Газета “Звязда”: наш агульны беларускі дом атрымаўся моцны, і за яго не сорамна перад суседзямі — Леанід Заяц

Газета “Звязда”: наш агульны беларускі дом атрымаўся моцны, і за яго не сорамна перад суседзямі — Леанід Заяц

Магілёўская вобласць значна пацярпела ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, але змагла пераадолець звязаныя з гэтым цяжкасці і сёння дынамічна развіваецца. Больш падрабязна пра становішча гэтага рэгіёна і яго дасягненні — у размове са старшынёй Магілёўскага аблвыканкама Леанідам Зайцам. 

— Леанід Канстанцінавіч, цягам прынамсі апошняй чвэрці стагоддзя да Магілёўшчыны асаблівая ўвага, паколькі ўраджэнец вобласці стаў Прэзідэнтам суверэннай Беларусі. Якія змены адбыліся ў рэгіёне за гэты час, ці ўдаецца адпавядаць такому статусу?

— Што да першай часткі пытання, то тут я не магу цалкам пагадзіцца. Безумоўна, увага існуе — з боку кіраўніка дзяржавы, з боку ўрада. Увага вялікая, Але наўрад ці яе больш, чым да іншых рэгіёнаў нашай краіны. Жыхары вобласці ганарацца, што іх зямляк — першы Прэзідэнт Беларусі, і гэта накладае пэўную адказнасць. Трэба адпавядаць. Нельга, каб малая радзіма беларускага лідара была ў аўтсайдарах. Але праблем насамрэч хапае, у прыватнасці, у эканоміцы. Праблемы вырашальныя, і над належным вырашэннем мы працуем.

Калі казаць пра змены за апошнія 25 гадоў, то, пагадзіцеся, цалкам відавочна — наша краіна, і Магілёўская вобласць не выключэнне, зрабілі вялікі крок, а то і некалькі крокаў наперад. Адбыліся каласальныя змены абсалютна ва ўсіх сферах жыцця. Упэўнены, палітычныя падзеі 1994 года сталі адлікам новай гісторыі нашага народа. Беларусы абралі свой уласны шлях развіцця — жыць сваім розумам і сваёй працай. Нагадаю, што мы адзіныя з былых рэспублік СССР не пайшлі на вар’яцкую прыватызацыю, стварылі стабільную эканоміку, захавалі сацыяльна арыентаваную мадэль дзяржавы. Мы пайшлі шляхам эвалюцыі. Самае галоўнае — змяніліся людзі. Беларусы сталі больш прадпрымальнымі, дысцыплінаванымі, мы пачалі больш пяшчотна ставіцца да сваёй зямлі, з пашанай ставімся да гісторыі і будуем уласную будучыню. Можна шмат казаць пра змены ў эканоміцы, грамадстве. Падаецца, што не хопіць месца ў вашай газеце, якую, дарэчы, я рэгулярна чытаю.

— Новы імпульс у развіцці сямі паўднёва-ўсходніх раёнаў Магілёўшчыны павінен быў надаць Указ № 235. Наколькі паспяхова ідзе яго рэалізацыя?

— Гэта вельмі важны дакумент, які павінен быў даць штуршок у развіцці сямі раёнаў — Клімавіцкага, Касцюковіцкага, Краснапольскага, Крычаўскага, Слаўгарадскага, Чэрыкаўскага і Хоцімскага. Нагадаю, указ прадугледжвае значныя льготы для інвестараў, перадумовы для развіцця бізнесу, стварэння новых рабочых месцаў і росту дабрабыту людзей. За чатыры гады ў гэтых раёнах былі створаны 189 новых камерцыйных арганізацый. На новых прадпрыемствах і вытворчасцях працаўладкавана амаль дзве тысячы чалавек. Сярод найбольш буйных праектаў трэба адзначыць завод па вытворчасці цэментава-стружкавых пліт у Крычаўскім раёне, фотаэлектрычныя станцыі па выпрацоўцы электрычнай энергіі ў Чэрыкаўскім раёне. Беларускі цэментны завод і «Крычаўцэментнашыфер» ажыццявілі буйны праект па мадэрнізацыі вытворчых ліній. Улічваючы, што паўднёва-ўсходні рэгіён вобласці мае ў асноўным сельскагаспадарчую спецыялізацыю, асаблівую ўвагу аддаём пытанням развіцця аграрнага сектара. Напрыклад, у Слаўгарадскім раёне зараз завяршаецца будаўніцтва свінагадоўчага комплексу праектнай магутнасцю ў 24 тысячы галоў штогод. Гэта будзе высокатэхналагічнае і канкурэнтаздольнае прадпрыемства, дзякуючы якому Магілёўскі мясакамбінат здолее выйсці на новы ўзровень — істотна павялічыць аб’ёмы вытворчасці і рэнтабельнасць. Акрамя гэтага, у паўднёва-ўсходніх раёнах вобласці актывізавалася будаўніцтва жылля, уведзены ў строй новыя фізкультурна-аздараўленчыя комплексы ў Касцюковічах і Краснаполлі.

