Багатым і вясёлым быў восеньскі кірмаш у Кіраўску!

У мінулую суботу ў Кіраўску прайшоў першы восеньскі кірмаш па продажу сельскагаспадарчай прадукцыі, які даў старт сезону іх правядзення.

Надвор’е хоць і было халаднаватым, але без дажджу, таму ўжо з самага пачатку работы кірмашу на перакрыжаванні вуліц Ленінскай і Савецкай (дзе і ладзілася мерапрыемства) збіраўся народ.  

Прапанаваную сельгасарганізацыямі раёна, райспажыўтаварыствам, прыватнымі гандлярамі разнастайную прадукцыю — збожжа, бульбу, капусту, моркву, цыбулю, буракі, жывую рыбу, журавіны — пакупнікі набывалі з задавальненнем. Кіраўчанам і гасцям горада быў прапанаваны вялікі выбар саджанцаў яблынь, груш, чорнай і чырвонай парэчак, клубніц, кветак. Дарэчы, можна было набыць і ягады свежай маліны, а, пры жаданні, і яе саджанцы з яркімі ружовымі ягадкамі. Шырокі асартымент пладова-ягадных дрэўцаў, дэкаратыўнага кустоўя і кветак радаваў самых пераборлівых садаводаў.

Асаблівым попытам у пакупнікоў, дарэчы, як і заўжды, карысталася зерне: кіраўчане набывалі адразу па некалькі мяхоў. У лідарах па продажу зерневай групы былі авёс і ячмень. Пшаніца ў продажы была ў асартыменце да самага закрыцця кірмашу. Варта адзначыць, што падстаў для хваляванняў у тых, хто не паспеў набыць той ці іншы тавар, няма: гэта толькі першы кірмаш, наперадзе іх яшчэ будзе некалькі.

Шпарка ішоў гандаль каля гандлёвага месца Жыліцкага сельгаскаледжа: акрамя саджанцаў і бульбы пакупнікі ахвотна набывалі смачныя яблыкі. Тут жа можна было атрымаць кансультацыю па вырошчванні пладова-ягадных раслін. Сакавітую прадукцыю прапанаваў і КСУП “Чырвоны баец”.

Задаволенымі засталіся і аматары рыбы: яе прапаноўвалі кіраўчанам рассветаўцы. Шматлюдна было і каля гандлёвай кропкі райспажыўтаварыства: морква, цыбуля, капуста, буракі, бульба, журавіны разыходзіліся на “ўра”.

Цудоўны настрой дарылі кіраўчанам і гасцям культработнікі, якія падрыхтавалі музычную праграму.

Пачатак кірмашам дадзены: ёсць упэўненасць, што багаты выбар сельскагаспадарчай прадукцыі, вырашчанай на ўрадлівай кіраўскай зямлі, дазволіць усім жадаючым зрабіць запасы на зіму.

Людміла СЯМЁНАВА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.