Наша задача – даступнасць сучасных гандлёвых паслуг

Стабільная работа сферы гандлю – адзін з важных напрамкаў развіцця рэгіёна. Наша сучаснае жыццё складана ўявіць без магчымасці карыстацца паслугамі магазінаў, гандлёвых цэнтраў, аб’ектаў грамхарчу і іншых. Таму іх будаўніцтва, перапрафіляванне ці мадэрнізацыя з’яўляюцца важнейшым фактарам задавальнення патрэб пакупнікоў, канкурэнтаздольнасці на рынку прадастаўлення паслуг.

Гандлёвая сетка раёна ўключае ў сябе 59 рознічных гандлёвых аб’ектаў, якія ажыццяўля­юць гандаль, агульнай плошчай 6900 кв.м.; сетка прадпрыемстваў грамадскага харчавання прадстаўлена 25 аб’ектамі на 387 пасадачных месцаў.
На тэрыторыі горада размяшчаюцца два рынкі: «Цэнтральны» і міні-рынак у раёне аўтавакзала. У вясенне-летні перыяд шырока разгортваецца сезонны гандаль.
Як адзначыла старшыня райспажыўтаварыства Святлана Сарока, іх калектывам сістэмна вядзецца работа па якасным паляпшэнні інфраструктуры за кошт рамонту і пераабсталявання гандлёвых аб’ектаў, рэканструкцыі дзеючых магазінаў, а таксама аптымізацыя сеткі нерэнтабельных. Галоўным напрамкам работы галіны застаецца максімальнае задавальненне патрэб насельніцтва ў таварах і паслугах.
Найбольш вядомым і любімым аб’ектам наведвання як для жыхароў раёна, так і іншых рэгіёнаў, прычым не толькі з Беларусі, але і краін бліжняга замежжа, з’яўляецца кафэ “Смажанка”, якое займаецца выпускам і рэалізацыяй брэндавай прадукцыі – “Кіраўскія смажанкі”, а таксама разнастайнай выпечкі. Летась быў праведзены капітальны рамонт будынка, змяніўся ўнутраны інтэр’ер, устанавілі новую мэблю, часткова замянілі тэхналагічнае абсталяванне. Прыгожы выгляд набыла пабудаваная побач летняя пляцоўка. Спецыялістамі пастаянна вядзецца работа па пашырэнні асартыменту выпускаемай прадукцыі. У свой час пачыналі выпуск са смажанак дзвюх відаў, зараз – 14. Прычым, на любы густ: з мясам, рыбай, морапрадуктамі, тварагом, ананасам, тыквай, яблыкам і г.д.
Дадзены аб’ект працуе прыбыткова, што сведчыць аб граматна наладжанай рабоце і дастойна занятай нішы ў сферы гандлю.
У 2014 годзе новы сучасны выгляд набыў рэстаран “Сузор’е”. Поўнасцю змяніла сваё аблічча абедзенная зала, з’явілася камфортная і стыльная мэбля. Аб’ект стаў любімым месцам кіраўчан пры правядзенні сямейных і карпаратыўных святаў, вяселляў і іншых урачыстасцей.
Папулярным месцам адпачынку і сяброўскіх сустрэч для маладога пакалення стала кафэ “Піцэрыя” ў аг.Мышкавічы. Плошча аб’екта дазваляе наладжваць тут урачыстасці і мерапрыемствы з колькасцю гасцей больш за 100 чалавек.
Новы выгляд набыў і магазін “Родны кут” у аг.Мышкавічы. Праведзеная мадэрнізацыя дазволіла арганізаваць тут выставачную пляцоўку, аўтаматызаваць працэс гандлю, прадаставіць пакупнікам магчымасць самім выбіраць тавар, які адпавядае іх патрабаванням.
Дарэчы, з 54 гандлёвых аб’ектаў райспажыўтаварыства па сістэме самаабслугоўвання працуе 32. У 21 магазіне ёсць магчымасць на­быць тавар са скідкай па карце лаяльнасці (ад 1 да 5%), у залежнасці ад сумы накапленняў, для пенсіянераў дзейнічае пастаянная 3% скідка.
За апошнія гады значна палепшылася гандлёвае абслугоўванне, дзякуючы праве­дзеным у магазінах рамонтам, жыхароў сельскіх населеных пунктаў раёна: Пацавай Слабады, Чыгірынкі, Жыліч, Стаек і іншых. Акрамя стацыянарных кропак да сяльчан прыязджаюць аўталаўкі, якія прапануюць разнастайную харчовую і нехарчовую прадукцыю. Ёсць таксама магчымасць зрабіць заяўку і набыць самы розны тавар: будаўнічыя матэрыялы, бытавую тэхніку і шмат чаго іншага. Аўталаўкі наведваюцца ў 98 вёсак раёна і з’яўляюцца для пажылых людзей “магазінамі ля дома”. Яны таксама аснашчаны халадзільным абсталяваннем, аўтаматызаваны.
Сёлета райспажыўтаварыства запусціла комплексную праграму па аўтаматызацыі гандлёвай сеткі. Пачынаючы з лютага бягучага года дадзеная паслуга стала даступна пакупнікам яшчэ ў 17 магазінах. Акрамя магчымасці прадастаўлення скідак на пакупкі, грамадзяне ў чэку бачаць поўную інфармацыю аб колькасці і кошце набытых тавараў.
Калектыў райспажыўтаварыства імкнецца ўкараняць у работу па абслугоўванні насельніцтва самыя новыя і перадавыя тэхналогіі: аднымі з першых у вобласці яны набылі камеру для так званай “шокавай” замарозкі гатовых вырабаў. Такая прадукцыя стала карыстацца ў пакупнікоў павышаным попытам.
Як адзначыла Святлана Сарока, усе перамены, якія ў апошнія гады адбываюцца ў сістэме райспажыўтаварыства, накіраваны на паляпшэнне якасці жыцця людзей, на стварэнне камфортных умоў у населеных пунктах, на максімальную даступнасць сучасных гандлёвых паслуг у кожным куточку Кіраўшчыны.
Людміла СЯМЁНАВА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.