“Бацька не расказваў пра вайну, толькі плакаў…”

Кіраўчанка Валянціна Асямолава, дачка ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Анатоля Аляксеевіча Парыгіна, падзялілася ўспамінамі аб баявым і жыццёвым шляху свайго бацькі.

Кожны год напярэдадні святкавання Дня Перамогі ў душы Валянціны Анатольеўны ўсплываюць успаміны пра тату. Вось ён рыхтуе свой парадна-выхадны касцюм, на якім блішчаць узнагароды. Вось збіраецца ў дарогу: у чарговы раз даслалі запрашэнне ўдзельнічаць у Парадзе Перамогі ў Маскве, куды аднойчы ён узяў з сабой і Валянціну. А вось усхвалявана расказвае пра сустрэчу з баявым таварышам-аднапалчанінам, якога шукаў некалькі дзесяццігоддзяў! “Шмат у мяне ўспамінаў пра бацьку, – кажа жанчына. – Ён быў добрым, чулым, вельмі любіў нас з сёстрамі – сваіх трох дачок. Вось толькі амаль не расказваў пра ваенныя падзеі, а калі мы цікавіліся пра іх, маўчаў і плакаў…”.
Аб баявым шляху А.А.Парыгіна Валянціна Анатольеўна ў асноўным ведае з архіўных дакументаў, па ўрывачных расказах бацькоў, а таксама дзякуючы сямейным фотаздымкам.
Анатоль Парыгін нарадзіўся 1 мая 1922 года ў в.Чаша Курганскай вобласці. Выбіраючы жыццёвы шлях, вырашыў пайсці па слядах бацькі – ваеннага ўрача і стаць ваеннаслужачым. У 1940 годзе Анатоль быль залічаны курсантам інтэнданцкага ваеннага вучылішча г.Яраслаўля. Навіна аб нападзенні гітлераўскай Германіі на СССР напаткала яго менавіта падчас здачы экзаменаў. Пасля заканчэння вучобы яму было прысвоена званне “лейтэнант інтэнданцкай службы”.
За гады Вялікай Айчыннай вайны Яраслаўскае вучылішча падрыхтавала больш за 5 тысяч спецыялістаў ваенна-гаспадарчай службы. Яго выпускнікі накіроваўліся на пасады начальнікаў рэчавага забеспячэння, харчова-фуражнай службы палкоў, інтэнданцкай службы батальёнаў, камандзіраў гаспадарчых, харчовых і іншых узводаў. А.А.Парыгіна размеркавалі на службу ў ваенную часць рэактыўнай артылерыі – 315-й гвардзейскі мінамётны полк. На ўзбраенні былі легендарныя “кацюшы” – баявая машына рэактыўнай артылерыі БМ-13. Гэтую сваю назву, па адной з версій, атрымала дзякуючы папулярнай перад вайной аднаіменнай песні. Нямецкія салдаты называлі яе “Арган Сталіна” з-за гуку, утвараемага апярэннем ракет.
У студзені 1943 года гвардыі лейтэнант інтэнданцкай службы А.А.Парыгін выехаў на фронт. Пазней у адным з баёў на тэрыторыі сучаснай Украіны, ён атрымаў цяжкае раненне ў спіну. Больш за 6 месяцаў знаходзяўся на лячэнні ў Адэскім шпіталі. Пры выпісцы яму выдалі даведку, у якой значылася: “Раненне атрымана ў баях пры абароне СССР – бестэрмінова. Група інваліднасці – першая”.
Баявы шлях А.А.Парыгіна адзначаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені, іншымі ўзнагародамі.
Служыў на розных пасадах у воінскіх фарміраваннях на тэрыторыях Курскай і Крымскай абласцей, пакуль у 1946 годзе не быў накіраваны на пасаду камандзіра ўзвода 627-га медыцынскага санітарнага батальёна г.Асіповічы Магілёўскай вобласці. Летам, будучы ў камандзіроўцы ў Бабруйску, пазнаёміўся з ураджэнкай в.Валосавічы Кіраўскага раёна Надзеяй Рудак, якая вучылася ў мясцовым медвучылішчы. “У хуткасці Анатоль і Надзея згулялі вяселле, – працягвае свой расказ Валянціна Асямолава, – у сям’і нара­дзіліся дзеці. З Асіповіч бацькі пераехалі ў Кіраўск, дзе тата працаўладкаваўся начальнікам пашпартнага стала. Пэўны час быў сакратаром Кіраўскай раённай ветэранскай арганізацыі”.
Асабліва ярка ў памяці жанчыны адлюстроўваецца падзея, калі праз дзесяцігоддзі бацька выпадкова сустрэў свайго баявога таварыша Ф.С.Жлобу, з якім разам вучыўся ў Яраслаўскім вучылішчы, а затым служыў у 315-й гвардзейскім мінамётным палку легендарных “кацюш”. Сустрэча адбылася ў адным з санаторыяў у 1988 годзе, на памяць аб ёй застаўся фотаздымак, які зараз захоўваецца ў сямейным архіве В.А.Асямолавай. На звароце – чулы надпіс аўтарства Жлобы: “Многоуважаемый дорогой мой гвардеец-ветеран! Желаю быть всегда бодрым, веселым, ласковым и любящим. Долгожданная и внезапная наша встреча – двух фронтовых боевых гвардейцев в санатории “Приднепровский” – неожиданная и радостная. Вместе воевали и вместе отдыхали! Нет таких слов, чтобы выразить чувство радости от осознания того, что мы выжили, выстояли и исполнили свой долг перед Родиной по-гвардейски!”. Валянціна Анатольеўна кажа, што гэты быў прыклад сапраўднага сяброўства баявых таварышаў.
Жыццёвы шлях ветэрана Вялікай Айчыннай вайны А.А.Парыгіна завяршыўся ў ліпені 2002 года. Яго дочкі, унукі і праўнукі беражліва захоўваюць памяць аб ім, часта пераглядаюць сямейныя фотаздымкі і ганарацца мінулым свайго бацькі, дзядулі.
Яўгенія БЯЛЬКО.
Фота – з сямейнага альбома В.А.АСЯМОЛАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.