“Вялікай Перамозе прысвячаецца…”

Напярэдадні светлых дзён святкавання 75-й гадавіны перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне калектыў работнікаў цэнтралізаванай клубнай сістэмы раёна правёў онлайн-акцыю “Вялікай Перамозе прысвячаецца…”.

У відэазвароце, размешчаным у сацыяльнай сетцы “ВКонтакте” на старонцы ДУК “ЦКС Кіраўскага раёна” культарганізатар УК “Аўтаклуб” Уладзіслава Барысёнак расказвае, што ўдзячнасць ветэранам Вялікай Айчыннай вайны – салдатам, партызанам, працаўнікам тылу, а таксама тры словы: памяць, гонар, захапленне, якія адгукаюцца ў сэрцах напярэдадні Дня Перамогі, натхнілі іх на арганізацыю гэтай онлайн-акцыі. “З людзьмі ў салдацкі строй уставала песня, – гаворыць культработнік. – З першых дзён вайны яна дапамагала народу выстаяць і перамагчы.
Прайшоў час, але песні ваенных гадоў гучаць і сёння, кранаючы сэрцы нашых сучаснікаў. У кожнай песні – свой лёс, свая гісторыя, кожная з іх адкрывае нам асобную старонку ваенных падзей”.
Па ўмовах онлайн-акцыі “Вялікай Перамозе прысвячаецца…” жадаючыя запісвалі відэаролікі з выкананнем песні альбо музычнага твору, верша патрыятычнага накірунку, прысвечаных тэме Вялікай Айчыннай вайны. Зараз гэтыя запісы можна паглядзець у онлайн-групе “ЦКС Кіраўскага раёна” у сетцы “ВКонтакте”. Сярод твораў – “До свидания, мальчики” Б.Окуджавы, “Ветеранам минувшей войны” Н.Атрохавай і Б.Васільева, “Калина” П.Чарняева і А.Марозава, “Эх, дороги” Л.Ашаніна і А.Новікава і іншыя. Песні і вершы ў чулым і пранікнёным выкананні кіраўчан ва ўзросце ад мала да вяліка: Аліны Леановіч і Людмілы Кушняровай, Ганны Мурашка, Віялетты Горбач, Аксаны Дзенісенка і Таццяны Цяшаевай, Алены Мурашка, Ангеліны Карабанавай абуджаюць у душы самыя цёплыя пачуцці і, перш за ўсё, гонару і ўдзячнасці ветэранам вайны за мірнае неба над галавой.
Таксама работнікі раённага Цэнтра культуры і вольнага часу правялі конкурс малюнкаў “Перамога вачамі дзяцей” і фотаконкурс “Далёкай мужнасці вернасць захоўваючы…”. Удзельнікам прапаноўвалася адлюстраваць на сваіх малюнках і фотаздымках пераможную вясну, святочны салют, жыццё пад мірным небам і іншыя асацыяцыі з Днём Перамогі. Галоўнай умовай было, каб гэтыя творчыя работы адлюстроўвалі ўдзячнасць франтавікам і працаўнікам тылу, усім тым, хто падарыў нам мір.
Конкурсныя работы таксама апублікаваны на онлайн-выставе ў сацыяльнай сетцы “ВКонтакте” ў групе ДУК “ЦКС Кіраўскага раёна”.
Дырэктар Цэнтралізаванай клубнай сістэмы Эма Калмыкова паведаміла, што напярэдадні Дня Перамогі ў раённым Доме культуры будзе наладжана выстава конкурсных работ і падведзены вынікі, вызначаны пераможцы.
Вышэй адзначаныя конкурсы і онлайн-праекты – яшчэ адзін крок да таго, каб будучыя пакаленні памяталі і ўшаноўвалі гераічнае мінулае нашых дзедаў і прадзедаў.
Падрыхтавала
Яўгенія БЯЛЬКО.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.