Чарговы іміджавы артаб’ект з’явіўся на тэрыторыі Кіраўскага РАНС

Нагляднай агітацыі калектыў райаддзела па надзвычайных сітуацыях надае вялікае значэнне. Тут лічаць, што яна адыгрывае рашаючую ролю ў прафілактычнай рабоце з насельніцтвам. Апошнім часам у падраздзяленнях МНС Беларусі замацоўваецца тэндэнцыя ўпрыгожваць адміністрацыйныя будынкі, прылягаючую тэрыторыю арыгінальнымі творчымі знаходкамі, прычым з пэўным сэнсам.

Гэтую ідэю актыўна падхапілі і супрацоўнікі РАНС. Так, сёлета ў маі на будынку райаддзела з’явілася графіці з выявай выратавальніка ў баявой экіпіроўцы і надпіс “Мы— не героі, мы толькі выконваем сваю работу”, а таксама тэлефоны экстранай службы. Не так даўно перад будынкам з’явілася сапраўдная архітэктурная група, калі можна так сказаць. У яе саставе тры вялізныя літары “М”, “Ч”, “С”, якія гавораць самі за сябе. Выкананы яны ў даволі арыгінальнай форме, у цікавым вырашэнні і, што, бадай, самае важнае, амаль без фінансавых затрат. Каркасы літар звараны з арматуры і напоўнены камянямі. Літаральна ўвесь састаў РАНС прыклаў намаганні ў стварэнні імправізаваных літар, якія з’яўляюцца ключавымі для работы кожнага з выратавальнікаў. І рэзультат адпаведны: імправізаваная кампазіцыя  “кідаецца” ў вочы кожнаму, хто пад’язджае да Кіраўска з боку Магілёва.

І вось новая творчая знаходка кіраўніцтва і калектыву. Днямі каля будынка РАНС з’явіўся чарговы іміджавы артаб’ект. Гэта унікальны ў сваім родзе матацыкл Л-600. Яшчэ ў 30-х гадах мінулага стагоддзя быў наладжаны яго выпуск. З гадамі ён мадэрнізіраваўся і выпускаўся да 60-х гадоў.Узоры такой тэхнікі былі і ў пажарных часцях, у тым ліку адслужыў такі матацыкл працяглы час і на Кіраўшчыне.

— Прадназначалася трохколавая машына для першапачатковага выезду на месца здарэння для тушэння пажараў, пакуль “падцягнуцца” туды асноўныя сілы, —  расказаў аб экспанаце начальнік РАНС Сяргей Собаль. Матацыкл быў абсталяваны мотапомпай МП-600 з пажарным рукавом,вогнетушыцелем, аварыйнай мігалкай . Безумоўна, былі ў ім свае “плюсы” і “мінусы”. Са станоўчага боку трэба адзначыць яго манёўранасць, зручнасць у кіраванні, хуткае рэагаванне пры экстраным выкліку. З другога — сезоннасць: узімку асабліва на ім не паедзеш. Да таго ж, невялікая колькасць людзей можа ўмясціцца ў матацыкл. І тым не менш, гэтая тэхніка назаўсёды засталася ў гісторыі пажарнай службы наогул, і Кіраўскага райадзела ў прыватнасці. Таму мы і вырашылі ўвекавечыць Л-600, які стаў па-свойму легендарным. Знайшлі такі ўзор, аднавілі яго сваімі сіламі.

А наогул ідэй па добраўпарадкаванні тэрыторыі маецца шмат. Знаходзячыся на ўскрайку райцэнтра, мы з’яўляемся яго “фасадам”, а па твару, як вядома, складваецца першае ўражанне. Таму і імкнемся адпавядаць статусу. Тым больш, што сёлета раённыя “Дажынкі” пройдуць у Кіраўску, а, значыць, да нас прыедзе шмат гасцей. Пакуль такіх арыгінальных знаходак, да якіх мы прыйшлі, няма больш нідзе. Будзем і надалей нешта падобнае спрабаваць. Прытым не толькі звонку. Ужо шмат што зроблена ў самім будынку: па-новаму, утульна аформлены кабінеты, ёсць фотавыстава з гістарычнымі здымкамі з будняў выратавальнікаў-пажарных раёна розных гадоў. Маецца шмат задумак і надалей, у прыватнасці, стварэнне музея пажарнай службы раёна. Усё гэта не толькі павінна радаваць гасцей і саміх супрацоўнікаў, узнімаць іх настрой, што, да слова, і адбываецца, але і мець істотную выхаваўчую функцыю.

На агульным пастраенні асабістага саставу падчас адкрыцця новага артаб’екта адбылася яшчэ адна прыемная місія — уручэнне узанагарод. Сяргей Собаль уручыў нагрудны знак “165 год пажарнай службе Беларусі” ветэрану пажарнай службы раёна Дзмітрыю Карніцкаму, супрацоўніку РАНС Максіму Антоненку, Грамату Магілёўскага абласнога упраўлення МНС Дзмітрыю Паўлоўскаму.

Аляксандр ХАХЛОЎ.

Фота Максіма МІКЕШЫНА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.