Але казаць пра абсалютны поспех дзеяння ўказа зараз, на жаль, не прыходзіцца. Прэферэнцыі, якія мы можам прапанаваць інвестарам у гэтым рэгіёне, не адрозніваюцца і нават саступаюць тым, што прапануюць рэзідэнтам свабодных эканамічных зон. Таму буйныя інвестары аддаюць перавагу абласным цэнтрам і прылеглым да іх раёнам. Для інвестара сёння прывабныя не толькі льготы, але і створаная інфраструктура, доступ да рэсурсных крыніц, у тым ліку і працоўных. Разам з тым мы працягваем работу па стварэнні прывабных умоў для інвеставання ў паўднёва-ўсходні рэгіён і павышэнні ўзроўню і якасці жыцця яго жыхароў.

— Інвестыцыі і новыя рабочыя месцы — прыярытэтныя кірункі ў развіцці любога грамадства. Як з гэтым на Магілёўшчыне? Ці ахвотна ўкладаюцца грошы і ў якія сферы непасрэдна?

— Сапраўды, як для краіны, так і для Магілёўскай вобласці, у прыватнасці, прыцягненне інвестыцый — адзін з галоўных прыярытэтаў. І тут у рэгіёне назіраецца станоўчая дынаміка. Напрыклад, летась на развіццё эканомікі і сацыяльнай сферы Магілёўшчыны з усіх крыніц фінансавання было выдаткавана больш за паўтара мільярда рублёў інвестыцый у асноўны капітал. Ёсць зацікаўленасць і з боку нашых замежных партнёраў. Толькі за першы квартал гэтага года мы прыцягнулі 100 мільёнаў долараў замежных інвестыцый. Лічбы насамрэч неблагія. Але заўсёды ёсць жаданне, каб яны былі яшчэ вышэйшыя. І перадумовы існуюць. Галоўнае — гэта добры інвестклімат, які створаны ў нашай дзяржаве. Добрай рэкламай Магілёўшчыне служаць ужо дзеючыя праекты, якія паспяхова рэалізуюцца. Яны паказваюць прыклад — тут можна рабіць бізнес, сюды трэба ўкладваць грошы. Напрыканцы чэрвеня ў Магілёве прайшоў Міжнародны інвестыцыйны форум «Млын поспеху». Да нас прыехалі прадстаўнікі бізнес-колаў з 20 краін свету. На форуме мы падпісалі пакет пагадненняў больш чым на 170 мільёнаў долараў. А за іх рэалізацыяй стаіць стварэнне 650 новых рабочых месцаў. Цяпер у вобласці ідзе рэалізацыя некалькіх сур’ёзных інвестпраектаў. Маштабная мадэрнізацыя працягваецца на «Магатэксе» і шклозаводзе ў Ялізаве, узбуйняецца цяплічная гаспадарка ў Бабруйску, у Бялыніцкім раёне ідзе стварэнне даволі буйнога аграпрадпрыемства па вытворчасці збожжа і дацкай беконнай свініны. Дарэчы, гэтая ж кампанія плануе пабудаваць аналагічнае прадпрыемства і ў Крычаўскім раёне.

— Сельская гаспадарка Магілёўшчыны грунтуецца на развіцці буйнатаварнай вытворчасці, стварэнні аграхолдынгаў. З іншага боку — у рэгіёне яшчэ з 1990-х ствараюцца фермерскія гаспадаркі, шэраг з якіх знайшлі сваю нішу і сталі высокарэнтабельнымі прадпрыемствамі. У чым, на ваш погляд, эфектыўная формула развіцця АПК для вобласці?

