У Кіраўскім раёне прайшоў семінар лідараў ветэранскіх арганізацый вобласці
У нашым раёне прайшоў абласны семінар старшынь саветаў гарадскіх, раённых ветэранскіх арганізацый і кіраўнікоў абласных структур грамадскіх аб’яднанняў пад кіраўніцтвам старшыні савета Магілёўскай абласной арганізацыі ветэранаў Анатоля Глаза.
Тэма семінара – “Аб узаемадзеянні ветэранскіх арганізацый Кіраўскага раёна з арганізацыямі, установамі па паляпшэнні сацыяльнага становішча ветэранаў, арганізацыі іх вольнага часу, удзеле ў грамадска-палітычным жыцці раёна”.
Удзельнікі семінара пабывалі на мемарыяльным комплексе “Памяці спаленых вёсак Магілёўскай вобласці” ў Борках, у Жыліцкім гістарычным комплексе-музеі. Супрацоўнікі раёнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва прадставілі фотапрэзентацыю аб арганізацыі работы са сталымі людзьмі, адзінокімі і адзінока пражываючымі грамадзянамі, інвалідамі, ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны і працы.На базе Цэнтра вольнага часу адбылося пленарнае пасяджэнне, падчас якога старшыня раённай арганізацыі ветэранаў Эма Карпук паведаміла аб яе дзейнасці. У сваёй прамове яна адзначыла, што раённы савет ветэранаў з’яўляецца сацыяльным партнёрам дзяржавы і на першае месца ў сваёй рабоце ставіць дабрабыт кожнага чалавека, яго сям’і. У актывістаў раённай арганізацыі ветэранаў разам з зацікаўленымі службамі агульныя задачы – дапамагаць пажылым людзям спраўляцца з праблемамі і жыццёвымі цяжкасцямі, рабіць усё магчымае, каб свае сталыя гады чалавек правёў з годнасцю і не ў адзіноце, павышаць якасць жыцця ветэранаў, пенсіянераў.
Больш падрабязна – на старонках раённай газеты “Кіравец”.
Яўгенія БЯЛЬКО.
Фото Максіма МІКЕШЫНА.