Поспехаў у рабоце жывёлаводы КСУП «Ніва-Барсукі» дасягаюць разам

Стабільна і зладжана праходзіць зімова-стойлавы перыяд утрымання грамадскага статка ў КСУП “Ніва-Барсукі”. Жывёлагадоўчыя памяшканні належным чынам былі падрыхтаваны да зімы, а рацыён кароў, цялят і быкоў скарэкціраваны на атрыманне імі высокаэнергетычных кармоў. Прадпрынятыя меры дазваляюць ніваўцам стабільна трымаць дасягнутыя поспехі па надоях малака і атрыманні прываг.

Цёплыя памяшканні і якасныя кармы – гэта немалаважныя фактары, але галоўнае – надзейныя кадры, іх адказнае стаўленне да даручанай справы. У сельгаспрадпрыемстве такіх нямала. Аб гэтым сведчаць і вынікі працоўнага спаборніцтва сярод жывёлаводаў раёна, дзе аператары машыннага даення і даглядчыкі КСУП “Ніва-Барсукі” пастаянна ў ліку лідараў. Шэраг перадавікоў гаспадаркі сёлета быў адзначаны і падчас урачыстага мерапрыемства з нагоды Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК.

Ганаровай граматы Ма­гі­лёўскага аблвыканкама сёлета быў удастоены аператар па дарошчванні БРЖ Пётр Сямёнаў. У гаспадарцы ён працуе больш за два дзесяцігоддзі і ўвесь час – на даро­шчванні цялят.
Нарадзіўся і вырас ён у Пад­лешчанцы. Адслужыўшы ў арміі, вярнуўся на малую радзіму, уладкаваўся на працу ў мясцовы калгас. І хаця мог быць механізатарам (адвучыўся на трактарыста), яго цягнула даглядаць кароў і цялят, бо з дзяцінства бегаў на ферму да матулі, якая працавала даяркай, дапамагаў ёй. З таго часу і засталася гэтая любоў да жывёлы.
Кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства і загадчык МТФ “Барсукі” Алена Мялешкіна вельмі задаволены стаўленнем да справы Пётра Сямёнава. Ён разам са сваёй напарніцай Ірынай Макацерскай вядуць адзін з самых адказных участкаў – догляд за цялятамі ад 3 месяцаў да года. Менавіта ад іх стараннасці залежыць патэнцыял будучага грамадскага дойнага статка: бо, як вядома, прадуктыўнасць каровы закладваецца на этапах вырошчвання і дарошчвання. На ўтрыманні ў жывёлаводаў зараз знаходзіцца 267 галоў БРЖ. Усе цяляты расстаўлены па групах згодна ўзросту: гэта дазваляе правільна арганізаваць працэс догляду, наладзіць адпаведнае кармленне.
Кожная працоўная раніца аператараў пачынаецца прыкладна аднолькава: спачатку – чыстка стойлаў, іх подсціл, раздача камбікармоў і сенажу з упакоўкі, які па сваіх якасцях больш карысны для будучых кароў.
Штодня жывёлаводы строга кантралююць здароўе гадаванцаў. Па словах Пятра Сямёнавіча, за гады работы ён ужо навучыўся з аднаго позірку бачыць, што цяляці захварэла, і яму патрабуецца дапамога.
Як адзначыла Алена Мялешкіна, абодва гэтыя аператары строга назіраюць за станам сваіх падапечных, яны не чакаюць, калі ветурач наведаецца ў хлеў, а самі яго выклікаюць, дапамагаюць спецыялісту правесці неабходныя маніпуляцыі. Як вынік – жывёлаводы маюць 100-працэнтную захаванасць маладняку БРЖ, а сярэднясутачныя прывагі – самыя высокія ў раёне – каля 1000 г. Па стане на 1 лістапада 2020 г. гадаванцы Пятра Сямёнава і Ірыны Макацерскай “плюсуюць” па прывагах да адпаведнага паказчыка мінулага года на 154 грама. Пры такіх прывагах – дастойныя заробкі, якімі аператары, канешне ж, задаволены. Стымул самааддана працаваць ёсць. На іншыя фермы перадаюць сваіх падапечных Сямёнаў і Макацерская пасля 12 месяцаў. Цялушкі да гэтага моманту набіраюць вагу ў 300-310 кг, а, значыць, – у будучым яны стануць высокаўдойнымі каровамі, забяспечыўшы важкія надоі і здаровы прыплод.
У чым жа сакрэт такой паспяховай працы і стабільна высокіх прываг? Пётр Сямёнаў адзначыў, што ніякага асаблівага сакрэту ў іх няма: трэба любіць справу, якой займаешся, адказна ставіцца да яе выканання. А цяляткі, лічыць жывёлавод, як малыя дзеці, іх трэба палашчыць, своечасова і правільна пакарміць, кантраляваць, каб адпачывалі яны на мяккай і чыстай падсцілцы, не хварэлі.
Сваё жыццё з работай у сельскагаспадарчай галіне звязала ўся сям’я Пятра Сямёнава: жонка працуе лабарантам на ферме “Ізабэліна” КСУП “Ніва-Барсукі”, сын – тут жа механізатарам, дачка пасля заканчэння БДСГА у Горках – аграномам у Асіповіцкім раёне.

