Медалём Францыска Скарыны ўзнагароджаны ўраджэнец Кіраўшчыны, артыст тэатра і кіно Іван Шчатко

У мінулую сераду прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды шэрагу лепшых прадстаўнікоў розных сфер дзейнасці. У іх ліку – наш зямляк, артыст тэатра і кіно Іван Шчатко, які ўдастоены медаля Францыска Скарыны.

На ўрачыстай цырымоніі, якая праходзіла ў Палацы Рэспублікі, Раман Галоўчанка адзначыў, што ўручэнне высокіх дзяржаўных узнагарод – гэта выдатная магчымасць дастойна ацаніць дасягненні людзей, якія заслужваюць таго, каб пра іх ведала ўся краіна, сардэчна падзякаваць ім за самаадданую працу, талент і прафесійнае майстэрства. Прэм’ер-міністр заўважыў, што кожны з узнагароджаных дабіўся выдатных рэзультатаў у сваёй прафесійнай дзейнасці, унёс вялікі асабісты ўклад ва ўмацаванне і развіццё краіны.

Гаворачы аб творчай інтэлігенцыі, да якой адносіцца і кіраўчанін Іван Шчатко, Раман Галоўчанка падкрэсліў: “Ва ўсе часы роля культуры ў грамадстве бясцэнная. Беларускае мастацтва традыцыйна замацоўвае ідэалы прыгажосці, дабрыні, справядлівасці, адыгрывае значную ролю ў фарміраванні маральных і эстэтычных каштоўнасцей. Дзякуючы вам, людзям таленавітым, творчым, натхнёным, неабыякавым, нацыянальная культура атрымлівае новае вымярэнне”.

Медаль Францыска Скарыны, якім узнагароджаны Іван Шчатко, – старэйшы з медалёў Рэспублікі Беларусь, заснаваны ў 1989 годзе. Ім узнагароджваюцца работнікі навукі, адукацыі і культуры за выдатныя дасягненні ў прафесійнай дзейнасці, значны асабісты ўклад у развіццё і прымнажэнне духоўнага і інтэлектуальнага патэнцыялу, культурнай спадчыны беларускага народа.

Ураджэнец Кіраўска Іван Шчатко ў свой час скончыў СШ №2 імя К.П.Арлоўскага, мясцовае СПТВ-220. Яго творчая дзейнасць пачалася на сцэнах вучылішча і раённага Дома культуры. Любоў да сцэны, тэатральнага мастацтва прывялі Івана ў Магілёўскае вучылішча культуры. Пасля яго паспяховага заканчэння юнак не менш паспяхова асвойваў сцэнічнае мастацтва ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў на аддзяленні рэжысуры і драмы ў майстэрні прафесара Рыгора Баравіка. У 2001 годзе Іван Шчатко стаў акцёрам драмы заслужанага калектыву “Беларускі дзяржаўны маладзёжны тэатр” (г.Мінск) і з’яўляецца верным яму дагэтуль. На рахунку акцёра вышэйшай катэгорыі – дзясяткі бліскуча сыграных роляў у пастаноўках БДМТ. Акрамя таго, Іван актыўна здымаецца ў мастацкіх стужках на кінастудыі “Беларусьфільм” і іншых. У фільмаграфіі таленавітага артыста – 42 ролі ў 42 праектах. Сярод найбольш вядомых стужак  – “Снайпер-2. Тунгус”, “Адваротны бок Месяца”, “На спіне ў чорнага ката”, “80-я”, “Яна не магла інакш”, “Пацалунак Сакрата”, “Вольф Месінг: які бачыў праз час”.

Мы звязаліся па тэлефоне з Іванам Шчатко, які пражывае ў Мінску, шчыра павіншавалі яго з узнагародай і папрасілі падзяліцца ўражаннямі:

– Для мяне, безумоўна, вялікі гонар — атрымаць медаль Францыска Скарыны з рук кіраўніка ўрада нашай дзяржавы. Тэатр – гэта маё жыццё, і я вельмі рады, што сціплае служэнне Мельпамене так высока ацэнена – гэта накладвае яшчэ і высокі абавязак перад калегамі па тэатральным цэху, а, у першую чаргу, – перад гледачамі, для якіх, па-сутнасці, і існуе наша прафесія.

Ад самой цырымоніі ўзнагароджання ў маёй душы засталіся самыя цёплыя і незабыўныя ўражанні. Узнёслая атмасфера, віншаванні на такім высокім узроўні… У тым ліку ад некаторых вядомых у краіне людзей, як, да прыкладу, міністра адукацыі Ігара Карпенкі, з якім знаёмы асабіста.

Высокую дзяржаўную ўзнагароду я прысвячаю сваім родным, якія жывуць у маім дарагім Кіраўску, – матулі Ніне Міхайлаўне, сёстрам Вользе і Святлане, а таксама памяці бацькі Івана Фёдаравіча.

А яшчэ – ведаю, што на маёй малой радзіме ў Кіраўску ёсць шэраг рабят-школьнікаў, якіх таксама, як і мяне калісьці, прываблівае сцэна, і яны займаюцца на тэатральным аддзяленні дзіцячай школы мастацтваў. Дык вось хачу ім пажадаць развіваць свае здольнасці і імкнуцца наперад. А мой медаль няхай будзе для іх арыенцірам таго, як можна і трэба рэалізоўваць свае таленты і памкненні.

Аляксандр ХАХЛОЎ.

Фото из домашнего архива Ивана ЩЕТКО.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.