Першае месца – у кіраўскіх футбалістак
Зборная каманда раёна прыняла ўдзел у занальных спаборніцтвах па міні-футболе сярод дзяўчат у праграме абласной Спартакіяды школьнікаў-2020.
Варта адзначыць, бягучы год пачаўся для юных футбалістак вельмі паспяхова: у выніку ўпартай барацьбы сярод 5 каманд кіраўчанкі занялі 1 месца. Падобнае дасягненне ў гэтым відзе спорту на рахунку нашых дзяўчат упершыню.
Прадстаўніцы каманды, а гэта дзяўчаты 2004-2006 г.н., здолелі паказаць добрую гульню, згуртаванасць і вытрымку. За ўсе 4 матчы яны не прапусцілі ў свае вароты ніводнага мяча. Надзейна абараняла вароты кіраўчан Дар’я Красная. Пасля гульні з Глускім раёнам лік на табло быў 6:0 на карысць кіраўчан, з Бабруйскім – 4:0, з Асіповіцкім – 1:0, з Клічаўскім – 2:0. З 13 забітых мячоў – 11 накіравала ў вароты сапернікаў Віялета Вацура, па адным – Вікторыя Міхалап і Ірына Патапенка. Добра пасавалі дзяўчатам Дар’я Гаршкова, Карына Красная, Анастасія Котава, Дар’я Іванова, Ксенія Чорная, Дар’я Храмцова, Ангеліна Біч і Анастасія Харкова.
Трэніруюць каманду Максім Хамічэнка і Сяргей Іваніцкі.
Дзякуючы сваім пераможным гульням кіраўчанкі атрымалі права прыняць удзел у фінале спаборніцтваў па правілах вялікага футбола, якія плануецца правесці ў красавіку бягучага года.
Жадаем нашай зборнай перамогі!