Яркія эмоцыі, высокія пачуцці!

Яркія, незабыўныя эмоцыі і самыя прыемныя ўспаміны засталіся ад наведвання ўрачыстай цырымоніі адкрыцця II Еўрапейскіх гульняў на сталічным стадыёне “Дынама”. Гэта было маштабнае, ні з чым не параўнальнае шоу, якое выклікала, у першую чаргу, вялікі гонар за сваю краіну.

Яшчэ на падыходзе да стадыёна адчуваўся святочны настрой: вакол — банеры і білборды з сімволікай мультыспартыўнага форуму, сувеніры ў гандлёвых палатках, шчырая ўсмешка сімвала Еўрагульняў — лісёнка Лесіка. Паўсюдна — валанцёры, якія добразычліва віталі ўсіх, хто спяшаўся да галоўнай арэны, адказвалі на пытанні, тлумачылі, як знайсці патрэбны сектар, рад, месца. Камфортна адчувалі сябе і замежныя госці, мяркуючы па іх шчырых усмешках і добрым настроі.
На кожным месцы трыбун стадыёна гледачоў чакалі прыемныя сюрпрызы — ярка-жоўтыя рукзачкі, у якіх былі сувеніры з сімволікай Еўрагульняў, браслеты, якія падчас шоу свяціліся, з’ядноўваючы ўсіх, дапаўняючы фейерверкі і маляўнічае дзейства. Між іншым, былі ў рукзачках і клапатліва пакла­дзеныя туды дажджавікі.
Перад афіцыйным пачаткам цырымоніі з прысутнымі павялі размову тэлевядучыя Дзяніс Кур’ян і Марына Грыцук: яны расказалі, як карыстацца браслетамі, як скачаць спецыяльны мабільны дадатак Opening Ceremony AR Minsk, каб потым з яго дапамогай “ажывіць” дапоўненую рэальнасць, якую стварылі аўтары сцэнарыя. Інтрыга захапляла, і ўсе з нецярпеннем чакалі старту ў галоўнае для краіны спартыўнае мерапрыемства года. І разам з вядучымі і валанцёрамі весела рэпетыравалі, як рабіць дружную “хвалю”, вітаючы герояў спорту, выконваць танцавальныя рухі пад вядомую “Купалінку”…
І вось на дарожцы стадыёна — лёгкаатлетка Вольга Мазуронак і Алімпійскі чэмпіён па грэблі на каноэ Аляксандр Багдановіч: уражваючы фейерверк па акружнасці стадыёна, і цырымонія пачынаецца!
Бязмерны гонар апанаваў, калі на стадыён дзеці ў нацыянальных беларускіх касцюмах вынеслі палотнішча Дзяржаўнага флага Рэспублікі Беларусь і перадалі яго роце ганаровага каравула. І вось праз некаторы час флаг горда залунаў над трыбунамі.
Вялікае ўражанне зрабіў парад атлетаў па спартыўнай арэне: калоны дэлегацый
50-ці краін-удзельніц крочылі ўздоўж трыбун, іх апладысментамі, прывітаннямі сустракалі ўсе прысутныя. Шквал авацый падарылі гледачы беларускай дэлегацыі. Над трыбунамі неслася дружнае “Беларусь!”. Было прыемна, што ў саставе калоны — нашы кіраўчане Раман Цішкоў, Аксана Салаўёва, Вадзім Бокач, Юрый Пятроўскі, а таксама бабруйчанін Кірыл Магалецкі, які іграе за ПФК “Кіраўск-СДЮШАР”.
Шчырай была прывітальная прамова Кіраўніка нашай дзяржавы А.Р.Лукашэнкі, якая ў каторы раз дала падставу ганарыцца за сваю родную Айчыну. А таксама гістарычны экскурс, зроблены ў сівую мінуўшчыну, які падкрэсліў нашу беларускую ідэнтычнасць.
Не перадаць словамі ўсе хвалюючыя і заварожваючыя моманты спартыўнага свята, якое аб’яднала шматлікіх суайчыннікаў і гасцей.
На суседніх з намі месцах сядзела сямейная пара з Велікабрытаніі: нягледзячы на рознасць моў, агульная мова была знойдзена, і мы разам горача віталі дэлегацыі, узнімаліся пад Дзяржаўны гімн нашай краіны і Гімн Еўрагульняў. Увогуле на трыбунах панавала сяброўская атмасфера.
Цудоўным падарункам стала выступленне зоркі сусветнай сцэны, опернай спявачкі Ганны Нятрэбка.
Безумоўна, вельмі ўразілі ўсе тэхнічныя навінкі, прымененыя пры падрыхтоўцы шоу, гэта можна было ацаніць і гледзячы цырымонію на экранах тэлевізараў.
І вось знакамітыя беларускія спартсмены праносяць па дарожцы стадыёна “Полымя міру”, якое, пачаўшы шлях з Рыма, пераадолела больш за 7 тысяч кіламетраў, іх эстафета завяршаецца запальваннем агню II Еўрапейскіх гульняў на чашы стадыёна, выкананай у выглядзе папараць-кветкі.
Еўрагульні пачалі свой шлях, і ўжо першыя дні спаборніцтваў выявілі лепшых…
Наталля ХАДАКОВА.
Фота БелТА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.