Пераможным рассветаўскім поступам…

ААТ “Рассвет імя К.П.Арлоўскага” па праву з’яўляецца флагманам у аграпрамысловым комплексе Кіраўшчыны. Вытворчасць большай часткі сельгаспрадукцыі раёна забяспечваецца менавіта тут. Высокія рэзультаты мясцовых працаўнікоў штогод пацвярджаюцца падчас падвядзення вынікаў раённых спаборніцтваў у розных намінацыях, у тым ліку за дасягненне высокіх паказчыкаў на ўборцы збожжавых і зернебабовых раслін. Не стаў выключэннем і бягучы сезон.

Пяты год запар “Рассвет ” прызнаны пераможцам у раённым спаборніцтве на жніве сярод сельгасарганізацый, якія дасягнулі найбольшай ураджайнасці збожжавых і зернебабовых раслін з 1 бала-гектара пасяўной плошчы, выканаўшых іх пастаўку для рэспубліканскіх дзяржаўных патрэб і іншыя ўмовы спаборніцтва. Акрамя таго, шэраг працаўнікоў ардэнаноснай гаспадаркі – спецыялісты і радавыя работнікі – таксама трапілі ў лік лаўрэатаў сёлетняга жніва.
“Мы не можам чакаць міласцей ад прыроды, узяць іх у яе – наша задача!” – гэтая вядомая фраза знакамітага біёлага, селекцыянера Івана Мічурына ў “Рассвеце” гучыць надзвычай актуальна. Працаваць з максімальнай самааддачай, выкарыстаць усе магчымыя рэзервы для развіцця сельгасвытворчасці – своеасаблівы негалосны дэвіз сельгаставарыства, якога прытрымліваюцца мясцовыя работнікі. Такі стыль у рабоце быў закладзены калісьці ў першыя часы станаўлення гаспадаркі пад кіраўніцтвам Кірылы Арлоўскага і замацоўваўся дзесяцігоддзямі. Відаць, па-іншаму працаваць рассветаўцы проста не ўмеюць, адсюль і стабільна высокія поспехі.
А яны – поспехі – і не могуць прыйсці самі па сабе. Выходзячы штогод у лідары жніва на Кіраўшчыне, “Рассвет” забяспечвае пры гэтым пастаяннае павелічэнне намалотаў у параўнанні з гадамі папярэднімі і практычна пастаянны рост ураджайнасці. Вось і сёлета, гледзячы на паспяваючыя рассветаўскія хлебныя палеткі, якія раскінуліся ажно на 4,5 тыс.га (разам з рапсавымі), можна было смела быць упэўненым: сёлетні каравай павінен быць яшчэ больш важкім за леташні. Так і сталася: агульны намалот збожжавых, зернебабовых і масланасення рапсу склаў 22450 т. З кожнага гектара намалочана (у бункернай вазе) па 51,2 ц збажыны, а рапсу – па 45,3 ц.
Важкі ўраджай вырашчаны і своечасова і якасна сабраны агульнымі намаганнямі зла­джанай каманды сапраўдных аднадумцаў – ад кіраўніцтва і спецылістаў, якія распрацоўвалі стратэгію і тактыку, да радавых работнікаў, якія плённа ажыццяўлялі іх на месцах. Граматна і дакладна арганізоўвае работу ўсяго калектыву “Рассвета” яго дырэктар Аляксандр Багель. Надзейны ў яго паплечнік і першы намеснік ў асобе Аляксандра Жылінскага, які ў каторы раз сёлета па праву прызнаны пераможцам раённага спаборніцтва сярод галоўных аграномаў. Важкае кампетэнтнае слова ў вырошчванні ўраджаю было сказана з боку агранома-хіміка Андрэя Скраблевіча, агранома-насеннявода Сяргея Кузьміна, а таксама брыгадзіраў вытворчых участкаў Сяргея Бяляўскага, Галіны Хмуровіч, Ігара Шчэрбіча, якія, здавалася б, гатовы былі пеставаць кожны каласок на палях.
У леташнюю восень пад азімыя былі падабраны ўчасткі і папярэднікі, глебу аздобілі арганічнымі і мінеральнымі ўгнаеннямі. У аптымальныя тэрміны, якасна былі праведзены ворыва, падрыхтоўка глебы і непасрэдна сяўба. Работы прадоўжыліся вясною, калі па неабходных тэхналагічных прыёмах правялі яравую сяўбу, потым даглядалі пасевы, падкармлівалі, абаранялі расліны ад пустазелля, шкоднікаў і хвароб.