— У першую чаргу эфектыўнасць залежыць ад выканання тэхналогіі і гаспадарскага падыходу да справы. А залежнасць рэнтабельнасці ад таго, якая форма ўласнасці гаспадаркі — дзяржаўная ці прыватная, — насамрэч прыдуманая. Мы маем шмат прыкладаў, калі калгас працуе вельмі паспяхова і калі фермер ледзьве зводзіць канцы з канцамі. І наадварот. Як гаворыцца, кадры вырашаюць усё.

У пяцігадовай праграме развіцця краіны вызначаны найбольш важныя кірункі развіцця АПК. У тым ліку праз стварэнне холдынгаў — аб’яднанні гаспадарчых суб’ектаў. Такі курс павінен вырашыць асноўныя задачы: павышэнне эфектыўнасці аграрнай вытворчасці і дабрабыту работнікаў. Гэтага можна дасягнуць за кошт прымянення карпаратыўнай сістэмы кіравання, распрацоўкі ўзгодненай фінансавай і вытворчай палітыкі, пераходу да прынцыпова новай сістэмы матывацыі кіраўнікоў і работнікаў прадпрыемстваў па выніках працы. Буйнатаварныя гаспадаркі — гэта, у першую чаргу, замкнёны цыкл вытворчасці — ад поля да крамы. Гэта вытворчасць не сыравіны, а гатовай прадукцыі з высокай дабаўленай вартасцю.

У той жа час дзяржава падтрымлівае і фермерскія гаспадаркі. Дапамога аказваецца юрыдычная і фінансавая. Летась са сродкаў бюджэту фермерам было выплачана 400 тысяч рублёў субсідый. Тых, хто жадае працаваць на зямлі, становіцца больш. Цяпер у рэгіёне зарэгістравана амаль паўтысячы фермерскіх гаспадарак. Але аддача пакуль не ўражвае. Доля фермераў у агульным аб’ёме вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі ўсяго 2,3 працэнта. Лічба нязначная. Але і ў гэтым сектары ёсць свае лідары, якія сталі арыенцірамі для іншых. Узяць, напрыклад, фермерскую гаспадарку «Дыяна» ў Шклоўскім раёне, якая спецыялізуецца на вырошчванні бульбы. Рэкордная ўраджайнасць, сучасныя сховішчы і тэхніка, годны заробак работнікаў… Большасць прадукцыі ідзе на экспарт. Гаспадарка зарабляе валюту. Там працуе вельмі пісьменны і вопытны кіраўнік Уладзімір Маліноўскі. Гэта зноў пацвярджае меркаванне, што гаспадарскі падыход — ключавы фактар поспеху.

— Адзін з флагманаў сельскагаспадарчай адукацыі ў краіне — Беларуская сельскагаспадарчая акадэмія, гэта насамрэч і буйны навукова-практычны цэнтр. Наколькі дзейсна яна дапамагае АПК у плане кадраў і ўкаранення найноўшых напрацовак? Як развіваецца альма-матар Прэзідэнта — Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт? І ўвогуле, наколькі аператыўна і якасна рэагуюць адукацыйныя ўстановы вобласці на патрэбу дзяржавы ў неабходных спецыялістах?

— Маштабнае пытанне, але паспрабую адказаць коратка і ёміста. Калі гаворым пра Горацкую сельскагаспадарчую акадэмію, то безумоўна, гэта флагман у падрыхтоўцы кадраў для АПК. Штогод акадэмія выпускае больш за 2000 высокакваліфікаваных спецыялістаў. Выпускнікі БДСГА складаюць аснову кадравага забеспячэння сельскай гаспадаркі краіны. Сёння акадэмія — гэта навуковы цэнтр з шырока развітой інфраструктурай і сучаснай матэрыяльна-тэхнічнай базай. Горацкія вучоныя рэгулярна праводзяць навучальныя семінары, даследаванні і маніторынгі ў гаспадарках, даюць аграрыям каштоўныя рэкамендацыі, распрацоўваюць інавацыйныя тэхналогіі для земляробства і жывёлагадоўлі. Напрыклад, распрацаваная ў акадэміі праграма «Канструктар рацыёнаў кармлення» ўжо ўстаноўлена больш чым у 100 гаспадарках краіны. Яна прызначана для выбару аптымальнай камбінацыі кармоў і дабавак для буйной рагатай жывёлы. У аснове праграмы — інтэлектуальная матэматычная працэдура аптымізацыі, якая ўлічвае вагу, узрост, стан здароўя жывёлы, іншыя фактары і складае аптымальны для яе рацыён. І гэта толькі адзінкавы прыклад эфектыўнага супрацоўніцтва аграрнай навукі і вытворчасці.

