Новыя магчымасці сучаснай рассветаўскай фермы

Праводзімая ў раёне работа па рэканструкцыі існуючых жывёлагадоўчых аб’ектаў і будаўніцтве новых МТФ накіравана на павелічэнне вытворчасці малака і паляпшэнне яго якасці. Больш камфортнымі становяцца ўмовы працы і адпачынку работнікаў ферм.

На пабудаванай МТФ «Мышкавічы» ААТ «Рассвет імя К.П.Арлоўскага» забяспечаны замкнёны цыкл вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі: ад нараджэння цяляці да яго ўводу ў асноўны статак. Уся праца тут максімальна механізавана.

Перадавыя даяркі МТФ «Мышкавічы» Тамара Прыходзька і Валянціна Клімовіч

Вялікая адказнасць па вытворчасці малака ўскла­дзена на аператараў машыннага даення кароў: і яны гэта добра разумеюць.
Высокіх паказчыкаў па надоях дасягаюць аператары машыннага даення кароў Валянціна Клімовіч і Тамара Прыходзька. Па выніках работы за 10 месяцаў даяркі сталі лідарамі раённага спаборніцтва сярод аператараў машыннага даення кароў у даільных залах, ад кожнай каровы яны атрымалі па 6593 кг малака. Жанчыны любяць сваю справу, добрасумленна падыходзяць да яе выканання, таму і вынікі не прымушаюць сябе чакаць.

Сочаць за ўсімі працэсамі работы МТФ “Мышкавічы” в.а. галоўнага заатэхніка Вікторыя Нікіфарава, заатэхнік Марыус Бераснеў і начальнік фермы Ларыса Бародзіч.
Зараз на ферме ўтрымліваецца 863 галавы БРЖ, з якіх 400 — дойны статак. Усё атрымліваемае малако адпраўляецца на перапрацоўчае прадпрыемства гатункам “экстра” і тлустасцю 3,8%.
Догляд жывёлы ажыццяўляцца па сучасных методыках з прымяненнем камп’ютарных праграм, а таксама пры строгім захаванні тэхналогіі. Сярод “плюсаў” на дадзенай ферме і тое, што малако не кантактуе са знешнім асяроддзем, з рукамі работнікаў, што станоўча адбіваецца на яго якасці і гатунковасці.

Асаблівая ўвага надаецца збалансаванасці кармоў, здароўю цялушак, а таксама будучага прыплоду. Жывёла своечасова вакцынуецца, атрымлівае вітамінна-мінеральныя комплексы, якія дазваляюць выгадаваць цялят з моцным імунітэтам, а ў будучым — атрымаць высокаўдойных кароў. Кантроль за ўсімі гэтымі працэсамі з боку спецыялістаў вельмі строгі.
Прымяненне сучасных тэхналогій пры будаўніцтве фермы дазволіла рассветаўцам укараніць у працэс утрымання жывёлы шмат чаго карыснага. Напрыклад, з наступленнем халадоў вада для паення кароў падаграваецца, а кармавыя сталы маюць спецыяльнае пакрыццё, што выключае акісленне кармоў. Цёплая падлога ў даільнай зале дабаўляе камфорту і работнікам, і каровам. У памяшканнях, дзякуючы полікарбанатнаму даху, светла, праветрыванне хлявоў ажыццяўляецца з дапамогай спецыяльных шторак, якія ўстаноўлены на вокнах. Спрыяе чысціні і аўтаматычная сістэма выдалення гною.
Варта адзначыць, што пра работнікаў, іх санітарна-бытавыя ўмовы тут паклапаціліся ў поўным сэнсе: гардэробныя, асобна для мужчын і жанчын, пакой прыёму ежы, санвузлы, душавыя.
Увогуле, як адзначыла Ларыса Бародзіч, калектыў на ферме падабраўся даволі зладжаны і добрасумленны. Жанчына ўпэўнена, што жывёлагадоўля – гэта тая галіна, дзе абыякавасць у выкананні сваёй справы абавязкова прывядзе да значных страт у атрыманні малочнай і мясной прадукцыі.
Гледзячы на фінансава-эканамічныя паказчыкі жывёлагадоўчай галіны “Рассвета”, можна з упэўненасцю сказаць, што тут працуюць адказныя і добрасумленныя работнікі, з якімі па сілах і новыя працоўныя дасягненні, і далейшае развіццё.
Зараз на МТФ “Мышкавічы” вядзецца добраўпарадкаванне прылягаючай да новага жывёлагадоўчага аб’екта тэрыторыі.

Людміла СЯМЁНАВА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.