Добрасумленная праца – дастойныя вынікі

Па выніках раённага спаборніцтва на жніве сярод сельгасарганізацый другое месца – на рахунку калектыва ААТ «Кіраўскае райаграпрамтэхзабеспячэнне». Сярод галоўных аграномаў у ліку лідараў – Уладзімір Дарафей, другое месца ў сваёй намінацыі заняў галоўны інжынер Святаслаў Русецкі.

Зладжана правялі ўборачную кампанію хлебаробы РАПТЗ: з 1 бала-гектара пасяўной плошчы тут дасягнулі ўраджайнасці збожжавых і зернебабовых раслін 102,6 кг, намалочана 9900 т збожжавых і зернебабовых культур (180% да паказчыка мінулага года), сярэдняя ўраджайнасць – 43,1 ц/га (без уліку рапсу).

У разрэзе культур самай ураджайнай стала азімая пшаніца, якая дала больш чым па 46 ц на круг, а месцамі – пад 60 ц (“эміль” нямецкай селекцыі). Якасці насеннага матэрыялу тут заўсёды надаюць
асаблівую ўвагу: штогод на палях сеюць 1-2 новыя гатункі, назіраюць за ростам і развіц­цём раслін, іх ураджайнасцю, калі ўсё адпавядае заяўленым патрабаванням – на наступны год плошчы павялічваюць.
Як адзначыў галоўны аграном Уладзімір Дарафей, важкія намалоты сёлетняга года – вынік стараннай працы ўсяго калектыву. Дзякуючы своечасова і якасна праведзенаму рамонту тэхнікі, яе догляду за ўсё жніво ні разу не здарылася сур’ёзных паломак: механізатары імкнуліся як мага хутчэй ліквідаваць няспраўнасць і выехаць у поле. Кіраўніцтва паклапацілася аб наяўнасці дастатковай колькасці гаруча-змазачных матэрыялаў і запасных частак, а таксама аб матэрыяльным стымуляванні стараннай працы механізатараў.
На жніве было задзейнічана 8 камбайнаў, усе – айчыннай вытворчасці, столькі ж адзінак тэхнікі на адвозцы. 7 экіпажаў камбайнераў перасягнулі тысячны рубеж па намалотах. Хутка дастаўлялі збожжа на перапрацоўчыя пункты вадзіцелі Валерый Араеў, Валерый Чарапуха, Віталь Васількоў, Леанід Паркалаў, Юрый Фіневіч і іншыя.
Значныя аб’ёмы работы выконвалі працаўнікі ачышчальна-сушыльных комплексаў, якіх у сельгаставарыстве два: у Кіраўску і Уласавічах. Апрацоўка збожжавых і зернебабовых не прыпынялася ні на хвіліну, старанна працавалі Сяргей Каранкевіч, Аляксандр Беніцэвіч, Аляксандр Хлапкоў, Віктар Пуцікаў, Уладзімір Нарэзенка і іншыя.
Не забываліся ўдзельнікі жніва і аб яго якасным правя­дзенні: камбайнеры імкнуліся не пакінуць на полі ніводнай нязжатай палоскі, а вадзіцелі старанна падрыхтавалі кузавы машын, каб не губляць зерне ў час перавозкі. Немалаважным аспектам зладжанай работы ўборачнага канвеера з’явілася забяспечанасць сельгаставарыства працавітымі і стараннымі механізатарскімі кадрамі. За плячыма многіх з іх – не першае жніво, а таму адказнасці і разумення важнасці хлебаробскай справы ім было не займаць.
Трывалы падмурак пад важкі хлебны каравай мясцовыя раслінаводы заклалі яшчэ з восені мінулага года: асноўную стаўку зрабілі на азімыя культуры, якіх пасеялі на 400 га больш. Каб управіцца ў аптымальныя агратэхнічныя тэрміны, з адказнасцю паставіліся да правядзення ўсіх падрыхтоўчых работ: правільна выбралі папярэднікі, дасканала рыхтавалі глебу, уносілі неабходныя мінеральныя тукі, кандыцыйным якасцям адпавядаў насенны матэрыял. Значная заслуга важкіх намалотаў – на рахунку добрасумленнага механізатара Аляксандра Сідарэнкі, які якасна правёў як восеньскую, так і веснавую сяўбу збожжавых і зернебабовых. З гаспадарскім падыходам выконвалі даручаную справу Уладзімір Комар і Уладзімір Шалянгоўскі, якія былі заняты на падрыхтоўцы глебы. Дзеля захавання будучага ўраджаю своечасова праводзілі хімічную апрацоўку раслін ад хвароб і пустазелля, іх падкормку. На гэтых работах былі задзейнічаны Дзмітрый Комар, Кірыл Гамалін, Пётр Дрозд і Андрэй Слуцкі.
Нельга не адзначыць уклад у дасягненні калектыву граматную работу галоўнага агранома Уладзіміра Дарафея, які рабоце ў раслінаводчай галіне прысвяціў больш за 19 год, 7 з іх – у райаграпрамтэхзабеспячэнні. Ён заўсёды імкнецца ўкараняць у работу штосьці новае і перадавое, цікавіцца распрацоўкамі вучоных, пераймае вопыт калег і дзеліцца сваімі прафесійнымі сакрэтамі.
Самааддана папрацавалі на палях і збожжатаках удзельнікі жніва, а інакш і быць не можа, такая ў іх справа – клопат пра самы галоўны прадукт на стале – духмяны хлеб.
Людміла СЯМЁНАВА.
На здымках: перадавыя экіпажы збожжаўборачных камбайнаў у саставе Сяргея Чудапала і Кірыла Гамаліна, Валянціна Сулімскага і Юрыя Русецкага.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.