Месца трагедыі і смутку ў в.Новыя Стаўпішчы на Кіраўшчыне

У вёсцы Новыя Стаўпішчы, агорнутая галінамі старой магутнай таполі, стаіць стэла з барэльефнымі выявамі дзядулі і жанчыны з дзіцём: маці з трывогай і болем у вачах стараецца абараніць свайго малога, у страху прытуліўшагася да яе, а за імі – стары з пакорліва схіленай галавой і сціснутай у кулак рукой… Гэтая кампазіцыя кранае душу, бо праз яе невядомым чынам перададзены горыч і адчай ахвяр фашызму, пахаваных у гэтай магіле. Асабліва сціскваецца ад болю сэрца, калі даведваешся пра гісторыю гэтага пахавання.

Вясной 1944 года фронт набліжаўся да межаў нашага раёна. Перад адыходам нямецка-фашысцкія захопнікі расстрэльвалі і знішчалі мірнае насельніцтва. Трагедыя ў в.Новыя Стаўпішчы адбылася 24 мая 1944 года: немцы арыштавалі больш за 100 мірных жыхароў, у тым ліку і навакольных вёсак, і спалілі іх жывымі. Такой была цана старых, жанчын і дзяцей – нашых землякоў, якія амаль лічаныя дні не дажылі да вызвалення раёна – 28 чэрвеня 1944 года, за сённяшняе мірнае неба над галавой.
У кнізе “Памяць. Кіраўскі раён” размешчаны дакумент, датаваны 24.05.1944 г. – днём Новастаўпіцкай трагедыі, у якім ёсць звесткі аб падзеях, што папярэднічалі ёй. У ноч з 22 на 23 мая 1944 года Кіраўская ваенна-аператыўная група ў саставе 2 атрадаў і 537-га партызанскага палка разграміла тры варожыя гарнізоны, размешчаныя ў Баравіцы, Віленцы, Выжарах… Бой за авалоданне імі пачаўся ў гадзіну ночы 23 мая. Супрацьстаянне ішло на вуліцах і ў хатах. Аглушаныя першым шквальным агнём, немцы былі разгубленымі і на працягу 25 мінут супраціўлення не аказвалі. Аднак потым завязаліся жорсткія схваткі.
Ашалелы вораг пры адыхо­дзе помсціў, знішчаючы тых, хто быў слабейшым, без зброі ў руках, і проста хацеў жыць…
Стэла на гэтай магіле мірных грамадзян – ахвяраў фашысцкіх акупантаў была ўстаноўлена ў 1965 годзе. Напярэдадні Дня Перамогі, па магчымасці, варта наведаць у тым ліку і гэтае месца. Тут, ля пахавання, якое зараз акружана маладой майскай зелянінай, пад спакойным блакітным небам, можна памаўчаць, падумаць, успомніць і мысленна падзякаваць тым, хто загінуў падчас Вялікай Айчыннай вайны, дзеля нас і будучага нашых дзяцей.
Падрыхтавала
Яўгенія БЯЛЬКО
па матэрыялах кнігі “Памяць. Кіраўскі раён”.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.