Аграрыі Кіраўшчыны актыўна шчыруюць на “зялёным жніве”

Нягледзячы на ўмовы надвор’я, канвеер сельскагаспадарчых работ у раёне не прыпыняецца. Адначасова з фінішам пасяўной кампаніі земляробы прыступілі да мерапрыемстваў па ахове сельскагаспадарчых культур – хімпраполкі, фунгіцыднай апрацоўкі,
а бліжэй да сярэдзіны мая падаспеў час нарыхтоўкі кармоў.

Адзін з лідараў корманарыхтоўкі – механізатар ААТ “Рассвет імя К.П.Арлоўскага” Пётр Мухін.
Сяргей Каванскі і Сяргей Кахновіч трамбуюць зялёную масу.

“Зялёнае жніво”, “касавіца” – у народзе пара касьбы мае розныя назвы, нязменным застаецца яе сэнс – назапасіць трывалую кармавую базу для буйной рагатай жывёлы, каб без праблем прайшоў зімова-стойлавы перыяд, і была аснова для павелічэння аб’ёмаў вытворчасці і рэалізацыі прадукцыі жывёлагадоўлі.Для таго, каб забяспечыць якаснымі кармамі грамадскі статак раёна, які складаецца з амаль што 33 тысяч галоў, першым укосам аграрыям Кіраўшчыны трэба скасіць зеляніну на плошчы 11 тыс. 345 га, назапасіць 110 тыс. 572 т сенажу. Для закладкі сіласнай і сянажнай масы ў раёне маецца 122 траншэі.

Механізатар Іван Салановіч заняты на касьбе.

Першымі на касавіцу выехалі працаўнікі філіяла СВК “Бераснёўскі” і ААТ “Дабаснянскае”, затым у гэтую работу пачалі ўключацца земляробы іншых сельгасарганізацый. Халоднае, дажджлівае надвор’е напрыканцы вясны і ў пачатку лета прымусіла прыпыніць корманарыхтоўку, але як толькі з-пад хмар паказвалася сонейка, трактары з касілкамі накіроўваліся ў поле. Зараз “зялёнае жніво” ў раёне актыўна набірае абароты: скошваюцца травы, якія пасля правяльвання саграбаюцца ў валкі, падбіраюцца, здрабняюцца, затым зялёная маса адвозіцца для закладкі ў траншэі альбо прасуецца ў палімерную ўпакоўку.
Напрыканцы мінулага тыдня мы мелі магчымасць назіраць, як зладжана вядуць касавіцу земляробы ААТ “Рассвет імя К.П.Арлоўскага”. На сельгаспалетках вытворчага ўчастка “Валосавічы” шчыравалі механізатары Іван Салановіч і Пётр Мухін. Іх сельгастэхніка шпарка бегала па зялёным бязмежным полі, пакідаючы пасля сябе свежаскошаныя палоскі травяной масы і духмяны водар маладой летняй зеляніны.
Іван Салановіч – трактарыст-машыніст, за плячамі якога 42 гады механізатарскай справы, і ўсе – на карысць “Рассвета”. З ранняй вясны і да позняй восені ён – за штурвалам сельскагаспадарчай тэхнікі: і на сяўбе, і на доглядзе за сельгаскультурамі, і на жніве, у тым ліку і на “зялёным”. Па-сапраўднаму ўлюбёны ў сваю справу, Іван Леанідавіч і раней, і зараз, знаходзячыся ў пенсіённым узросце, выконвае яе належным чынам. Пацвярджэнне таму – вялікая колькасць яго працоўных узнагарод, гэты механізатар – заўсёды ў ліку лідараў раённага працоўнага спаборніцтва.
За такімі вопытнымі і адказнымі земляробамі імкнуцца і працаўнікі больш маладога ўзросту – такія, як Пётр Мухін. Разам з Іванам Салановічам у іх атрымаўся спрытны дуэт касцоў, палеткі, на якіх ім неабходна было скасіць траву, займалі 75 га. Засаджаны яны былі травяной сумессю, сярод якіх – злакавыя, фестулоліум і іншыя культуры.

Повар Наталля Кукушкіна прапануе земляробам смачныя абеды.

Па словах начальніка вытворчага ўчастка “Валосавічы” Сяргея Бяляўскага, палеткі ўжо прасохлі ад дажджоў і працаваць на іх зручна. Пасля таго, як трава крыху падвяліцца на сонейку, яе адвозяць на Стаўпіцкую ферму, дзе закладваюць у траншэю. За працэсам закладкі, захаваннем пры гэтым тэхналагічных норм строгі кантроль вядуць зааветспецыялісты таварыства.
Сяргей Віктаравіч каардынуе работу на вытворчым участку “Валосавічы” на працягу 12-ці год. І да гэтага таксама шчыраваў у “Рассвеце” на розных відах работ. Яго працоўная “вотчына” складаецца з 3400 га сельгаспалеткаў таварыства, на якіх растуць збожжавыя, агародніна, рапс, кукуруза, травы на кармы і іншыя культуры. Зараз, канешне ж, асноўная ўвага і максімум сіл сканцэнтраваны на нарыхтоўцы травяных кармоў, ад якасці якіх будзе залежыць стабільнасць работы жывёлагадоўчай галіны “Рассвета”.
Усяго ж сельгаставарыству неабходна нарыхтаваць
25 тыс. т сенажу і 3600 т сена.
Яўгенія БЯЛЬКО.
Фота Максіма МІКЕШЫНА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.