Мы — разам, і ў гэтым наша шчасце!

Сям’я — у кожнага чалавека гэтае слова выклікае цёплыя і пяшчотныя асацыяцыі. Менавіта ў сям’і пачынаецца станаўленне дзіцяці як асобы, а бацькі вучаць сыноў і дачок любіць сваю малую радзіму, паважаць дарослых, праяўляць клопат пра тых, хто мае ў гэтым патрэбу. Так яно павінна і быць — лічаць і па такім прынцыпе выхоўваюць сваіх дзяцей Аляксандр і Ірына Шэпітавы з аг.Баравіца.

Пераступіўшы парог іх утульнага дома, адразу чую звонкі дзіцячых смех, і перад маімі вачыма ўзнікаюць трое хлопчыкаў. Як і належыць выхаваным дзецям, яны вежліва вітаюцца … і адразу пачынаюць сябе прадстаўляць, а таксама знаёміць са сваёй хатняй жывёлай, сярод якіх — шыншылы, сабакі, каты і маміна захапленне — рыбкі ў акварыўме. Затым усе ўладкоўваемся на канапе і пачынаем нашу размову.

Ірына і Аляксандр пазнаёміліся ў 2007 годзе. У свой час дзяўчына па размеркаванні была накіравана на работу ў магазін в.Боркі, адкуль родам Аляксандр. Маладыя людзі адразу запрыкмецілі адзін аднаго, узнікла каханне. Праз два гады згулялі вяселле, а ў 2010 годзе ў Шэпітавых нара­дзіўся першы сынок Дзіма, у 2012 годзе з’явіўся Максім, а праз чатыры гады — малодшы Арцём.

Галава сям’і на той час працаваў у Баравіцы, таму маладыя і вырашылі ўладкоўваць жыццё ў гэтым аграгарадку. Праз некаторы час купілі дом, заняліся яго добраўпарадкаваннем. Да слова, аб тым, што Аляксандр сапраўдны гаспадар, старанны і працавіты, ужо можна было меркаваць толькі пад’ехаўшы да іх дома: сустрэў ён нас з будаўнічым інструментам у руках — займаўся рамонтам плоту. Да таго ж, на двары — вялікая колькасць розных пабудоў, зусім хутка гаспадар плануе завяршыць будаўніцтва гаража. Паралельна Шэпітавы ўладкоўваюць жылыя пакоі ў доме. Расці працавітымі бацькі вучаць і сваіх сыноў. У кожнага з малых ёсць свае хатнія справы: хтосьці дапамагае маці прыбіраць у доме і гатаваць ежу, часцей за ўсё гэтым займаецца старэйшы Дзіма, а вось Максім і Арцём з задавальненнем завіхаюцца з татам па гаспадарцы. Клопатаў у Шэпітавых тут таксама хапае: дзве каровы, конь, свінні, куры і качкі, індыкі — хатняя жыўнасць, як вядома, патрабуе вялікіх штодзённых клопатаў. Калі ж удаецца знайсці вольны час, мужчынская палова Шэпітавых адпраўляецца на рыбалку: для таты гэта любімае хобі, дарэчы, сваё захапленне ён перадаў і сынам.

Аляксандр працуе на лесанарыхтоўчым участку “Скачок” Бабруйскага лясгаса пазменна, дзяку­ючы гэтаму ён шмат часу праводзіць з хлопчыкамі, вучыць іх розным мужчынскім прамудрасцям: як цвік забіць ці штосьці адрамантаваць. Малодшы Арцём, як і тата, вельмі любіць коней, нават сярод яго цацак іх вялікая колькасць. Ірына, якая працуе паляводам у СВК “Бераснёўскі”, як мнагадзетная маці мае дадатковы выхадны, які імкнецца таксама правесці з сям’ёй. Увогуле, па словах гаспадыні дома, яны выкарыстоўваюць любую магчымасць, каб пабыць разам, наведаць цікавыя і карысныя для развіцця рабят мерапрыемствы і месцы. Напрыклад, з задавальненнем прымаюць удзел у раённым свяце з нагоды Дня Перамогі, расказваюць рабятам аб гераічным мінулым нашага народа.

Калі размова пачалася аб дзецях, іх захапленнях і звычках, у вачах Ірыны і Аляксандра адразу ўспыхнулі агеньчыкі любові і пяшчоты. Пакуль размаўляла з бацькамі, не пачула ніводнага вокрыка, нават калі рабяты пачыналі гарэзнічаць, супакойвалі яны іх з усмешкай. Тое, што сыночкі — іх гонар і бясконцая любоў, было зразумела ўжо з першых слоў. Дзмітрый і Максім — выдатнікі вучобы, да таго ж, хлопчыкі — пастаянныя
ўдзельнікі практычна ўсіх праводзімых у Баравіцкай СШ школьных мерапрыемстваў, на іх рахунку — вялікая колькасць дыпломаў і грамат, якія бацькі дэманстравалі з гонарам. Рабяты з задавальненнем малююць, займаюцца музыкай. Маленькі Арцём пакуль асаблівых дасягненняў не мае, але таксама імкнецца, як і яго брацікі, усебакова развівацца. Варта адзначыць, што Ірына і Аляксандр і самі людзі актыўнай жыццёвай пазіцыі. Яны ва ўсім падтрымліваюць сваіх дзяцей: разам удзельнічаюць у конкурсах і спартыўных спаборніцтвах, на рахунку Шэпітавых — 2-е месца ў раённым туры першага этапа рэспубліканскага конкурсу “Сям’я года” — “Мнагадзетная сям’я-2019”.

Са станоўчага боку характарызуе Ірыну і тое, што жанчына, нягледзячы на клопаты аб сваёй сям’і і дзецях, знаходзіць час, каб падарыць часцінку сябе і сваёй любові малышам, якія па розных прычынах засталіся без бацькоўскай апекі. Шэпітавы з’яўляюцца членамі Бабруйскага грамадскага аб’яднання “Планета дзяцінства” і разам з іншымі ўдзельнічаюць у дабрачынных мерапрыемствах і акцыях, праводзімых у школах, сацыяльных прытулках, бальніцах на тэрыторыях Бабруйска і суседніх раёнаў, займаюцца зборам гуманітарнай дапамогі для рабят.

Па словах Ірыны, кожны раз пасля наведвання дзіцячай бальніцы ці прытулка, дзе дапамагае даглядаць дзетак, размаўляе з імі, імкнецца кожнага акружыць любоўю, яна вяртаецца дадому са змешанымі пачуццямі: з аднаго боку — радуецца, што на некаторы час здолела зрабіць жыццё маленькіх хлопчыкаў і дзяўчынак больш яркім і цёплым, а з другога — цяжка ўсведамляць, што не ўсе дзеці маюць магчымасць расці ў сям’і, штодня адчуваць бясконцую любоў і падтрымку мамы і таты…

Што тычыцца сваіх сыноў, то Ірына і Аляксандр мараць, каб яны выраслі дастойнымі людзьмі, добразычлівымі, каб па жыцці не разгубілі ўсё тое лепшае, што яны імкнуцца ім прывіць з дзяцінства…

Людміла СЯМЁНАВА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.