавалі ўдзельнікам і выказалі спадзяванні, што спартакіяда стане традыцыйнай.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.