Кіраўшчына святкуе раённыя “Дажынкі-2020”!

Сёння ў Кіраўскім раёне праходзіць свята працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2020”.

Гэтае свята сімвалізуе глыбокую павагу да самаадданай, руплівай працы сяльчан, якія прымнажаюць багацці роднай зямлі і забяспячваюць  харчовую бяспеку краіны.

Сёлетнія “Дажынкі” праводзяцца ў горадзе Кіраўску – маштабна, маляўніча, з добрым настроем. І таму ёсць падставы – важкі хлебны каравай па выніках жніва, адметныя дасягненні аграрыяў раёна. Таму яны – галоўныя героі  свята – усе, хто з гонарам прайшоў нялёгкі шлях да Хлеба…

 Раздзяліць з кіраўчанамі радасць святочных падзей прыехалі госці. Мерапрыемствы праграмы працягваюцца практычна ўвесь суботні дзень.

Адным са знакавых стала ўрачыстае адкрыццё паліклінікі цэнтральнай раённай бальніцы пасля рэканструкцыі.

Для жыхароў Кіраўшчыны гэтая падзея мае асаблівае значэнне. Часу, калі ўстанова аховы здароўя, абноўленая і знешне, і ўнутры, адкрые свае дзверы, з нецярпеннем чакалі і пацыенты, і медыкі.

Начальнік галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Магілёўскага аблвыканкама Аляксандр Старавойтаў падчас адкрыцця адзначыў, што ў нашай дзяржаве шмат робіцца для развіцця галіны аховы здароўя, і Кіраўскі раён не стаў выключэннем. “Праведзеная маштабная рэканструкцыя паліклінічнага аддзялення, – працягваў Аляксандр Старавойтаў, – паслужыць для таго, каб людзі менш хварэлі, і ў больш камфортных умовах праходзілі дыспансерызацыю”.

Ён падзякаваў уладзе, будаўнікам, прадстаўнікам калектыву райбальніцы, якія актыўна ўдзельнічалі ў правядзенні рэканструкцыі.

Старшыня райвыканкама Міхаіл Гулы ўручыў галоўнаму ўрачу Аляксандру Лукьяненку сімвалічны ключ ад корпуса паліклінікі. Затым удзельнікам урачыстасці было прапанавана  прайсціся па будынку, а таксама наведаць бальнічныя палаты хірургічнага аддзялення, у якіх дзякуючы матэрыяльнай дапамозе сельгасарганізацый раёна праведзены рамонт, і яны сталі больш камфортнымі для пацыентаў.

У гэты дзень у гарадскім скверы адбылася закладка алеі Міру і згоды.

Самая важная рэч на зямлі – мірнае жыццё, якое дае нам магчымасць стабільна развівацца, вучыцца, працаваць, ствараць сем’і, расціць дзяцей.

Ва ўсе часіны хлеб быў паслом міру і сяброўства. Перад прысутнымі паўстаў сімвал ураджаю 2020 года – галоўны дажыначны сноп Кіраўскага раёна. Быў  ўвасоблены народны абрад удзячнасці сёлетняй хлебнай ніве за важкі ўраджай.

Сімвалам дабрабыту, мудрасці, міру і згоды з даўніх часін у славян з’яўлялася дрэва. Удзельнікі і госці “Дажынак-2020” прынялі ўдзел у закладцы алеі, высадзілі некалькі дзясяткаў дрэў лістоўніц і вішань.

Падчас свята таксама адбылося ўрачыстае адкрыццё  новай спартыўнай пляцоўкі ў гарадскім парку.

Было адзначана, што здаровы лад жыцця і фарміраванне ў людзей патрэбы займацца фізічнай культурай – важкія інвестыцыі ў будучыню краіны.

Удзельнікі “Дажынак” усклалі кветкі да брацкай магілы воінаў і партызан, загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны, ушанавалі іх памяць мінутай маўчання.

Далей пад музыку духавога аркестра “Фанфары Кіраўска” адбылося святочнае шэсце “Пераможцаў шчыра славім!” па галоўнай вуліцы  райцэнтра. У калоне – прадстаўнікі ўлады, госці, дэлегацыі сельскагаспадарчых арганізацый раёна, перадавікі ўборачнай кампаніі з чырвонымі стужкамі, ветэраны сельгасвытворчасці.

Усе занялі месцы перад галоўнай сцэнай свята на плошчы імя Кірава, дзе прайшло ўрачыстае ўшанаванне пераможцаў жніва “Зямны паклон, падзяка і пашана!” з цырымоніяй узнагароджання. Гэтую ганаровую місію выканалі начальнік галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Магілёўскага аблвыканкама Аляксандр Старавойтаў, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Гацко, старшыня Кіраўскага райвыканкама Міхаіл Гулы, старшыня раённага Савета дэпутатаў Галіна Слабоднікава, старшыня абкама прафсаюза работнікаў АПК Генадзь Чорны і іншыя. 

Лепшыя хлебаробы, кіраўнікі, спецыялісты сельгасарганізацый атрымалі Ганаровыя граматы, дыпломы, падзячныя пісьмы, падарункі. Ім былі выказаны шчырыя словы ўдзячнасці за важкі каравай гэтага года, працавітасць, руплівасць і адданасць роднай зямлі. Творчыя калектывы дарылі героям жніва музычныя прывітанні.

 

Падчас свята працавалі выставы тэматычных падвор’яў, сельскагаспадарчай тэхнікі, маладзёжная і дзіцячая пляцоўкі. Свае творчыя вырабы дэманстравалі народныя майстры, прыцягвала ўвагу выстава работ вучняў дзіцячых школ мастацтваў і ўстаноў адукацыі. Было шумна на гандлёвых радах райспажыўтаварыства і іншых.

У вячэрняй праграме – канцэрт з удзелам арт-групы “Беларусы”, творчых калектываў раёна, а таксама светлавое шоу і святочны фейерверк.

Наталля ХАДАКОВА, Яўгенія БЯЛЬКО.

Фота Максіма МІКЕШЫНА і Людмілы СЯМЁНАВАЙ.     

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.