З кагорты старанных працаўніц і Іры­на Ма­кацерская. Нара­дзілася яна ў Жылічах, выйшла замуж і пераехала жыць у Барсукі. У пары з Пятром Сямёнавым жанчына працуе больш за 16 год. За гэты час яны навучыліся разу­мець адзін аднаго з паўслова, таму і праца наладжана дасканала: кожны ведае, калі, што, і як рабіць. Нягледзячы на даволі адказны і складаны ўчастак, Ірына Мікалаеўна любіць свой занятак і цялят-гадаванцаў. Жанчына ўпэўнена: калі ў чалавека ляжыць душа да нейкага занятку, ён ніколі не надаку­чыць, а, наадварот, дасць сілы і энергію для новых дасягненняў. Сёлета добрасумленная праца Ірыны Макацерскай была адзначана Ганаровай граматай райвыканкама.
На МТФ “Барсукі” зараз утрымліваецца 1100 галоў БРЖ. Акрамя цялят на дарошчванні, знаходзяцца тут бычкі на адкорме, цяляты да 3-месячнага ўзросту і 411 кароў дойнага статка. Зараз на карову тут у сярэднім атрымліваюць па 13,5 л
малака, якое адпраўляецца на перапрацоўчае прадпрыемства гатункам “экстра”. Тлустасць малака складае 4,2-4,3% (пры базіснай – 3,6%), а гэта зна­чыць – у грамадскую касу ідуць дадатковыя грошы.
Як адзначыла Алена Мя­леш­кіна, такіх “малочных” вынікаў яны дасягнулі паступова, для чаго прыклалі намаганні ўсе: ад спецыялістаў да радавых працаўнікоў. Старанна выконваюць сваю справу даяркі Святлана Панамарова і Надзея Свірко, на раздоі кароў і доглядзе цялят да 3-месячнага ўзросту – Юлія Якаўлева і іншыя.
Варта адзначыць, што кармавая база ў гаспадарцы заўсёды была высокай якасці, таму асаблівы кантроль надалі здароўю жывёлы, бо вялікае малако можна атрымаць толькі ад здаровай каровы. Для апрацоўкі капыт набылі і ўстанавілі пенны генератар, чым максімальна скарацілі захворванні канечнасцяў. Больш адказна да сваёй справы сталі ставіцца і даяркі: кантралююць стан кароў, строга захоўваюць тэхналогіі даення і паслядойнай апрацоўкі вымя. Важкія надоі станоўча паўплывалі і на заробкі жывёлаводаў.

Пэўная заслуга ў такіх выніках, упэўнена кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства, – загадчыка МТФ “Барсукі” Алены Мялешкінай. Жанчына на сваёй пасадзе – каля 5 год. За гэты час яна згуртавала вакол сябе калектыў, які складае 25 чалавек, нацэліла людзей на старанную працу, вынік якой – дастойная зарплата.
У КСУП “Ніва-Барсукі” яна працуе з 1991 года, прыйшла сюды пасля заканчэння Жыліцкага сельгаскаледжа. Працяглы час была аператарам машыннага даення. Заўсёды вызначалася дысцыплінаванасцю, адказнасцю. Калі з’явілася вакансія загадчыка МТФ, кіраўніцтва аднадушна вырашыла прапанаваць гэтую пасаду Алене Уладзіміраўне. І, як бачна, не памылілася.
Алена Мялешкіна нарадзілася ў в.Капусціна, у сям’і, дзе гадавалася 15 дзяцей. Калі дзяўчынцы было 7 год, бацькоў не стала, яе забрала да сябе адна з сясцёр, якая жыла ў Валагодскай вобласці Расіі. Пасля заканчэння школы Алена вырашыла вярнуцца на сваю малую радзіму, паступіла ў Жыліцкі сельгаскаледж. Выйшаўшы замуж, засталася жыць і працаваць у Барсуках.
Сёлета з нагоды Дня сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК Алена Мялешкіна была ўзнагароджана Ганаровай граматай камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Магілёўскага аблвыканкама.
Як адзначыў дырэктар КСУП “Ніва-Барсукі” Іван Рыняк, на МТФ “Барсукі” склаўся моцны, згуртаваны і працавіты калектыў: кожны работнік дакладна ведае свае абавязкі. Усе працуюць з душой, выконва­юць пастаўленыя задачы, чым паляпшаюць свой дабрабыт, спрыяюць развіццю сельгаспрадпрыемства.
Людміла СЯМЁНАВА.
Фота Максіма МІКЕШЫНА.

 

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.