Што да Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Куляшова, то сёння гэтая ВНУ — галоўны адукацыйны навукова-метадычны цэнтр сістэмы адукацыі Магілёўскай вобласці. Фундаментальныя і прыкладныя даследаванні на пярэднім краі сучасных навуковых ведаў: электроніка і фатоніка, лазерна-аптычная дыягностыка, экалогія і прыродакарыстанне, аграэкатурызм, шэраг даследаванняў у галіне матэматыкі, фізікі, хіміі, інфармацыйных тэхналогій. Таксама навукоўцы ўдзельнічаюць у дзейнасці па ўдасканальванні адукацыйных праграм і стандартаў. А з улікам узнікаючых патрэб ва ўніверсітэце карэктуюць набор абітурыентаў і адкрываюць падрыхтоўку па новых спецыяльнасцях. Так, напрыклад, налета тут пачнуць рыхтаваць праграмістаў і біёлагаў-аналітыкаў.

Тое ж датычыцца і іншых нашых вышэйшых навучальных устаноў. У Беларуска-расійскім універсітэце і Магілёўскім універсітэце харчавання таксама гібка рэагуюць на патрэбы рынку працы.

— Сёлета значная доля абласнога бюджэту выдзяляецца на ўмацаванне медыцынскай базы вобласці. Наколькі адчувальна атрымліваецца мадэрнізаваць гэтую галіну? У зборы сродкаў для рэканструкцыі Бабруйскай дзіцячай бальніцы ўдзельнічалі і насельніцтва, і дэпутаты, і дзяржава. Якія дзеянні будуць адбывацца сёлета на гэтым аб’екце?

— Спадзяюся, нам многае ўдасца зрабіць у гэтым кірунку. Здароўе людзей заўсёды павінна быць у прыярытэце дзяржавы. Сродкі на ўмацаванне медыцынскай базы сапраўды выдзяляюцца вельмі істотныя — амаль 20 мільёнаў рублёў. Грошы пойдуць на бягучы і капітальны рамонт устаноў аховы здароўя, а таксама на набыццё медабсталявання. На гэты год у нас запланаваны шэраг важных аб’ектаў. У Асіповічах будзе завершана будаўніцтва тэрапеўтычнага корпуса раённай бальніцы. Упэўнены, дзякуючы гэтаму медыцынская дапамога ў раёне выйдзе на новы якасны ўзровень. Таксама сёлета завершацца работы па рэканструкцыі радзільнага дома ў Магілёўскай гарадской бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі. Рэканструкцыя доўгачаканая. Ранейшыя ўмовы для маладых маці і акушэраў былі, мякка кажучы, кепскімі. Цяпер там будуць прасторныя і ўтульныя палаты і сучаснае медыцынскае абсталяванне — усё, каб роды і знаходжанне маці і немаўлят у радзільні былі максімальна спакойныя і камфортныя.

Яшчэ адзін вельмі важны аб’ект — лячэбны корпус дзіцячай бальніцы ў Бабруйску. Яго рэканструкцыя ідзе поўным ходам, плануецца завяршэнне работ у лістападзе наступнага года. Рэканструкцыя сапраўды маштабная. Гэта і ўсталяванне новага даху, новых вокнаў, і ўцяпленне сцен. Праводзяцца вялікія ўнутраныя работы, цалкам ідзе замена сістэм ацяплення, электрычнасці, водазабеспячэння, каналізацыі. Па сутнасці, гэта будзе новы будынак. Фінансаванне ідзе з розных крыніц. На 2019 год дзяржава выдаткавала 2,5 мільёна рублёў. Таксама паступаюць сродкі з дабрачыннага рахунку. На сёння людзі сабралі больш за 300 тысяч рублёў. Дапамагаюць усе — працоўныя калектывы, прадпрымальнікі, дэпутаты і звычайныя людзі. Гэта пацвярджае кансалідаванасць нашага грамадства, гатоўнасць людзей рабіць добрую справу.

