Лічуць плады па восені?.. У чарадзе палявых работ — рассветаўцы

Лічуць плады па восені?.. У чарадзе палявых работ — рассветаўцы

Прымаўка, якая добра вядомая кожнаму з нас, імкліва ўсплывае ў памяці. Сапраўды, так заўсёды лічылася: увосень зямля-карміцелька аддае пладамі вырашчаных ураджаяў, дзякуючы за працу сяльчан, якія рупліва шчыравалі на ёй. Але ж, калі разабрацца, не толькі па восені лічуць плады гэтай працы. Дбайныя гаспадары ўжо даўно напаўняюць засекі, клеці, паліцы. А тым больш, што сёлетняе не па-летняму “восеньскае” (такі вось “каламбур”) надвор’е прыспешвае да гатоўнасці і плады, і да “баявой” мабілізаванасці тых, хто над іх вырошчваннем працаваў. Палеткі і сад, ураджай сёлетні і клопаты пра наступны самай буйной гаспадаркі Кіраўшчыны — ААТ “Рассвет імя К.П.Арлоўскага” — у нашым рэпартажы.

На перадпасяўной падрыхтоўцы глебы старанна працуе Мікалай Белакурскі, кавалер ордэна Пашаны, узнагароджаны медалём “За працоўныя заслугі”

У гушчыні клопатаў, як заўсёды, знаходзяцца працаўнікі “Рассвета” дзе мы пабывалі заўчора. На вялізных гмахах умела арганізавана і кіпіць работа. Кожны на сваім участку ўласнымі намаганнямі імкнецца выканаць свае абавязкі і тым самым папоўніць як грамадскую касу сельгаставарыства, так і дабрабыт сваёй сям’і.

Камбайн — з поля…
Рассветаўцы аднымі з першых у раёне завяршылі ўборку збожжавых і зернебабовых культур. Як прайшло жніво, з якімі вынікамі — мы не маглі гэтую тэму не закрануць у размове з першым намеснікам дырэктара сельгаставарыства Аляксандрам Жылінскім.
— Уборку вырашчанага на хлебных палетках сёлета давялося праводзіць у няпростых умовах. Самі бачыце: ужо другі месяц рэдкі дзень абыходзіцца без дажджу. А перад гэтым каласы сонца падпаліла… Без стратаў не абышлося. Але ўсё ж, лічу, мы спрацавалі нядрэнна. З планавых 3540 га, якія былі адведзены пад збожжавыя і зернебабовыя, намалочана 12322 тоны. Сярэдняя ўраджайнасць — вышэйшая ў раёне — на круг намалочана па 35 цэнтнераў. Найбольш
урадзіла азімая пшаніца: 43 ц/га. Поўнасцю разлічыліся з дзяржпастаўкамі хлеба новага ўраджаю: на прыёмныя пункты першачаргова былі адпраўлены планавыя тоны збожжавых культур. Засыпана збожжа і для ўласных патрэб — на насенне, на фураж. І гэта яшчэ далёка не ўвесь каравай: калі дажджы перашкаджалі ўборцы збожжавых, то для кукурузы яны толькі паспрыялі і далі раслінам моц. З 3326 га плануем атрымаць салідны ўраджай “царыцы палёў”. Прычым з 766 га мяркуем намалаціць не менш 4 тыс. т зерня, астатняе пойдзе на сілас для зімоўкі грамадскага статка жывёлы.

…У баразну — плуг. І не толькі.
Адзвінела шпаркімі тэмпамі жніво, а ў сельгаставарыстве думкі спецыялістаў і радавых работнікаў ужо накіраваны на ўраджай наступнага года. І ад таго, як прадуктыўна спрацуе каманда сёння, будзе залежыць дзень заўтрашні. Механізатары аператыўна пераключыліся, зыходзячы з гэтага, і пераселі з-за штурвалаў збожжаўборачных камбайнаў на трактары з разнастайнымі агрэгатамі. У аптымальныя тэрміны распачалася сяўба азімых культур з усімі іншымі работамі, якія яе суправаджаюць. Як паведаміў Аляксандр Жылінскі, сёлета ў сельгаставарыстве патрэбна засеяць 2909 га з разлікам на атрыманне зерня і 765 га — на зялёны корм. У планах таксама на 780 га размясціць рапс. А наконт такой культуры, як свірэпіца, даведзенае заданне перавыканана: замест 118 га засеяна 137.
На рассветаўскіх палях работа кіпіць літаральна круглыя суткі. Гэта, з аднаго боку, і не дзіўна: аб’ёмы, якія трэба выканаць, самыя вялікія ў раёне і хвіліна прастою — недапу­шчальная. А з другога — працаваць з поўнай аддачай — гэта норма, якую за аснову бяруць усе.

