Ахова зямельных рэсурсаў – наша агульная справа. Начальнік аддзела землеўпарадкавання Кіраўскага райвыканкама Марына Краўчанка расказала аб дзейнасці калектыву

Сярод асноўных задач работнікаў землеўпарадкавальнай службы –рэгуляванне зямельных адносін, устанаўленне і змяненне межаў населеных пунктаў, прадастаўленне зямельных участкаў, кантроль за рацыянальным выкарыстаннем земляў і іншае.

Звяртаюцца за дапамогай да спецыялістаў-земслужбы многія: хтосьці збіраецца пабудаваць ці прадаць дом, правесці газіфікацыю ці электрыфікацыю, зарэгістравацца, устанавіць межы ўчастка і інш.
Напярэдадні прафесійнага свята мы сустрэліся з начальнікам аддзела землеўпарадкавання райвыканкама Марынай КРАЎЧАНКА і папрасілі расказаць аб дзейнасці калектыву:
– Зямля – адна з каштоўнасцей дзяржавы, а таму яе ахова і выкарыстанне – на асаблівым кантролі, гэтыя функцыі выконвае землеўпарадкавальная служба.
Калектыў наш невялікі – 3 спецыялісты. Акрамя штодзённага прыёму грамадзян у горадзе, для зручнасці вяскоўцаў за кожным сельсаветам замацаваны работнік аддзела, які рэгулярна выязджае ў населеныя пункты раёна, вядзе прыём па пытаннях, якія тычацца зямельных адносін.
2018-2020 гады ў Беларусі былі аб’яўлены Годам малой радзімы, таму немалаважная ўвага была нада­дзена культуры земляробства і гаспадарскіх адносін да зямлі. Сведчаннем таго, што наш раён старанна папрацаваў у гэтым накірунку, стала 1 месца ў рэспубліканскім аглядзе-конкурсе землекарыстання высокай культуры земляробства, добраўпарадкавання машынных двароў, жывёлагадоўчых ферм і комплексаў за 2020 год.
Сумесна з сельвыканкамамі і сельгасарганізацыямі значная ўвага была нададзена рабоце па навядзенні парадку на зямлі, уцягненні ў севазварот невыкарыстоўваемых зямельных ўчасткаў. Папярэднічае гэтаму абкошванне пустазелля, выдаленне шматгадовых насаджэнняў і хмызняку, знос пустуючых дамоў. Праводзімыя мерапрыемствы дазволілі толькі ў мінулым годзе ўцягнуць у севазварот 243 га пустуючых раней земляў, з іх 146 га – сельгасарганізацыямі раёна. Сёлета гэтая работа будзе працягнута.
Актыўна працуем і з фізічнымі асобамі. Нашай службай сфарміравана база дадзеных аб свабодных зямельных участках, якія могуць быць выкарыстаны грамадзянамі для індывідуальнага жыллёвага будаўніцтва. Інфармацыя аб іх размешчана на стэндах, а таксама на афіцыйным сайце райвыканкама, штомесяц яна абнаўляецца. Варта адзначыць, што ў нашым раёне маюцца ў наяўнасці свабодныя ўчасткі для рознага мэтавага прызначэння: 13 з іх размешчаны ў г.Кіраўску, 72 – у садаводчых таварыствах, 74 – на тэрыторыях сельвыканкамаў.
Папулярнасцю ў жыхароў Кіраўшчыны карыстаюцца ўчасткі для будаўніцтва і абслугоўвання жылля, зараз на гэтыя мэты выдзяляецца ў сельскай мясцовасці – ад 0,15 да 0,25 га зямлі, у горадзе – ад 0,05 да 0,15 га. Прыемна адзначыць, што кіраўчане сталі больш актыўна звяртацца ў наш аддзел за выдзяленнем участкаў для заняткаў агародніцтвам. З задавальненнем ідзем насустрач кліентам: землі павінны радаваць прыгажосцю і ўраджаямі. А вось будаваць дамы і гаспадарчыя пабудовы на такіх участках нельга, як і высаджваць шматгадовыя дрэвы і кустоўе.
Працуем і з юрыдычнымі асобамі, для іх кадастравы кошт зямлі залежыць ад многіх фактараў: гэта наяўнасць асфальтабетоннага пад’езду да ўчастка і камунікацый, магчымасць газіфікацыі будынка.
15 сялянска-фермерскіх гаспадарак раёна валодаюць 784 га земляў сельскагаспадарчага прызначэння. Летась у раёне створана 2 новых СФГ, тры фермеры звярнуліся па пытанні прадастаўлення дадатковых плошчаў для вядзення гаспадаркі.
Нягледзячы на праводзімую работу, па-ранейшаму выяўляюцца факты неэфектыўнага выкарыстання земляў, прадастаўленых грамадзянам для будаўніцтва і абслугоўвання жылога дома ці вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі, юрыдычным асобам – для заняткаў іншай дзейнасцю. У мінулым годзе землеўпарадкавальнай службай ажыццяўляўся кантроль за недапушчэннем парушэнняў зямельнага заканадаўства, было выяўлена 130 фактаў невыкарыстання ці нерацыянальнага выкарыстання ўчасткаў. Прычыны гэтага розныя: у сельскіх населеных пунктах змяншаецца колькасць жыхароў, у дамы, атрыманыя ў спадчыну, некаторыя грамадзяне наведваюцца зрэдку, зямлю не апрацоўваюць. Усе гэтыя фактары вядуць да зарастання земляў пустазеллем і хмызняком. Не дапусціць гэтага – наша асноўная задача.
З надыходам вясны наш аддзел актывізуе праверкі па выяўленні парушэнняў зямельнага заканадаўства, нядбайныя гаспадары будуць прыцягвацца да адказнасці. Але гэта не самамэта, галоўнае, каб жыхары Кіраўшчыны і юрыдычныя асобы рацыянальна і эфектыўна карысталіся нашым агульным багаццем – зямельнымі рэсурсамі.
Падрыхтавала Людміла СЯМЁНАВА.
Фота Максіма МІКЕШЫНА.

 

Подписывайтесь на нас в социальных сетях: «Одноклассники» и «Одноклассники» (группа), «ВКонтакте», «Фейсбук», «Instagram», «Telegram», «Яндекс Дзен».

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.