Прайшоў IV Форум “Роля рэгіянальных СМІ ў развіцці сацыяльнага партнёрства”

Журналісты друкаваных сродкаў масавай інфармацыі з розных рэгіёнаў краіны, прадстаўнікі галіновых і карпаратыўных выданняў, а таксама спецыялісты па сувязях з грамадскасцю раённых і гарадскіх аб’яднанняў прафсаюзаў, усяго каля 190 чалавек, прынялі ўдзел у IV Форуме “Роля рэгіянальных СМІ ў развіцці сацыяльнага партнёрства”, які прайшоў на бягучым тыдні на базе прафсаюзнага санаторыя “Крыніца” ў аг.Ждановічы Мінскай вобласці. Удзел у рабоце форуму прыняў і прадстаўнік раённай газеты “Кіравец”.
Арганізатарамі гэтай маштабнай сустрэчы традыцыйна выступілі Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі і Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь.

Работа форуму праходзіла ў форме круглых сталоў і прэс-канферэнцый, на якіх ішла гаворка аб навацыях Працоўнага кодэкса, які ўступіў у законную сілу 28 студзеня бягучага года. Абмяркоўваліся таксама змены прынятыя ў адносінах выхаду на датэрміновую пенсію людзей, занятых у неспрыяльных умовах працы, новая сістэма аплаты працы работнікаў бюджэтных арганізацый і іншыя не менш важныя для грамадства пытанні. На іх падрабязна адказвалі прадстаўнікі Федэрацыі прафсаюзаў.

У рабоце форуму прынялі ўдзел старшыня ФПБ Міхаіл Орда і міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Карлюкевіч.

Звяртаючыся да ўдзельнікаў форуму, Міхаіл Орда адзначыў, што прафсаюзы працуюць у адной звязцы з рэгіянальнымі СМІ, каб даносіць інфармацыю да кожнага жыхара, кожнага прадстаўніка працоўных калектываў. Па яго словах, менавіта журналісты, знаходзячыся ў гушчыні раённых падзей, дапамагаюць прафсаюзам пазнаёміцца з жыццём у рэгіёнах, з тымі праблемамі і пытаннямі, з якімі сутыкаюцца мясцовыя жыхары. Таму сацыяльнае партнёрства ў гэтай сферы дае значныя вынікі.

Гэтую думку агучыў у сваім выступленні і міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч. Ён адзначыў, што менавіта СМІ павінны дапамагчы людзям разабрацца ў асновах пагаднення паміж органамі ўлады, наймальнікамі і прафсаюзамі, паказаць ролю і функцыю аднаго з самых буйных грамадскіх аб’яднанняў нашай краіны.

Падчас правядзення форуму журналісты рэгіянальных СМІ мелі магчымасць задаць пытанні шырокаму колу спецыялістаў. Таксама былі арганізаваны майстар-класы па рабоце ў сацыяльных сетках, у тым ліку з негатыўнымі каментарыямі, стварэнні творчых праектаў.

Людміла СЯМЁНАВА, удзельнік форуму.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.