Жывая памяць пра герояў: наш зямляк Р.А.Худалееў, Герой Савецкага Саюза

Удзячныя нашчадкі свята захоўваюць памяць пра абаронцаў Айчыны, якія ўнеслі значны ўклад у заваёвы Перамогі.
Шасцёра кіраўчан у гады Вялікай Айчыннай вайны былі ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза: К.П.Арлоўскі, Е.У.Дабравольскі, Р.А.Худалееў, А.І.Мельнікаў, Ф.П.Нікіцін, А.М.Рабцэвіч.
Калектыў Паўлавіцкай СШ ганарыцца сваім знакамітым земляком Р.А.Худалеевым, ураджэнцам в.Ізабеліна, імя якога носіць школа.

Вучні Паўлавіцкай СШ імя Р.А.Худалеева ў школьным музеі, дзе захоўваюцца матэрыялы аб баявым шляху і асабістыя рэчы Героя Савецкага Саюза, імя якога носіць школа.

Нарадзіўся ён 22 лютага 1902 года ў сялянскай сям’і. Закончыў царкоўна-прыходскую школу. З прыходам Савецкай улады Рыгор стаў старшынёй камітэта вясковай беднаты, прымаў удзел у арганізацыі калгасаў.
У 1924 годзе юнак быў прызваны ў рады Чырвонай Арміі. Падчас службы атрымаў сярэднюю адукацыю ў вячэрняй школе. Па рэкамендацыі камандавання быў накіраваны на вучобу ў Мінскае ваеннае артылерыйскае вучылішча. Паспяхова яго закончыў і атрымаў званне афіцэра.
17 верасня 1939 годзе пачалося вызваленне Заходняй Беларусі і Украіны ад захопнікаў, у баях за Лунінец, Кобрын, Пінск, Брэст прымаў удзел і Р.А.Худалееў. У той час яго прызначылі першым савецкім камандзірам
г.Брэста.
Вялікую Айчынную вайну Р.А.Худалееў сустрэў у якасці начальніка штаба 462 артылерыйскага палка, які дыслацыраваўся ў г.Бабруйску, менавіта адсюль полк 22 чэрвеня 1941 года адправіўся на фронт.
Першы бой салдаты і афіцэры артпалка прынялі 23-24 чэрвеня ў 30 кіламетрах ад Баранавіч. Дзякуючы граматнаму камандаванню, дасканаламу планаванню аперацый полк здолеў нанесці праціўніку сур’ёзны ўрон, захаваўшы пры гэтым сваю тэхніку і чалавечыя рэсурсы.
462 артполк прымаў удзел у абароне Магілёва, у баях пад Крычавам. Жорсткія баі вяліся ў міжрэччы Днепр-Дзясна. Непадалёк ад Клімавіч вызваліцелі трапілі ў акружэнне нямецкіх войскаў, было прынята рашэнне фарсіраваць Дзясну ў раёне Трубчэўска, што было і выканана начальнікам штаба Р.А.Худалеевым і яго падначаленымі. Сярод панесеных страт – толькі гаўбіца. За гэты подзвіг наш зямляк быў узнагаро­джаны ордэнам Чырвонага Сцяга.
У канцы верасня капітан Худалееў, як адзін з лепшых афіцэраў-артылерыстаў адзываецца ў Маскву для назначэння камандзірам палка навейшай зброі Чырвонай Арміі – гвардзейскіх рэактыўных мінамётаў “кацюша”.
Пазней Рыгора Аляксандравіча па яго просьбе прызначаюць камандзірам 888 палка дывізіённай артылерыі, якому прадстаіць прыняць удзел у бітве пад Масквой.
Летам 1944 года Чырвоная Армія наступала па некалькіх франтах. Разгарнулася і вядомая аперацыя “Баграціён”. 306-я стралковая дывізія, де служыў Р.А.Худалееў, уваходзіла ў састаў 43 арміі Першага Прыбалтыйскага фронту. Менавіта яе салдатам прадстаяла прарваць доўгатэрміновую і моцную абарону праціўніка, а затым выйсці да ракі Заходняя Дзвіна, фарсіраваць яе і ўзяць гітлераўцаў у акружэнне ў раёне Віцебска. І зноў асаблівую ролю ў выкананні пастаўленых задач адыгралі артылерысты, абрушыўшы на ворага агонь сакрушальнай сілы. За бліскучае выкананне заданняў камандавання ў гэтай аперацыі, праяўленыя мужнасць, гераізм, адвагу палкоўнік Р.А.Худалееў быў удастоены звання Героя Савецкага Саюза.
Восенню 1944 года яго прызначылі камандзірам асобнага артылерыйскага злучэння навейшых дальнабойных стоміліметровых гармат. Яно ўдзельнічала ў вызваленні шматлікіх польскіх гарадоў, прайшло праз знакамітае Грунвальдскае поле. Вялікую Перамогу гвардыі палкоўнік Р.А.Худалееў сустрэў у Берліне.
Слаўны баявы шлях нашага земляка акрамя Залатой Зоркі Героя Савецкага Саюза адзначаны двума ордэнамі Леніна, чатырма ордэнамі Чырвонага Сцяга, ордэнам Чырвонай Зоркі, шматлікімі баявымі медалямі, у тым ліку медалём Польскай Народнай Рэспублікі “За Одру, Нісу і Балтыку”.
Пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны Р.А.Худалееў працягваў службу ў арміі, у 1955 годзе выйшаў у адстаўку. Актыўна займаўся грамадскай дзейнасцю, вёў патрыятычную работу з моладзю. Сэрца слаўнага сына кіраўскай зямлі перастала біцца ў 1964 годзе.
У 1968 годзе Паўлавіцкай школе было прысвоена імя Р.А.Худалеева. Мясцовыя вучні ўстанавілі цесную сувязь з сынам Героя інжынерам-палкоўнікам Барысам Худалеевым. Адбылося некалькі памятных сустрэч у сценах навучальнай установы. Барыс Рыгоравіч расказваў пра слаўны баявы шлях свайго бацькі, перадаў для школьнага музея баявой славы яго асабістыя рэчы. Вучні і настаўнікі наведваліся ў Мінск на магілу Р.А.Худалеева, каб аддаць даніну павагі і ўдзячнасці знакамітаму земляку за шчасце жыць пад мірным небам.
Сяброўскія адносіны калектыву школы з Барысам Худалеевым працягваюцца і дагэтуль. Яны віншуюць адзін аднаго са святамі, успамінаюць гераізм савецкага народа ў вызваленні Радзімы ад ненавіснага ворага.
Мясцовыя школьнікі з дапамогай сваіх настаўнікаў вывучаюць гісторыю барацьбы беларускага народа з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, даглядаюць брацкія магілы і воінскія пахаванні, бо без памяці аб мінулым няма будучыні…
Пётр КЛЕПЧА, ветэран педагагічнай працы, старшыня пярвічнай ветэранскай арганізацыі КСУП “Чырвоны баец”.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.