Кіраўшчына — край спартыўных традыцый

Спартыўнае жыццё і фізкультурны рух заўсёды з’яўляліся адной з візітных картак Кіраўшчыны. Усё часцей і часцей незалежна ад роду заняткаў і ўзросту кіраўчане становяцца
ўдзельнікамі масавага фізкультурна-аздараўленчага руху ў раёне. І вось высокая ацэнка: у абласным спаборніцтве сярод гарадоў і раёнаў Магілёўскай вобласці па развіцці фізічнай культуры, спорту і турызму за 2018 год Кіраўскі раён заняў першае месца!

У гэты поспех увайшлі многія паказчыкі. Гэта і правядзенне разнастайных спартыўных мерапрыемстваў, спаборніцтваў з удзелам як школьнікаў, так і дарослых непасрэдна ў раёне, і ўдзел каманд і асобных прадстаўнікоў у абласных, рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтвах і многае іншае.

Далёка не кожны раён можа пахваліцца такой колькасцю наладжваемых фізкультурных спаборніцтваў, святаў, мерапрыемстваў, якія право­дзяцца на Кіраўшчыне і ахопліваюць вялікую коль­касць удзельнікаў. Насычанае спартыўнае жыццё ў школьнікаў, якія на працягу навучальнага года ўдзельнічаюць у дзвюх спартакіядах — школьнай і па месцы жыхарства. Для калектываў фізічнай культуры арганізацый, прадпрыемстваў і ўстаноў арганізавана свая спартакіяда.

Многія спартыўныя мерапрыемствы сталі добрымі традыцыямі і праводзяцца пастаянна. Ужо 50 разоў на Кіраўшчыне праходзіў Мемарыял Героя Савецкага Саюза, Героя Сацыялістычнай Працы К.П.Арлоўскага па веласіпедным спорце, дзе ў велагонках прымаюць удзел мацнейшыя гоншчыкі краіны. Папулярнасцю ў кіраўчан карыстаецца велапрабег па вуліцах райцэнтра “За здароўем — на веласіпедзе!”. Зімой аматары лыжных гонак збіраюцца на “Кіраўскую лыжню”. Прыхільнікі бегу выяўляюць мацнейшых у традыцыйных кросах на Кубак раённай газеты “Кіравец” і прызы прафсаюзных арганізацый, а таксама “Навагодняй мілі”. У Жылічах штогод праходзіць міні-футбольны турнір памяці воіна-інтэрнацыяналіста Аляксандра Ядлоўскага.

Самай паспяховай сярод усіх каманд вобласці лічыцца зборная Кіраўшчыны на спартакіядах сярод сельскіх раёнаў Магілёўскай вобласці, холдынгаў, аб’яднанняў, арганізацый і кіраўнікоў аграпрамысловага комплексу. Практычна заўсёды кіраўчане знаходзяцца ў ліку прызёраў. Летась яны заваявалі другое месца на зімовай і сталі пераможцамі на летняй спартакіядах. Дарэчы, і сёлета яны змаглі ўзяць “срэбра”.

Каманда “Кіраўск-ДЮСШ” па пляжным футболе з’яўляецца мацнейшай на Магілёўшчыне. Летась нашы пляжнікі занялі высокія чацвёртыя месцы ў чэмпіянаце і Кубку Рэспублікі Беларусь.

Шмат узнагарод заваявалі выхаванцы СДЮШАР і вучні школ раёна. Веласіпедысты сталі лепшымі на абласных спартакіядах школьнікаў і сярод ДЮСШ, Алімпійскіх днях моладзі. Чацвёра нашых прадстаўнікоў у саставе зборнай вобласці сталі сярэбранымі прызёрамі на рэспубліканскіх спаборніцтвах па выкананні нарматываў праграмы дзяржаўнага фізкультурна-аздараўленчага комплексу Рэспублікі Беларусь. Выхаванцы аддзялення цяжкай атлетыкі сталі першымі на абласной спартакіядзе школьнікаў, трэцімі — на Алімпійскіх днях моладзі. Валейбольная каманда дзяўчат заняла 2 месца на абласной спартакіядзе школьнікаў і трэцяе — на абласной спартакіядзе сярод ДЮСШ. І гэта далёка не поўны пералік. Наогул па выніках абласной спартакіяды школьнікаў сярод каманд раёнаў Магілёўскай вобласці наш раён заняў 3 месца. Ёсць спартыўныя дасягненні ў кіраўчан і сёлета.

Нельга не адзначыць поспехі нашых землякоў — былых выхаванцаў СДЮШАР, якія займаюцца прафесійным спортам і ўжо дасягнулі выдатных рэзультатаў. Адразу 18 спартсменаў уваходзяць у саставы нацыянальных зборных Беларусі розных узростаў. Да выступленняў на ІІ Еўрапейскіх гульнях зараз рыхтуюцца велагоншчыкі Раман Цішкоў, Канстанцін Бяляўскі і Аксана Салаўёва і пляжныя футбалісты Вадзім Бокач, Юрый Пятроўскі і Арцемій Дрозд.

Трэба адзначыць, што фізкультура і спорт на Кіраўшчыне дынамічна развіваюцца дзякуючы плённай і зладжанай рабоце цэлай каманды аднадумцаў — трэнераў, метадыстаў, выкладчыкаў фізічнай культуры і здароўя. Дзейнасць СДЮШАР накіроўвае дырэктар Сяргей Клімовіч. Належным чынам арганізоўваюць работу трэнеры Юрый Цішкоў, Сяргей Лазаковіч, Валерый Галомзік, Павел Белахвостаў, Кірыл Іваніцкі, Андрэй Асташоў, Тамара Грыгор’ева, іншыя. На высокім узроўні наладжваюць фізкультурна-аздараўленчую работу ва ўстановах адукацыі настаўнікі Валерый Вароніч, Аляксандр Каранкевіч, Барыс Гаўрыленка, Сяргей Садоўнікаў, Аляксандр Якавец, Уладзімір Лугін, Алена Яскевіч і іншыя. Усім работнікам фізічнай культуры і спорту раёна ёсць чым ганарыцца і ёсць падставы з добрым настроем сустрэць прафесійнае свята.
Аляксандр ХАХЛОЎ.

Фота носіць ілюстрацыйны характар

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.