Убраць ураджай своечасова і без страт

Такую задачу паставілі перад сабой кіраўніцтва і працаўнікі СВК “Бераснёўскі” ААТ “Упраўляючая кампанія холдынга “Бабруйскаграмаш”. Яны аднымі з першых у раёне прыступілі да ўборкі азімага рапсу. Работы вядуцца з раніцы і да змяркання, бераснёўцы разумеюць, што дапусціць недабору ўраджаю нельга. Важкія намалоты – гэта паляпшэнне фінансава-эканамічнага стану гаспадаркі дабрабыту яе працаўнікоў.

Нездарма ўборку рапсу называюць “рэпетыцыяй” перад жнівом. Мясцовыя механізатары абкатваюць замацаваную за імі тэхніку, праводзяць рэгуліроўку вузлоў і агрэгатаў, каб з упэўненасцю прыступіць да ўборкі збожжавых і зернебабовых культур, адпрацаваць уборачную кампанію без збояў і прастояў.
На палетках СВК “Берас­нёўскі” азімы рапс займае плошчу ў 120 га. Больш чым на 90 га ён ужо абмалочаны, і першыя тоны алейнай культуры адпраўлены ў залік выканання дзяржзаказу, які сёлета складае 100 т. Стаўку робяць і на забеспячэнне ўласных патрэб насенным матэрыялам рапсу, і на яго рэалізацыю.
Ганаровае права пачаць жніво-2020 даверылі аднаму з самых вопытных і адказных механізатараў – Віктару Скрыпунову. Тэхніку сваю Віктар Фёдаравіч падрыхтаваў да работ дасканала, таму працуе без прастояў, максімальна выкарыстоўваючы спрыяльнае надвор’е.
Як адзначыў дырэктар СВК “Бе­рас­нёўскі” Аляксандр Еўдакімаў, за камбайнерамі, механізатарамі і вадзіцелямі справа не стане, толькі б дажджы не перашкаджалі зладжана правесці жніво. Дапамогу аказвае і кіраўніцтва галаўнога прадпрыемства – ААТ “Упраўляючая кампанія холдынга “Бабруйскаграмаш”.

Ганаровае права пачаць жніво-2020 у гаспадарцы даверылі аднаму з самых вопытных і адказных механізатараў – Віктару Скрыпунову.
Механізатар Дзмітрый Мялешкін.
Вадзіцель Уладзімір Карасёў.

На рапсавых палетках зараз задзейнічаны 2 камбайны: акрамя Віктара Скрыпунова на ўборцы заняты Генадзь Доўкша. На адвозцы зерня – Уладзімір Карасёў і Яўген Міхалап.
Пасля ўборкі рапсу на палях застаюцца высокія саламяныя валкі, якія тут жа прэс-падборшчыкам, якім кіруе Сяргей Шапоткін, скручваюцца ў рулоны і вывозяцца механізатарам Дзмітрыем Мялешкіным з палеткаў на фермы.
Як адзначыў Аляксандр Еўдакімаў, грамадскі статак з апетытам паядае такі корм. Астатняя салома пазней будзе змяльчацца і выкарыстоўвацца пры закладцы ў палімерныя рукавы ці сянажныя траншэі.
Побач з рапсавымі палямі адліваюць золатам плошчы з азімым жытам. Як толькі алейная культура будзе ўбрана, а мясцовыя аграрыі плануюць справіцца з ёй за тыдзень, камбайны адразу пераедуць на збожжавыя палеткі. Усяго азімы збожжавы клін у сельгасарганізацыі складае каля 1000 га. На ўборцы хлеба будуць задзейнічаны 3 камбайны: 2 GS-1218 і КЗС-10. Зараз кіраўніцтва “Бераснёўскага” прадпрымае захады па набыцці новага камбайна КЗС-1218. У планах – закупіць пару трактароў і 9-мятровую касілку.
Немалаважным аспектам зладжанай работы ўборачнага канвеера з’яўляецца стварэнне належных санітарных і бытавых умоў для ўдзельнікаў уборачнай кампаніі. Усе забяспечваюцца гарачымі абедамі, якія дастаўляюцца прама на палеткі.
З механізатарамі, вадзіцелямі і работнікамі зернесушыльных комплексаў праведзены інструктажы па ахове працы, кожны азнаёмлены з ўмовамі аплаты падчас жніва.
Паралельна з іншымі работамі вя­дзецца апрацоўка цукровых буракоў, яравога рапсу.
Не прыпыняюцца работы па нарыхтоўцы кармоў. Травы скошаны на 780 га, займаліся кашэннем Генадзь Доўкша і Яўген Міхалап. Мясцовыя механізатары ажыццяўляюць другі ўкос канюшыны: зеляніну адразу змяльчаюць і адвозяць на падкормку для грамадскага статка. Належная кармавая база БРЖ дае свой плён: у параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года жывёлаводы плюсуюць па рэалізацыі малака на 20%.
Старт жніву дадзены. Зараз галоўнае, каб надвор’е паспрыяла працаўнікам убраць вырашчаны ўраджай. А людзі не падвядуць, яны гатовы працаваць з максімальнай аддачай.
Людміла СЯМЁНАВА.
Фота Максіма МІКЕШЫНА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.