На добры вынік нацэлены земляробы КСУП «Жылічы»

Міхаіл Цітарэнка

Сонечнымі красавіцкімі днямі на палях сельскагаспадарчых арганізацый з самай раніцы кіпіць работа — у разгары веснавая пасяўная кампанія. Учора карэспандэнты “раёнкі” назіралі, як у КСУП “Жылічы” праходзяць унясенне угнаенняў і сяўба яравых збожжавых.

Пад’язджаючы да поля ў в.Вінаградаўка мы ўбачылі трактар “Беларус 3022”, на якім працуе механізатар Міхаіл Цітарэнка (на верхнім здымку). Разам з Аляксандрам Бычковым яны загружалі ў сеялку “RABE” зерне ячменю. Раней мужчына на гэтым участку займаўся ўзворваннем глебы, а цяпер сее тут збожжавыя.
Паралельна з ім на сяўбе ячменю на іншым участку задзейнічаны Дзяніс Петрусёў. Як расказаў земляроб, працоўны дзень у іх пачынаецца рана — у 7 гадзін, у гэты час тэхніка павінна быць ужо на полі. На момант нашага наведвання Міхаіл засеяў плошчу ў 110 га, у дзень у сярэднім выходзіць па 30 га. Усё залежыць ад умоў надвор’я і спраўнасці тэхнікі, але, як адзначыў наш субяседнік, ні адно, ні другое не падводзіць. Працуюць аграрыі да самага вечара з перапынкам на абед, які ім дастаўляюць прама на месца, дзе яны знахо­дзяцца на той момант — сельгаспрадпрыемства забяспечвае ўсіх працаўнікоў на полі гарачым харчаваннем, каб праца ладзілася ў тэрмін.

Аляксандр Казека

Некалькі хвілін на размову з журналістамі — і механізатар паспяшаўся за руль — наперадзе яго чакае праца, а мы тым часам пагутарылі з в.а. дырэктара КСУП “Жылічы” Мікалаем Лук’янавым, які пад’ехаў на поле.
Па яго словах, яравая сяўба складае сёлета 661 га, з іх 240 га — ячменю, 260 га — зернебабовых, 61 га — аўса. На момант нашай размовы механізатарамі было засеяна 80 га аўса і 107 га ячменю.
Паралельна вядуцца работы па ўнясенні ў глебу азотных угнаенняў пад яравыя. Было таксама ўнесена 4,5 тыс.т арганікі, але пакуль гэты працэс прыпынены, паколькі ідзе вывазка яе з ферм — 26 тыс.т ужо вывезена.
Акрамя гэтага вядзецца работа па падкормцы пашаў і сенажацей. На 410 га зроблена закрыццё вільгаці, узарана 380 га глебы.

Алег Лаўрыненка

Забяспечанасць мінеральнымі ўгнаеннямі складае 85%. Як адзначыў Мікалай Лук’янаў, пасяўную кампанію ў КСУП “Жылічы” плануецца завяршыць да 15 красавіка.

На пад’ездзе да ўчастка ў в.Дубавое ўдалечыні мы адразу заўважылі агрэгат “РАСА”, які, нагадваючы страказу, імкліва праносіўся па полі. За рулём — Аляксандр Казека, які ўносіў у глебу азотныя ўгнаенні, а літаральна праз дарогу працаваў Алег Лаўрыненка (на здымку) — з дапамогай агрэгата МВУ-6 ён уносіў у глебу калійныя тукі.

За час нашай паездкі мы ў чарговы раз пераканаліся, што ў КСУП “Жылічы” час дарма не губляюць — адказна і зладжана, выконваючы тэхналагічныя патрабаванні, працуюць на палях аграрыі, нацэліўшыся на добры вынік.

Юлія ЗАВІШАВА.
Фота Максіма МІКЕШЫНА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.