У Магілёве ёсць патрэба ў будаўніцтве паліклінікі ў буйным мікрараёне Казіміраўцы, а таксама ў будаўніцтве кардыяхірургічнага корпуса ў абласной бальніцы. Там ёсць выдатныя прафесіяналы, якія гатовы праводзіць аперацыі на сэрцы любой складанасці. Але не хапае аперацыйных. Пытанне сур’ёзнае, і мы маем цвёрды намер вырашыць яго станоўча. Абодва аб’екты дадаткова ўключаны ў інвестыцыйную праграму на 2019 год, хутка пачнём будаўніцтва.

Увогуле лічу, што сучасная айчынная медыцына развіваецца добрымі тэмпамі і знаходзіцца на вельмі высокім узроўні. У нашым рэгіёне створана цудоўная лячэбна-дыягнастычная база, якая дазваляе ўкараняць найноўшыя метады дыягностыкі і лячэння. Але, безумоўна, галоўнае ў нашай медыцыне — высокапрафесійныя спецыялісты: урачы і іх памочнікі.

— Турыстычны патэнцыял вобласці дае магчымасць папулярызаваць сваю спадчыну, прывабліваць вялікую колькасць людзей, заводзіць карысныя сувязі. Але не заўсёды на гэта знаходзяцца сродкі. Як даводзіцца выходзіць з сітуацыі? На што ў першую чаргу выдзяляюцца грошы?

— Так, згодны з вамі. Жыхары Магілёўшчыны атрымалі добрую спадчыну. Вы ведаеце, большую частку жыцця я правёў у сталічным рэгіёне, але ў Магілёве адчуваю сябе нібы дома. Я люблю гэты прыгожы горад. Ён мае асаблівы шарм. І хацелася б, каб сюды прыязджала як мага больш турыстаў. Паказаць ёсць што. Цікавых і славутых месцаў багата. У тым ліку і новых. Напрыклад, у горадзе з’явілася паркавая зона ў Падміколлі. Многія магіляўчане ўжо называюць яе сваім любімым месцам адпачынку. Там зрабілі вялікую каскадную лесвіцу з фантанамі. Колькасць прыступак нават большая, чым у знакамітай Пацёмкінскай лесвіцы ў Адэсе. Я налічыў 250 прыступак. Заезд у Магілёў з боку Мінска цяпер упрыгожвае арка, накшталт тых, што ёсць у Берліне, Парыжы і Маскве. Гэтыя работы праведзены пераважна за бюджэтныя сродкі.

Акрамя эстэтыкі аддаецца ўвага і камфорту. Сёлета пачынаем будаўніцтва дубль-трасы, якая звяжа буйны раён Казіміраўку з праспектам Касманаўтаў. Магістраль вырашыць транспартную праблему вялікай часткі горада.

Безумоўна, аддаём увагу гісторыка-культурным каштоўнасцям. Паўмільёна рублёў сёлета будзе накіравана на рэстаўрацыю Жыліцкага палацава-паркавага ансамбля ў Кіраўскім раёне. Больш за тры мільёны рублёў будзе выдаткавана на рэстаўрацыю Свята-Пустынскага манастыра ў Мсціслаўскім раёне. Гэта толькі калі казаць пра буйныя праекты. Мы разумеем, што трэба больш актыўна праводзіць работу па прыцягненні інвестыцый у турыстычную сферу, укладаць грошы ў турыстычны маркетынг. У гэтай галіне мы маем вялікія рэзервы, і іх неабходна задзейнічаць. На жаль, сёння Беларусь ведаюць за мяжой недастаткова добра. У адносінах да нас там яшчэ шмат стэрэатыпаў. І правядзенне буйных міжнародных форумаў, якія нам давяраюць, гэта выдатны шанц змяніць сітуацыю. На Еўрапейскія гульні да нас завіталі тысячы гасцей з самых розных куткоў кантынента. Многія з іх былі ў Беларусі ўпершыню і аказаліся вельмі ўражаныя тым, што тут пабачылі, уражаныя людзьмі, з якімі пазнаёміліся. Яны прыедуць да сябе і будуць расказваць пра нашу краіну. І іншыя пажадаюць таксама прыехаць да нас. Таму спрыяе і бязвізавы рэжым. А наша задача сустрэць іх па-беларуску гасцінна, з адкрытай шчырай душой, паказаць сябе, сваю гісторыю і свае сучасныя дасягненні. Народная дыпламатыя — самая эфектыўная. А турыстычная прывабнасць — гэта імідж краіны і інвестыцыі. Таму, яшчэ раз падкрэсліваю, развіццё турыстычнай сферы — адзін з галоўных кірункаў работы дзяржавы.

