Ім пашчасціла працаваць з К.П.Арлоўскім

Мікалай Дзмітрыевіч ЛЯНКЕВІЧ, заслужаны работнік сельскай гаспадаркі БССР,  ветэран працы:

– Пры К.П.Арлоўскім я працаваў касірам і асабістым сакратаром. Гаспадарка хутка набірала рост, людзі атрымлівалі прыстойную зарплату. Плацілі не толькі грашыма, а і бульбай, збожжам, агароднінай, малаком.

У пачатку 50­-х сталі жыллё будаваць, пракладваць дарогі. Мае браты і сёстры працавалі ў суседнім калгасе, нам зайздросцілі. Пазней К.П.Арлоўскі далучыў да «Рассвета» іх гаспадарку, а дамы перавезлі ў Мышкавічы на свабодныя ўчасткі зямлі.

Пасля вайны людзі былі такімі: калі сказалі, што трэба працаваць па 12 – 14 гадзін, то ніхто не спрачаўся… Калі старшыня аглядаў палі, то пачынаў з сярэдзіны, не з краю. Хадзіў шмат пешшу. Усе паперы я запаўняў. Калі патрэбны быў подпіс, то Кірыла Пракопавіч браў ручку, заціскаў яе левай куксай. Простыя лісты я складаў сам.

К.П.Арлоўскі не любіў злодзеяў, караў штрафамі, часам нават выключаў з калгаса. Да характара Кірылы Пракопавіча трэба было прывыкнуць. На ранішніх разнарадках ён «чысціў» па поўнай праграме, нягледзячы на ўзрост. Але людзі яму верылі і давяралі. Можа, таму, што ён мясцовым быў. Толькі не трэба было з ім спрачацца, лепш прамаўчаць. Праз мінут 10 ён сам адыходзіў. Памяць фенаменальную меў, можа, таму, што ў мінулым быў чэкістам і разведчыкам. Нічога ад яго нельга было ўтаіць. Едзе з вадзіцелем, убачыць дзесьці камень у полі, абавязкова загадае прыбраць яго. У машыне заўсёды ляжалі рыдлёўка, піла і сякера на ўсялякі выпадак. 

Старшыню мы добра вывучылі. Калі хуткім крокам ішоў з дому і пры гэтым тузаў кепку, то лепш не лезці папярок дарогі. Або працуй, або сыдзі з вачэй далоў.

Калі б не К.П.Арлоўскі і не яго пераемнік В.К.Старавойтаў, такога б «Рассвета» не было б адназначна. Яны ў чымсьці былі нават падобныя, абодва адразу ўзяліся за дысцыпліну. Я магу параўноўваць, бо працаваў да 2005 года ў «Рассвеце» і сакратаром парткама, і брыгадзірам, і галоўным аграномам. Гэта іншая загартоўка, іншае стаўленне да працы, нават да калег.

                                                                *        *        *

Людміла Нічыпараўна Палевіч, поўны кавалер ордэна Працоўнай Славы, Ганаровы грамадзянін Кіраўскага раёна:

– З К.П.Арлоўскім, калі ён узначальваў калгас “Рассвет”, я працавала каля 4 гадоў. Адразу была паляводам. Потым перайшла на ферму падменнай рабочай. У далейшым атрымала сваю групу жывёлы ў 12 кароў.

Першае пагалоўе фармірвалі за кошт жывёлы з асабістых гаспадарак. Старшыня сказаў усіх кароў у адзін хлеў сагнаць, пасля з людзьмі за іх грашыма разлічыўся. Паніка была, хтосьці не разумеў, што ён робіць. Пазней дзякаваць пачалі.

Шмат чаго ён зрабіў і для гаспадаркі, і для людзей.

Працаваць было складана. Дзень пачынаўся а палове чацвёртай раніцы. Кароў паілі і кармілі ўручную. Даілі ў вёдры. Кірыла Пракопавіч усё марыў аўтаматыку наладзіць. Але яна з’явілася пазней, ужо пасля яго смерці.

Ён запомніўся мне звычайным чалавекам, вельмі прыемным у зносінах. Прыдзе, з кожным пагаворыць, абавязкова спытае, як справы.

Кіраўніком жа быў вельмі строгім, дысцыпліну на першым месцы трымаў. Як сказаў, так і павінна быць. На ферме быў кожны дзень. Усё правяраў, кантраляваў, любіў парадак і чысціню. Да працы ставіўся вельмі адказна. Дасканала ведаў кожны ўчастак работы.

Людзей Арлоўскі ніколі не крыўдзіў. Клапаціўся за іх, перажываў, каб жылі ўсе добра, каб не галадалі. Не забуду яго словы: «Каб людзі працавалі, патрэбна дастойная зарплата». Яна такой і была.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.