Салдат тэрміновай службы з Добасны Максім Іваніцкі — гонар для бацькоў, прыклад для юнакоў

На мінулым тыдні ў Дабаснянскім НПК ДС-СШ адбылася ўрачыстая падзея: сюды з ганаровай місіяй завіталі ваеннаслужачыя 147 зенітнага ракетнага палка, які дыслацыруецца на тэрыторыі знакамітай Бабруйскай крэпасці, – намеснік камандзіра палка па ідэалагічнай рабоце падпалкоўнік Андрэй Краснагір і старшы афіцэр па інфармацыйна-прапагандысцкай рабоце Уладзімір Маняк, а таксама яфрэйтар Максім Іваніцкі – салдат тэрміновай службы. Максім – выпускнік гэтай навучальнай установы – за год службы ў арміі дасягнуў высокіх рэзультатаў у баявой падрыхтоўцы і ўвайшоў у лік 60-ці армейцаў Беларусі, якім сёлета ўручаюцца гадзіннікі ад Міністра абароны Рэспублікі Беларусь, з гравіроўкай як лепшым ваеннаслужачым тэрміновай ваеннай службы.

Традыцыйна, ушанаванне салдат, дасягнуўшых поспехаў у службе, адбываецца падчас урачыстага прыёму ў сталіцы, аднак сёлета, у сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй, камандзіры і прадстаўнікі воінскіх часцей накіроўваюцца ў розныя куточкі Беларусі – у сем’і, працоўныя і навучальныя калектывы, каб, у тым ліку, ушанаваць і бацькоў, якія выхавалі сапраўдных патрыётаў.

Месца сустрэчы было выбрана невыпадкова: акрамя таго, што Максім Іваніцкі вучыўся ў Дабаснянскім НПК ДС-СШ, тут жа працуюць і яго бацькі Сяргей Віктаравіч і Наталля Мікалаеўна.

Ва ўрачыстай атмасферы, у прысутнасці настаўнікаў і вучняў школы Андрэй Краснагір уручыў бацькам Максіма Падзячны ліст і кветкі, выказаў ім словы ўдзячнасці за выхаванне сына грамадзянінам і патрыётам, надзейным абаронцам сваёй дзяржавы і народа. Было адзначана, што за час службы яфрэйтар Іваніцкі зарэкамендаваў сябе адукаваным, дысцыплінаваным, выканаўчым і адказным ваеннаслужачым – у гэтым вялізная заслуга яго бацькоў і педагогаў.

Юнаму салдату падпалкоўнік Краснагір уручыў гадзіннік.

Дырэктар навучальнай установы Ірына Маслава атрымала Падзяку ад камандавання воінскай часці за ўдзел у навучанні і выхаванні М.С.Іваніцкага. Ірына Іванаўна расказала, што для калектыву школы гэтая ўрачыстасць стала нечаканасцю, раней такого ніколі не было. “Мы вельмі радуемся і ганарымся тым, што наш выпускнік праславіў сваю ўстанову адукацыі выдатнымі поспехамі падчас армейскай службы. Многія вучні нашай школы ў будучым звязваюць сваё жыццё з ваеннай справай, гэта дае падставы спадзявацца, што наша бяспека – у надзейных руках”, – адзначыла дырэктар школы.

Цікавы факт, што візіт ваеннаслужачых прыйшоўся на “Дзень патрыёта” у навучальнай установе. Андрэй Краснагір расказаў юнакам і дзяўчатам аб армейскім жыцці, перавагах ваеннай адукацыі. Максім Іваніцкі таксама падзяліўся сваімі ўражаннямі аб арміі, асабістых дасягненнях і параіў ім не здавацца перад цяжкасцямі.

…Моцны поціск рукі бацькі, слёзы радасці ад доўгачаканай сустрэчы на вачах маці, віншаванні ад любімых педагогаў і зацікаўлены погляд вучняў – усё гэта пакінула ў Максіма шмат станоўчых эмоцый і цеплыні ў душы. Да гэтага дня ён не быў дома амаль год – з таго часу, як накіраваўся на тэрміновую службу ў армію. Па словах юнака, гэтыя моманты сталі для яго яшчэ адным прыемным, дарагім сэрцу падарункам. Успаміны аб прыездзе да дому і ўсведамленне таго, што ў роднай вёсцы яго чакаюць і паважаюць, надаюць бадзёрасці духу, бо служба ў арміі для яго працягваецца, доўгачаканая для кожнага салдата падзея – звальненне ў запас – чакае Максіма вясной наступнага года.

Яўгенія БЯЛЬКО.

Фота аўтара.

      

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.