З разлікам на важкі ўраджай

Адным з першых у раёне прыступіла да сяўбы збожжавых і зернебабовых культур ААТ “Кіраўскае райаграпрамтэхзабеспячэнне” і завяршыла яе ў аптымальна спрыяльныя агратэхнічныя тэрміны.
Зараз асноўны клопат на палетках сельгаставарыства – сяўба цукровых буракоў, вывазка і ўнясенне арганікі пад кукурузу на зерне і зялёную масу.

На здымку: значная частка сяўбы яравых збожжавых і зернебабовых культур была на рахунку механізатара Аляксандра Сідарэнкі.

Нямала клопатаў зараз і ў галоўнага агранома РАПТЗ Уладзіміра Дарафея. Ад таго, наколькі зладжана, аператыўна і эфектыўна спрацуе агранамічная служба падчас веснавой пасяўной кампаніі, напрамую будзе залежыць якасць і колькасць сабранага ўраджаю восенню. А таму з раніцы і да змяркання яго службовая “Ніва” курсіруе па раскіданых па розных кутках раёна палях.
Па словах Уладзіміра Да­рафея, сёлетнюю сяўбу збож­жавых і зернебабовых культур яны правялі зладжана, хутка і арганізавана. У значнай ступені паспрыялі гэтаму своечасова і якасна падрыхтаваная тэхніка, наяўнасць пад поўную патрэбу насеннага матэрыялу і ГЗМ, надзейныя і працавітыя механізатарскія кадры.
План веснавой сяўбы збожжавых і зернебабовых у сельгаставарыстве складаў 770 га, з іх 420 га занялі зернебабовыя культуры, 50 га – авёс, астатняе – піваварны ячмень.
Значная частка сяўбы яравых збожжавых і зернебабовых культур была ў надзейных руках маладога, адказнага і працавітага механізатара Аляксандра Сідарэнкі. У тандэме з ім працавалі аксакалы хлебаробскай справы: Уладзімір Комар, які займаўся ўзворваннем глебы, Валянцін Сулімскі і Мікалай Дрозд – пад­рыхтоўкай палёў.
Хутка і якасна правялі ўнясенне вадкіх угнаенняў Дзмітрый Комар, Андрэй Слуцкі і Яўген Рудак.
Не менш адказная і неабходная справа – вывазка і ўнясенне арганічных угнаенняў. Тут шчыруюць Мікалай Варанчукоў, Іван Лазаковіч і Кірыл Гамалін. Дарэчы, апошні паралельна заняты на праполцы і абароне ад шкоднікаў пасеваў рапсу.
Прафесіяналам у выро­шчванні цукровых буракоў у РАПТЗ з’яўляецца механізатар Пётр Дрозд (на здымку). На працягу 11 гадоў на яго плячах поўны цыкл ад сяўбы, апрацоўкі і догляду да копкі салодкіх каранёў.
Сёлета ў РАПТЗ плануюць заняць пад гэтую рэнтабельную культуру 400 га. Па стане на ўчарашні дзень сяўба цукровых буракоў праведзена на 165 га.
У пары з сейбітам шчыруе Уладзімір Шалянгоўскі, які падрыхтоўвае глебу. За плячыма механізатара тысячы гектараў апрацаваных земляў, а таму прафесіяналізм, з якім ён робіць сваю справу, уражвае: палеткі пасля праходу тэхнікі пад яго кіраваннем застаюцца роўнымі, а глеба – нібыта коўдра – пушыстай.
Нездарма, калі ў мінулым го­дзе сельгаставарыства набыла новы агрэгат для апрацоўкі глебы, яго даверылі Уладзіміру Шалянгоўскаму, адказнаму і надзейнаму працаўніку.
Як адзначыў Уладзімір Дарафей, штогод на сваіх палетках яны праводзяць сяўбу эксперыментальным насеннем цукровых буракоў. У гэтым накірунку цесна супрацоўнічаюць з фірмамі, якія прадастаўляюць матэрыял. Такое ўзаемадзеянне, па словах спецыяліста, выгаднае для абодвух бакоў: фірма назірае за якаснымі паказчыкамі буракоў, а райаграпрамтэхзабеспячэнне мае магчымасць выбіраць для сяўбы толькі лепшыя гатункі. Летась, напрыклад, у РАПТЗ атрымалі бадай што самы высокі ўраджай салодкіх каранёў за ўвесь час іх вырошчвання – 18 тыс. т.
З дня на дзень у сельгаставарыстве чакаюць паступлення насення кукурузы. Пакуль жа пад “царыцу палёў” рыхтуюць палеткі.
Усе занятыя на веснавых палявых работах механізатары забяспечваюцца гарачымі абедамі. Паклапацілася кіраўніцтва і пра спецадзенне для іх, сродкі індывідуальнай абароны.
Радуюць галоўнага агранома Уладзіміра Дарафея сёлетнія палеткі, дзе зелянеюць азімыя культуры. Спецыяліст назірае за станам раслін пасля зімы, кантралюе якасць правядзення іх падкормкі, апрацоўкі ад хвароб і шкоднікаў. Збожжавы азімы клін складае 1400 га, на 750 га расце пшаніца, на 450 га – трыцікале, на 200 га – жыта. Расліны нядрэнна перанеслі анамальна цёплую і бясснежную зіму, праведзеныя апрацоўкі не дазволілі развіцца хваробам. Сёлета ўсходы падмацавалі неабходнымі хімпрэпаратамі, наперадзе – яшчэ шэраг агранамічных прыёмаў, якія абароняць культуры ад шкоднікаў. Таму ёсць спа­дзяванне, што ўвосень ураджай збожжавых парадуе поўнымі засекамі зерня.
Людміла СЯМЁНАВА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.