— Тэме малой радзімы сёння аддаецца шмат увагі. Што менавіта вы ўкладаеце ў гэта паняцце?

— Нягледзячы на тое што даўно жыву ў горадзе, у душы я заўсёды быў вясковы чалавек. Мае карані ў вёсцы Гацук. Гэта на Случчыне. Там рабіў першыя крокі і прамовіў першыя словы. Там атрымаў бацькоўскае выхаванне. Якое б ні было складанае жыццё, маці з татам заўсёды дарылі сваю любоў і пяшчоту, вучылі працавітасці і годнасці, адрозніваць добрае ад дрэннага. Добра памятаю духмяны водар хатняга хлеба, смажанага сала і ні з чым не параўнаную калодзежную ваду. Гэта не настальгія па маленстве, а звычайная памяць сэрца. Лічу, што паняцце «малая радзіма» для ўсіх аднолькавае. І тое, што сёння мы ўдзяляем ёй шмат увагі, гэта цалкам натуральна і правільна. Пра свае карані трэба памятаць.

— Што для вас апошняя чвэрць стагоддзя?

— Гэта быў вызначальны час. 25 гадоў таму мы абралі свой курс развіцця. І гэтую чвэрць стагоддзя беларускі народ будаваў незалежную дзяржаву, дзяржаву для народа. Мы заклалі падмурак, зрабілі сцены, усталявалі дах, заняліся ўнутраным аздабленнем. Наш агульны беларускі дом атрымаўся моцны, ён стаіць трывала, і за яго не сорамна перад суседзямі. Зразумела, не ўсё было гладка, але складанасці, як вядома, толькі загартоўваюць. Я ганаруся, што таксама браў удзел у гэтым будаўніцтве — у гаспадарчай дзейнасці, на дзяржаўнай службе. На кожным участку, які мне давяралі, я намагаўся працаваць так, каб не было сорамна перад людзьмі і ў першую чаргу — перад самім сабой. Інакш нельга. 75 гадоў таму нашы бацькі, дзяды і прадзеды адстаялі для Беларусі свабоду, і мы — іх нашчадкі, — кожны на сваім участку, павінны зрабіць усё, каб наша краіна квітнела і надалей. Упэўнены, наш народ можа ганарыцца сучаснай Беларуссю.

«Звязда»

Последние новости

Общество

Аўтар першага беларускага рамана

28 марта 2024
В Комитете госконтроля

Проверили торговлю

27 марта 2024
Образование

Белая ладья

27 марта 2024
В стране и мире

Василевская на МКС приступила к выполнению исследовательской части полета

26 марта 2024
В стране и мире

Лукашенко о возможных провокациях: нарушили госграницу – к уничтожению

26 марта 2024
Общество

Профсоюзы: защищая и помогая

26 марта 2024
Общество

Порядок завершения осенне-зимнего периода

26 марта 2024
Прямая линия

Прямая телефонная линия

26 марта 2024
Общество

Заседание комиссии

26 марта 2024
Профилактика и безопасность

Движение по правилам – основа безопасности!

26 марта 2024

Рекомендуем

Актуально

В Кировске состоялось торжественное вручение паспортов

15 марта 2024
Общество

Быть гражданином Республики Беларусь – это большое счастье, высокая честь

15 марта 2024
Актуально

Сегодня состоялось совместное заседание президиума Кировского районного Совета депутатов и Кировского районного исполнительного комитета

19 марта 2024
Актуально

Кировск встречает весну

16 марта 2024
80-летие освобождение Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

В День памяти жертв Хатынской трагедии в Кировском районе состоялся автопробег

22 марта 2024
Актуально

В Кировске состоялось чествование победителей областного смотра-конкурса первичных организаций ветеранов органов внутренних дел и внутренних войск

22 марта 2024
В стране и мире

Состоялся телефонный разговор Лукашенко с гендиректором “Роскосмоса”

22 марта 2024
Общество

В ЦДОДиМ состоялся конкурс «Мисс детский сад-2024»

19 марта 2024