Але ж і пасеяць, і апрацаваць, і сабраць вырашчанае немагчыма сёння без сучаснай высокапрадукцыйнай тэхнікі. Пра тэхнічны парк “Рассвета” можна гаварыць асобна. Да любога віду работ машыны, агрэгаты заўсёды рыхтуюцца загадзя з асаблівым ухілам на якасць, бо любы прастой на палетку не лепшым чынам адаб’ецца на канчатковым выніку. У тым, што тэхнічны парк у сельгаставарыстве заўсёды знаходзіцца ў выдатным стане, належнае трэба аддаць клопатам намесніка дырэктара па механізацыі Міхаіла Агафонава, галоўнага інжынера Аляксея Пятрушы, які сёлета зноў прызнаны лепшым у раённым спаборніцтве ў сваім амплуа, інжынера па сельгас­машынах Антона Казлова, брыгадзіраў трактарных брыгад Максіма Юркаўца, Сяргея Зносака, Аляксея Юркаўца.
І, безумоўна, асаблівую шчырасць на хлебных палетках праявілі непасрэдныя героі (без перабольшвання) жніва. Камбайнеры загадзя паставілі на лінейку гатоўнасці свае магутныя машыны і, як толькі быў аб’яўлены старт уборачнай кампаніі, накіраваліся на абмалот збажыны. Сёлета ўсе 12 рассветаўскіх экіпажаў перакрочылі тысячны рубеж па намалоту збожжа, 4 з іх намалацілі больш за 2 тыс.т., а адзін – звыш 3 тыс.т! Усе гэтыя камбайнеры – на фотаздымках у святочным нумары “Кіраўца”.
Шчыра працавалі і вадзіцелі, якія не давалі прастойваць камбайнам, імкліва дастаўляючы збожжа ў сушыльныя гаспадаркі. Больш за 3 тыс. т збожжа перавезлі Сяргей Іваніцкі, Валерый Шчэрбіч, пяцёра ва­дзіцеляў перакрочылі 2-тысячны рубеж, а Яўген Шабуневіч вылучыўся сярод маладых ва­дзіцеляў.
Важкі намалот патрабаваў хуткай і якаснай дапрацоўкі збожжа. І, трэба заўважыць, яно не залежвалася ў сушыльных гаспадарках, дзе брыгады і звёны працавалі круглыя суткі. І зноў увесь п’едэстал гонару ў раённым спаборніцтве занялі менавіта рассветацы: першае, другое і трэцяе месцы адпаведна прысуджаны звёнам на чале са старшымі аператарамі Аляксандрам Максіменкам, Паўлам Нікалаенкавым і Пятром Буціным.
Сваё важкае слова сказалі на жніве, як заўсёды, прафкам і ідэалагічны аддзел сельгаставарыства. Важным момантам, да прыкладу, былі арганізацыя працоўнага спаборніцтва, традыцыйнае маральнае і матэрыяльнае стымуляванне лепшых работнікаў, якія заахвочваліся прама ў полі. Усе, хто быў задзейнічаны на жніве, абавязкова былі забяспечаны спецвопраткай, 2-разовым гарачым харчаваннем.
Галоўны экзамен хлебаробаў, якім прынята лічыць жніво, рассветаўцы ў чарговы раз здалі на “выдатна”. Але ж ці мала іх – іншых экзаменаў у шчырых рупліўцаў зямлі-карміцелькі! Многія з тых, хто выдатна папрацаваў падчас збожжаўборачнай кампаніі, хутка пераселі за штурвалы іншых машын і адправіліся на наступныя ўчасткі работ – хто ўбіраць кукурузу, хто – цукровыя буракі, хто – агародніну, хто абмалочваць проса і травы, а іншыя пераключыліся на закладку падмурка новага ўраджаю…
Аляксандр ХАХЛОЎ.
На здымках: старшыня райвыканкама Міхаіл Гулы, дырэктар ААТ “Рассвет імя К.П.Арлоўскага” Аляксандр Багель, яго першы намеснік Аляксандр Жылінскі – на ніве; адны з лідараў жніва – экіпаж у саставе Мікалая (справа) і Анатоля Драздоў; лепшы вадзіцель на адвозцы збожжа Сяргей Іваніцкі.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.