Галоўнае свята краіны
Напярэдадні Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь (Дня Рэспублікі) мы звярнуліся да жыхароў раёна з просьбай падзяліцца думкамі, што для іх азначае гэтае свята.
Валянціна КЛІМОВІЧ, аператар машыннага даення ААТ “Рассвет імя К.П.Арлоўскага”, Ганаровы грамадзянін Кіраўскага раёна, узнагароджана ордэнам Пашаны, медалём “За працоўныя заслугі”:
— Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь — галоўнае свята для кожнага жыхара нашай краіны. Усе мы ведаем, якой цаной дасталася нашаму народу перамога ў Вялікай Айчыннай вайне, і вельмі сімвалічна, што мы адзначаем гэтае свята ў дзень вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Дзякуючы нашым бацькам і дзядам мы атрымалі мірны час, у якім жывем вось ужо 75 гадоў. Наша задача — зберагаць яго, працаваць на карысць роднага краю. Сёння для гэтага ёсць усе магчымасці.
Ганаруся тым, што таксама ўношу свой уклад у развіццё аграпрамысловага комплексу Кіраўшчыны, а гаспадарка, у якой я працую, з года ў год займае
лідзіруючыя пазіцыі на ўзроўні раёна, вобласці. Дарэчы, ААТ “Рассвет імя К.П.Арлоўскага” сёлета адзначае юбілей — 75 гадоў з дня заснавання. А ў хуткім часе я буду адзначаць свой 60-ы дзень нараджэння. Вось як сышліся знамянальныя для мяне даты.
Напярэдадні Дня Незалежнасці настрой святочны і хвалюючы. Мы жывем у свабоднай, незалежнай краіне, маем упэўненасць у заўтрашнім дні. І вельмі ўдзячныя тым, хто адстаяў для нас мір.
_________________
Вольга БЕГУНОВА, маці пяцёра дзяцей, узнагароджаная ордэнам Маці, аг.Мышкавічы:
— Безумоўна, для кожнага беларуса Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь — асаблівае свята. Сімвалічна, што яно супадае з днём вызвалення нашай краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Нягледзячы на тое, што нарадзілася я ў Казахстане, а ў Беларусь прыехала ў 6-гадовым узросце, люблю гэтую краіну, а Кіраўшчыну лічу сваёй малой радзімай. Тут я скончыла школу, атрымала прафесію, стварыла сям’ю і нарадзіла пяцёра цудоўных дзетак.
Гледзячы на тое, што ў многіх краінах адбываюцца ваенныя канфлікты, вельмі радуюся міру і спакою, якія пануюць у нашай Беларусі. Мы штодня ходзім на работу, забяспечваючы сваім малышам дастойнае жыццё, а яны наведваюць дзіцячы садок, школу, развіваюцца, займаюцца ў розных гуртках і секцыях. А ўвечары мы збіраемся ўсе разам, абмяркоўваем нашы справы, марым пра будучыню. Усё гэта магчыма, калі ты жывеш у свабоднай і незалежнай краіне, калі чалавеку гарантуюцца яго правы.
Наша краіна вельмі прыгожая, яна ў многіх асацыіруецца з сінімі азёрамі, зялёнымі лясамі, бясконцымі хлебнымі прасторамі, блакітнымі валошкамі і, канешне ж, бусламі. А яшчэ — гэта чысціня і прыгажосць нашых гарадоў і вёсак, працавітыя шчырыя людзі, упэўненасць у заўтрашнім дні.
У віхуры штодзённых клопатаў мы часта не заўважаем акружаючую нас прыгажосць малой радзімы, не разумеем у поўнай меры, якое гэта шчасце — жыць пад мірным небам. Мы павінны ўсё гэта берагчы дзеля нашых дзяцей, дзеля іх шчаслівай будучыні!