Супрацоўнікі Кіраўскага РАУС просяць адгукнуцца ўладальнікаў знойдзеных веласіпедаў
Ні для каго не сакрэт, што веласіпеды — самы папулярны від транспарту як у самім Кіраўску, так і ў іншых населеных пунктах раёна. Двухколавыя машыны вельмі часта становяцца “фігурантамі” крымінальных зводак: то яны з’яўляюцца прадметам крадзяжу зламыснікаў, якія квапяцца на чужое, то самі гаспадары, праяўляючы нядбайнасць да сваёй рэчы, забываюць яе каля магазінаў ці ў іншых месцах.
Як паведаміў вядучы спецыяліст групы тылавога забеспячэння Кіраўскага РАУС Міхаіл Пятроў, два веласіпеды былі знойдзены нядаўна, іх уладальнікам неабходна прыйсці за сваімі двухколавымі сябрамі ў райаддзел міліцыі, дзе яны знаходзяцца. Аб’яўляем іх прыкметы.
14 жніўня быў знойдзены дарожны веласіпед у лясным масіве ў раёне аг.Баравіца. На багажніку замацавана гумка.
Другая веламашына падабрана 20 верасня ў Кіраўску каля магазіна “Евроопт” (вул.Пушкінская, д.15). Гэта жаночы веласіпед чырвонага колеру. Супрацоўнікі РАУС просяць уладальнікаў страчанай маёмасці адгукнуцца і звярнуцца ў РАУС.
Фота носіць ілюстрацыйны характар.