Акцыя “Мы – грамадзяне Беларусі!” на Кіраўшчыне

У межах Усебеларускай грамадзянска-патрыятычнай акцыі “Мы – грамадзяне Беларусі!”сёння ў Цэнтры вольнага часу г.Кіраўска адбылася ўрачыстая цырымонія ўручэння пашпартоў грамадзян Рэспублікі Беларусь лепшым прадстаўнікам вучнёўскай моладзі раёна, якія маюць асаблівыя заслугі ў вучобе, спорце, грамадскай дзейнасці.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел  старшыня райвыканкама Міхаіл Гулы, старшыня раённага Савета дэпутатаў Галіна Слабоднікава, старшыні сельвыканкамаў, кіраўнікі раённых структур грамадскіх аб’яднанняў, прадстаўнікі арганізацый раёна, бацькі.

Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь азнаменаваў адкрыццё ўрачыстага мерапрыемства.

Усіх прысутных вітаў старшыня райвыканкама Міхаіл Гулы. У сваёй прамове ён падкрэсліў, што прыняцце Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь стала ключавой, паваротнай падзеяй у сучаснай гісторыі нашай краіны і жыцці грамадзян, а таксама паклала пачатак пазітыўным працэсам станаўлення і ўмацавання інстытутаў дзяржаўнай улады і грамадства, стала неабходнай умовай для дынамічнага развіцця эканамічнага, сацыяльнага і культурнага патэнцыялу Беларусі.

Ужо амаль чвэрць стагоддзя Рэспубліка Беларусь, абапіраючыся на Канстытуцыю, паступальна развіваецца і ўмацоўваецца як дэмакратычная, сацыяльная і прававая дзяржава.

Галоўная ідэя Канстытуцыі, падкрэсліў кіраўнік раёна, – у тым, што дзяржава павінна служыць грамадству, людзям і працаваць на дабрабыт і поспех кожнага з грамадзян.

Міхаіл Гулы адзначыў, што кожны з прысутных рабят ужо шмат чаго дабіўся, але самыя вялікія перамогі ў іх яшчэ наперадзе: “Вы – надзея і будучыня нашай краіны, і толькі ад мэтанакіраванасці, упартасці, працавітасці залежыць, якіх вышынь вы і вашы равеснікі зможаце дасягнуць у будучым”.

Ад імя бацькоўскай грамадскасці віноўнікаў урачыстасці павіншаваў і выказаў шчырыя пажаданні Аляксандр Каранкевіч.

Ганаровую місію ўручэння пашпартоў выканаў кіраўнік раёна Міхаіл Гулы. Кожны з вучняў атрымаў таксама выданне Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і кнігу “Я – грамадзянін Рэспублікі Беларусь!”.

Рабяты далі клятву быць дастойнымі памяці дзедаў і прадзедаў, якія аддалі свае жыцці за гонар і незалежнасць нашай Радзімы, накіраваць свае веды, працу і сілы на тое, каб стаць сапраўднымі гаспадарамі беларускай зямлі і садзейнічаць працвітанню Рэспублікі Беларусь.

У гэты дзень таксама адбыўся ўрачысты прыём у рады раённай арганізацыі ГА “БРСМ”.

У зале гучалі песні аб роднай Беларусі, у руках рабят луналі флажкі з сімволікай нашай дзяржавы.

Фота Аляксандры КАЛІНІНАЙ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.