Ветэранам – віншаванні з Днём Перамогі і шчырыя словы ўдзячнасці

Ушанаванне ветэранаў вайны Кіраўшчыны працягвалася сёння, у дзень 75-годдзя Вялікай Перамогі.  

 

Старшыня райвыканкама Міхаіл Гулы і старшыня раённага Савета дэпутатаў Галіна Слабоднікава наведалі ветэрана Рыгора Іванавіча Куцілкіна. Адметна, што сёлетні год для яго ўдвая знамянальны: ён адзначыў уласны 95-гадовы юбілей і святкуе юбілей Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Для яго, расіяніна, Кіраўшчына стала другой радзімай.

 У светлы Дзень Перамогі нахлынулі ўспаміны, якімі ветэран падзяліўся з гасцямі. З ворагам Рыгор Іванавіч змагаўся ў саставе 20-й паветрана-дэсантнай брыгады 37-га стралковага корпуса Карэльскага фронту, прымаў удзел у вызваленні тэрыторыі Польшчы. Яго баявы шлях адзначыны ордэнам Айчыннай вайны I ступені, медалём “За адвагу”і іншымі ўзнагародамі. Да іх сёння дадаўся юбілейны медаль “75 год Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гадоў”, які ўручыў кіраўнік раёна.

 Госці пажадалі заслужанаму ветэрану здароўя, выказалі шчырыя словы ўдзячнасці за важкі ўклад у Перамогу над ворагам, развіццё Кіраўскага раёна падчас шматгадовай працы начальнікам раёна электрасетак, патрыятычнае выхаванне маладога пакалення, а таксама ўручылі памятны падарунак, віншавальныя паштоўкі, кветкі.

Завіталі старшыня райвыканкама і старшыня райсавета дэпутатаў да Тамары Максімаўны Звягінцавай. У гады вайны ёй давялося прайсці праз канцлагер пад Кёнігсбергам. У 14 год стала санітаркай у эвакашпіталі, дзе праходзілі лячэнне байцы Чырвонай Арміі. Перамогу сустрэла ў Каўнасе, а далей ваенныя дарогі прывялі эвакашпіталь у Японію… Ваенныя заслугі Тамары Максімаўны адзначаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені, медалямі “За ўзяцце Кёнігсберга”, “За перамогу над Германіяй”, “За перамогу над Японіяй”.

Госці выказалі ветэрану найлепшыя пажаданні, на яе грудзях заззяў юбілейны медаль “75 год Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гадоў”, гаспадыня прымала кветкі, віншавальныя паштоўкі, памятны падарунак.

Як і далей – ветэран вайны Галіна Васільеўна Каранкевіч: яна са шчырай радасцю сустрэла кіраўніка раёна Міхаіла Гулага і старшыню райсавета дэпутатаў Галіну Слабоднікаву.

Галіне Васільеўне прыйшлося перанесці шмат пакут у гады ваеннага ліхалецця. Іх сям’я дапамагала партызанам, перадавала ім прадукты і лекі. Калі паліцаі даведаліся пра гэта, забралі іх у турму, потым маці расстралялі…

Г.В.Каранкевіч падзялілася з гасцямі, наколькі дарагі для яе Дзень Перамогі, з ворагам падчас вайны змагаўся і яе муж Мікалай Максімавіч у артылерыйскіх войсках Чырвонай Арміі, дайшоў да Берліна. На жаль, ён пакінуў ужо гэты свет.  

Міхаіл Гулы і Галіна Слабоднікава ўсклалі кветкі да помніка воінам-пераможцам у в.Боркі, дзе зараз ідзе рэканструкцыя мемарыяльнага комплексу “Памяці спаленых вёсак Магілёўскай вобласці “.

Фота Максіма МІКЕШЫНА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.