Фёдар Кукабака якасна вядзе ворыва, выдатна спраўляецца з іншымі сельгасработамі.

Як гарыць агонь, як цячэ вада і як працуюць… рассветаўцы
Ёсць такі жартоўны выраз, які таксама вядомы многім. Толькі замест слова “іншыя” ўжыта ў дадзеным выпадку “рассветаўцы”. І гэта ўжо не жарт. Пра першыя дзве стыхіі скіроўваць увагу не будзем. А вось як працуюць рассветаўцы, у прыватнасці, на палях, можна сапраўды залюбавацца. Усё даведзена да зладжанага, адточанага канвеера, у якім, нібы ў выдатным сімфанічным аркестры, не дапускаецца ніводнай фальшывай “ноты”, бо кожны ведае сваю партыю і яе выконвае.
Адразу два віды мінеральных угнаенняў — калійныя і фосфарныя — хутка ўносяць пад будучую сяўбу Юрый Бяляўскі і Алег Паўлюц. У 2 змены вядуць ворыва на двух магутных “Джон Дзірах”, а таксама на “Беларусу-3522” Аляксандр Цітарэнка, Сяргей Акуліч, Аляксандр Гутараў, Аляксандр Міхалькоў, Аляксандр Кахновіч, Мікалай Барадуленка, Фёдар Кукабака, змяняючы кожны свайго напарніка: адны — удзень, іншыя — уноч.

На ўнясенні мінеральных угнаенняў задзейнічаны Алег Паўлюц.

Гледзячы на якасць ворыва, самому сабе можна задаць пытанне: а ці можна зрабіць поле — і без таго роўнае — яшчэ раўней? Аказваецца можна. Перадпасяўную “шліфоўку” робяць яшчэ двое “чараўнікоў” на палях — вопытныя Мікалай Белакурскі і Ігар Жалдак. На яшчэ адной магутнай машыне “Massey Ferguson” з прычапным шматфункцыянальным агрэгатам яны рыхтавалі глебу і пад яравую сяўбу вясною, у якасці іх работ сумнявацца не даводзілася.

Механізатар Мікалай Дрозд.

Яшчэ два даўнія напарнікі — Мікалай Дрозд і Дзмітрый Кахновіч. На любых работах абодва дэманструюць вышэйшы клас. Адна з іх “каронак” —сяўба: круглыя суткі не змаўкае “Джон Дзір” за якім яны мяняюць адзін аднаго, а палі хутка і якасна засяваюцца насеннем. Дарэчы, Мікалая Дразда, які нядаўна намалаціў амаль паўтары тысячы тон на збожжаўборачным камбайне, каб сфатаграфаваць цяпер ужо каля пасяўнога агрэгата, давялося чакаць даволі працяглы час. І зусім не таму, што ён павольна рухаўся па полі. Наадварот. А вось адлегласць ад адной “броўкі” да другой — амаль
2,5 кіламетра. Такія абшары ў “Рассвета”…

Паспявае агародніна…
Пачнем з агародніны. Гатункі розных культур паспяваюць у розную пару, і ў гэтым таксама “козыры” ў рассветаўцаў, бо пры сяўбе выкарыстоўваюць і раннія, і сярэдняспелыя, і познія. А фірменныя гандлёвыя кропкі, а дакладней, сельгаставарыства толькі ад гэтага выйграе. Ранняя і сярэднеспелая капуста, да прыкладу, хутка рэалізоўвалася праз магазіны. На чарзе — цыбуля, морква, сталовыя буракі, позняя капуста…

…А садавіна — не адстае!…
Рассветаўскі сад можна смела называць “дзяржавай у дзяржаве”. Духмяныя, сакавітыя плады — вынік карпатлівай працы мясцовых работнікаў. Сёлета не “яблычны” год, які выдаўся летась. У “мінус” адбілася і чэрвеньская спякота, у выніку якой частка завязі асыпалася. Але, як адзначыла начальнік вытворчага ўчастка “Сад” Алена Юркавец, ураджай рассветаўскія садаводы атрымліваюць і зусім нядрэнны. Паколькі ў бягучым годзе не так шмат пладоў паспела ў садах, узраслі закупачныя цэны: калі летась за 1 кілаграм прапаноўвалі па 4-6 капеек, то сёлета — больш за 20. Як кажуць, адчуйце розніцу!..

