Сустрэча пакаленняў адбылася ў Кіраўска
У раённым Доме культуры адбылася сустрэча пакаленняў, прымеркаваная да 100-годдзя ЛКСМБ, пад назвай “Юнацтва камсамольскае маё”. На яе былі запрошаны ветэраны педагагічнай працы і камсамольскага руху Кіраўшчыны Любоў Лазаковіч і Вера Клыга, маладыя спецыялісты, прадстаўнікі ўстаноў і грамадскіх аб’яднанняў.
Вітала ўдзельнікаў сустрэчы начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ларыса Гаўрылава. Задаючы тон гутарцы, у сваёй прамове яна прапанавала маладым людзям больш увагі звяртаць на культуру зносінаў паміж сабой, захаванне пачуцця патрыятызму, павагі да Радзімы, землякоў, здабыткаў і багаццяў нашага народа. “Гісторыя любога поспеху грунтуецца на шчырай напружанай працы, трывалых рознабаковых ведах, а таксама неабыякавасці і актыўнай грамадскай пазіцыі”, – падкрэсліла яна.
З асаблівай цеплынёй Ларыса Гаўрылава звярнулася да маладых спецыялістаў, якія сёлета пачалі прафесійны шлях ва ўстановах, арганізацыях і на прадпрыемствах Кіраўшчыны. Расказала аб асноўных сацыяльна-эканамічных паказчыках развіцця рэгіёна і выказала спадзяванне, што гэтыя маладыя спецыялісты будуць працаваць на сваіх першых рабочых месцах з адказнасцю, ініцыятыўна і неабыякава, часткай сваёй душы, ведаў і навыкаў прымножаць поспехі раёна.
Прадстаўнік Цэнтра банкаўскіх паслуг №709 ААТ “ААБ “Беларусбанк” Алена Лізунова расказала аб умовах ільготнага крэдытавання, прапануемых моладзі.
Першы сакратар РК ГА “БРСМ” Алена Осіпава прадставіла фотапрэзентацыю аб дзейнасці маладзёжнай раённай арганізацыі.
Прысутныя на сустрэчы ветэраны камсамольскага руху падзяліліся ўспамінамі са свайго юнацтва.
Супрацоўнікі цэнтральнай бібліятэкі правялі з удзельнікамі сустрэчы інтэлектуальную гульню “Медыя-азбука”, а таксама прадставілі іх увазе тэматычную выставу “Час. Падзеі. Людзі”. На ёй – больш 50-ці цікавых экспанатаў з камсамольскай эпохі: асабістыя дакументы камсамольцаў розных год, значкі, кнігі, вымпелы пераможцаў спаборніцтваў, фатаграфіі і іншыя рэчы.
Напрыканцы сустрэчы маладым людзям было прапанавана прайсці на экскурсію па бібліятэцы.
Яўгенія БЯЛЬКО.
Фота Максіма МІКЕШЫНА.