З боку аграрыяў — максімум намаганняў. У комплексе вядуцца палявыя работы ў КСУП «Чырвоны баец»

Належнымі тэмпамі на палях раёна вядуцца сельскагаспадарчыя работы, з раніцы да вечара працуюць у полі механізатары. На месцы не сядзяць і карэспандэнты “раёнкі”, якія рэгулярна выязджаюць на палі і назіраюць за ходам веснавых палявых работ. На гэты раз рэдакцыйны аўтамабіль накіраваўся ў КСУП “Чырвоны баец”.

                                                                                   Аляксей Масюковіч

Валерый Дырыкаў і Віталь Бяляўскі

На полі ў в.Полькавічы поўным ходам ішла сяўба цукровых буракоў. Культура гэтая патрабуе да сябе павышанай увагі, і працэс яе пасадкі наладжаны на высокім узроўні — гэта справа была даручана вопытным механізатарам, за плячыма якіх — не адзін дзясятак гадоў працы.
З дапамогай агрэгата АКШ апрацоўвае глебу, падрыхтоўваючы яе да пасадкі сельгаскультуры, Валерый Дырыкаў. Яго напарнік Віталь Бяляўскі задзейнічаны на сяўбе цукровых буракоў, якія плануецца размясціць на 270 га. Іх тандэм працуе аператыўна і зладжана, што дазваляе ў дзень засяваць да 25 га. Мяркуючы па добрым настроі аграрыяў, праца ладзіцца, не падводзяць ні надвор’е, ні тэхніка.
Непадалёк, на полі ў 75 га плануецца пасеяць кукурузу, а каб атрымаўся добры ўраджай, зараз тут уносяцца арганічныя ўгнаенні. На гэтым участку працавалі адзін з лідараў гаспадаркі на веснавых палявых работах вадзіцель Сяргей Барадзін — пры дапамозе “Амкадор-342” ён ажыццяўляў пагрузку арганікі, і Яўген Марцючэнка, які ўносіць яе ў глебу на МТЗ-82 з ПРТ-7.

Яўген Марцючэнка і Сяргей Барадзін

Кіпела работа на полі ў Старых Дваранінавічах — тут ішла сяўба зернебабовых. Пратручанае насенне аўса сорта “запавет” і гароху “заазерскі вусаты” загружае ў сеялку Віктар Сенчукоў, які, дарэчы, працуе ў “Чырвоным байцы” ўжо больш за 35 гадоў. За рулём МТЗ-3022 яго малады напарнік Аляксей Масюковіч, за плячамі якога ўжо нямала адказных сельскагаспадарчых кампаній.

 

Віктар Сенчукоў

Пра тое, як спраўляюцца з вясновымі клопатамі ў сельгаспрадпрыемстве, расказаў галоўны аграном гаспадаркі Сяргей Глушакоў, які каардынуе тут увесь рабочы працэс. Паводле яго слоў, у гэты перыяд асноўныя віды работ у гаспадарцы — гэта сяўба зернебабовых, цукровых буракоў, унясенне арганікі. Завяршыць іх плануецца да сярэдзіны наступнага тыдня. Цяпер гэтаму спрыяюць умовы надвор’я, а з боку аграрыяў прыкладаецца максімум намаганняў. Па стане на ўчарашні дзень зернебабовымі засеяна 247 га, цукровымі буракамі — 150 га і ўнесена ў глебу 16926 т арганікі.

Кожны працоўны дзень пачынаецца ў 7 гадзін, а вось як ён складзецца далей, цалкам залежыць ад мноства фактараў: пачынаючы ад нябеснай канцылярыі і заканчваючы станам тэхнікі. Наведаўшы КСУП “Чырвоны баец”, мы ўбачылі ажыўленасць на палях, хуткі тэмп працы. Адчуваецца, што механізатары імкнуцца не выпусціць каштоўны час, паколькі вясновы дзень — асноватворны.

Юлія ЗАВІШАВА. Фото Максима МИКЕШИНА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.