Калі работа — у радасць! Навучэнка Бабруйскага дзяржаўнага медыцынскага каледжа Дар’я Жалдак праводзіць канікулы з карысцю і задавальненнем: радуе дзяўчыну ўраджай спелых яблыкаў рассветаўскіх садоў!

Раннія гатункі, як да прыкладу, “алена”, “каваленкаўскае”, “белы наліў” ужо знайшлі сваіх пакупнікоў у фірменных рассветаўскіх гандлёвых кропках, ахвотна іх прымалі для далейшай перапрацоўкі ў райспажыўтаварыстве, ЗТАА “Кіраўскі харчовы камбінат”, Гомельскім ЛВЗ. На падыходзе — плады восеньскіх гатункаў, за якімі ўжо цікавяцца пакупнікі. Прычым не толькі беларускія, але і замежныя. “аўксіс”, “слава пераможцаў”, “беларускі салодкі”, класічная “антонаўка”і іншыя — выдатна зарэкамендавалі сябе. І як адзначаюць, тыя, хто купляе садавіну “Рассвета”, яна не толькі не саступае замежным вытворцам, а па смакавых якасцях, ды і ў плане здаровай ежы, яшчэ і лепей.
У садзе не абмяжоўваюцца толькі гатункамі яблыкаў. Ёсць і грушы, і парэчка, і нават… грэцкі арэх. Спецыяльныя яго гатункі, адаптаваныя да кліматычных умоў нашай краіны, былі прывезены з Таджыкістана. Сёлета чакаецца першы ўраджай…

У ліку лепшых работніц вытворчага ўчастка «Сад» — Наталля Малашонак.

У дружным калектыве вытворчага ўчастка працуе 20 пастаянных работнікаў, а калі вядзецца сезон нарыхтовак, брыгада садаводаў папаўняецца за кошт працаўнікоў паляводчай брыгады і проста тых, хто жадае папрацаваць і нядрэнна зарабіць.
У ліку лепшых Алена Юркавец назвала Алега Шалянгоўскага, Наталлю Малашонак, Сяргея Валодзькіна, Івана Аксючэнку і іншых. Актыўна працуюць і запрошаныя для работ у садзе. Адметна, што падчас нашага візіту ў сад сельгаставарыства мы сустрэлі прадаўжальнікаў слаўных традыцый рассветаўцаў: Наталля Вербенка і Дар’я Жалдак, да прыкладу, — дочкі перадавых працаўнікоў Міхаіла Вербенкі і Ігара Жалдака. Ёсць дынастыі, ёсць плённая праца, ёсць і яе важкія вынікі!..

Аляксандр ХАХЛОЎ.
Фота аўтара.

Последние новости

Кировск — здоровый город

Прививка поможет защититься

19 апреля 2024
Профилактика и безопасность

Огонь повредил дом

19 апреля 2024
В Комитете госконтроля

Рассмотрели вопросы жизнедеятельности населения

19 апреля 2024
Прямая линия

Прямая телефонная линия

19 апреля 2024
80-летие освобождение Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Акцыя «Разам з мастацтвам» на Кіраўшчыне

19 апреля 2024
Общество

Вопросы граждан были решены

18 апреля 2024
Кировск — здоровый город

Школа – территория здоровья

18 апреля 2024
В стране и мире

Задержан наркозависимый экстремист с арсеналом

18 апреля 2024
Профилактика и безопасность

Замени старую электропроводку

18 апреля 2024
Профилактика и безопасность

Дом – не зона конфликта

18 апреля 2024

Рекомендуем

В стране и мире

Лукашенко: миролюбивая Беларусь нужна и России, и Украине, но “Зеленский начинает нас цеплять”

8 апреля 2024
80-летие освобождение Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Мір на зямлі – галоўная каштоўнасць

11 апреля 2024
В стране и мире

Задержан наркозависимый экстремист с арсеналом

18 апреля 2024
Профилактика и безопасность

Безопасность движения

15 апреля 2024
Общество

Житель агрогородка Барсуки Кировского района осужден по части 2 статьи 205 Уголовного Кодекса Республики Беларусь

13 апреля 2024
80-летие освобождение Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

11 красавіка адзначаўся Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў

12 апреля 2024
Общество

На заседании cовета Кировского районного объединения профсоюзов был рассмотрен ряд вопросов, касающихся деятельности организации

9 апреля 2024
За здоровый образ жизни

Пьедесталы штурмуют тяжелоатлеты

7 апреля 2024