Дастойная ўзнагарода за плённую працу

7 кастрычніка ў Палацы культуры Магілёўскай вобласці прайшло ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае Дню работнікаў культуры. Віноўнікаў урачыстасці – прадстаўнікоў галіны культуры з усяго рэгіёна вітаў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц.

Звяртаючыся да прысутных, ён адзначыў, што, дзякуючы творчай штодзённай працы работнікаў культуры, багатыя гістарычныя і культурныя традыцыі Прыдняпроўскага краю перадаюцца з пакалення ў пакаленне. “Кожны з вас уносіць вялізны ўклад у выхаванне новых пакаленняў беларусаў, якія ганарацца сваёй самабытнасцю, – падкрэсліў кіраўнік рэгіёна. – Вы дапамагаеце нашай моладзі раскрываць свае таленты і здольнасці. Тысячы юных жыхароў Магілёўшчыны пры вашай дапамозе вучацца тварыць і гарманічна развіваюцца ў школах мастацтваў, музыкі, танца.
Сёлетні няпросты год унёс свае карэктывы ў каляндар культурных падзей. Сітуацыя з распаўсюджваннем COVID-19 патрабавала адмены большасці масавых мерапрыемстваў. Тым не менш, у рэгіёне на высокім узроўні правялі дзяржаўныя святы, святыя для кожнага беларуса – Дзень Перамогі і Дзень Незалежнасці нашай краіны.
Паспяховым было і чарговае 11-е свята “Купалле – Александрыя збірае сяброў”. Работнікі культуры Магілёўшчыны прынялі самы актыўны ўдзел у арганізацыі і правядзенні Дня беларускага пісьменства ў Белынічах.”.
Шэраг лепшых культработнікаў быў удастоены Ганаровых грамат і Падзяк Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта. У іх ліку – настаўнік Жыліцкай дзіцячай школы мастацтваў Таццяна Пашкоўская: ёй была аб’яўлена Падзяка Магілёўскага аблвыканкама.
Працоўную дзейнасць у якасці выкладчыка па класу акардэона Таццяна Рыгораўна пачала 30 год таму. Мае вышэйшую педагагічную катэгорыю.
Сярод калег зарэкамендавала сябе высокаадукаваным, добрасумленным, выканальным і дысцыплінаваным спецыялістам. А дзеці і іх бацькі паважаюць і любяць Таццяну Пашкоўскую за высокі прафесіяналізм, педагагічны такт і добразычлівасць.
Т.Р.Пашкоўская развівае і ўдасканальвае таленты рабят, выхоўвае ў іх пачуццё адказнасці і беражлівага стаўлення да нацыянальнай культуры і мастацтва. Адна з важных мэт яе работы – фарміраванне каштоўнасных арыенціраў падрастаючага пакалення, накіраваных на ўсведамленне значнасці мастацтва ў сістэме сучаснай культуры.
Вучні Таццяны Пашкоўскай – пастаянныя ўдзельнікі абласных і раённых мерапрыемстваў. Яна ўмела падбірае для іх цікавы музычны матэрыял, арганізоўвае вучнёўскія ансамблі, робіць яскравыя эстрадныя аранжыроўкі.
Штогод яе выхаванцы ўдзельнічаюць у творчых конкурсах розных узроўняў. За 2017 – 2020 гады яе вучні прынялі ўдзел у 17 міжнародных конкурсах, атрымалі 17 дыпломаў рознага ўзроўню.
У 2018 годзе арганізатарамі V Міжнароднага конкурсу мастацтваў «Дняпроўскія хвалі» дуэту акардэаністаў Матвею Пашкоўскаму і Тэоне Бебурыа разам з Дыпломам быў уручаны Спецыяльны прыз “За лепшы канцэртны нумар”. У 2019 годзе гэты ж дуэт атрымаў Пасведчанне аб Гранце на суму 210 еўра і запрашэнне для ўдзелу ў Міжнародным конкурсе ансамбляў народных інтсрументаў «MUSIC ANYDAY» у Барселоне і падарункавы сертыфікат ад Міжнароднага конкурсу-фестывалю мастацтваў “Мая мара”.
Сёлета вучні Т.Р.Пашкоўскай паспяхова ўдзельнічалі ў V Міжнародным фестывалі мастацтваў “Сакрэт поспеху”, дзе Данііл Шых стаў дыпламантам I ступені ў намінацыі “Народныя інструменты”. Данііл таксама заваяваў Дыплом I ступені ў Міжнародным дыстанцыйным конкурсе народнай творчасці “Ціхая мая Радзіма”. Вераніка Нагарнюкова стала лаўрэатам II ступені ў II Міжнародным конкурсе выканаўцаў на народных інструментах “З чаго пачынаецца Радзіма”, а таксама – лаўрэатам I ступені Міжнароднага конкурсу-фестывалю «#ЛУЧШЕДОМА» і Міжнароднага конкурсу музычнай творчасці «Вясновыя пошчакі». Уладзіслаў Кісялёў – лаўрэат III ступені Міжнароднага конкурсу інструментальнага выканальніцтва “Жывая музыка”.
Таццяна Пашкоўская ставіцца да работы, дзяцей і творчасці з душой, таму карыстаецца павагай у вучняў і іх бацькоў, калег, жыхароў аг.Жылічы. Самая высокая адзнака дзейнасці – поспехі яе вучняў, якія шчыра дзеляцца радасцю перамог са сваёй любімай настаўніцай.
Падрыхтавала
Яўгенія БЯЛЬКО.
На здымку: старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц аб’яўляе Падзяку Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта настаўніку Жыліцкай дзіцячай школы мастацтваў Таццяне Пашкоўскай.
Фота Рамана РУЦКАГА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.