Механізатары і рамонтнікі ААТ “Кіраўскае райаграпрамтэхзабеспячэнне” актыўна рыхтуюць тэхніку да веснавых палявых работ

З думкамі аб веснавым полі

Ад першых маразоў, якія скоўваюць зямлю і пакрываюць ледзяным шклом вадаёмы, да радасных птушыных трэ­ляў, што абвяшчаюць аб надыходзе цёплых веснавых дзён, для працаўнікоў сяла звычайна працягваецца перыяд адноснага зацішша – так званага міжсезоння. Маю на ўвазе, у першую чаргу, тых, каму даводзіцца шчыраваць на палетках. Аднак гэта зусім не азначае, што вяскоўцы ў такі час сядзяць склаўшы рукі. Не такая яна ўжо і доўгая – зіма: не паспееш азірнуцца, як веснавое сонца пакліча земляробаў на палеткі. І ад таго, у якой гатоўнасці яны выйдуць на старт, будзе залежаць у многім, якім багатым на ўраджай будзе фініш.

Рыхтуй сані летам, а калёсы – узімку… Гэтае вядомае ўсім народнае выслоўе як мага найлепш тычыцца сёння механізатараў і рамонтнікаў. Да пачатку веснавой палявой кампаніі ёсць яшчэ час, які неабходна выкарыстаць з максімальнай карысцю: давесці да ладу ўсю неабходную тэхніку, каб выйсці на палявыя гектары ў поўнай гатоўнасці. Менавіта з такімі думкамі і памкненнямі арганізоўваюць кожны свой рабочы дзень прадстаўнікі тэхнічнага цэху ААТ “Кіраўскае райаграпрамтэхзабеспячэнне”.
У вытворчых памяшканнях акцыянернага таварыства штодня з ранку завіхаюцца механізатары, рамонтнікі. Днямі пабываўшы тут, у адным з цэхаў мы сустрэлі галоўнага механіка Святаслава Русецкага, у якога пацікавіліся ступенню гатоўнасці машынна-трактарнага парка на бягучы момант.
– Сезон рамонтных работ пачаўся яшчэ ў лістападзе мінулага года, – расказаў нам Святаслаў Сцяпанавіч – адзін з вопытнейшых спецыялістаў РАПТЗ. – Уся тэхніка – трактары, аўтамашыны, прычапныя агрэгаты – своечасова пачысцілі, паставілі на зімовае захоўванне, пасартавалі: што – на хаду, што патрабуе рамонтных работ. А затым узяліся за іх непасрэдна. Працаваць, безумоўна, было над чым, ды і яшчэ ёсць. Што ні кажы, а парк працэнтаў на 85-90 мае значную амартызацыю. Таму ўзяліся за справу без прамаруджвання. Кожны механізатар, вадзіцель увагу сваю скіраваў у асноўным на замацаваную за ім тэхніку, на якой, між іншым, будзе працаваць і ў новым сезоне. Як кажуць, свае калёсы рыхтуюць самі…

Галоўны механік РАПТЗ Святаслаў Русецкі (справа) і механізатар Пётр Дрозд

У словах галоўнага механіка мы пераканаліся тут жа, паназіраўшы, як “чаруюць” над сталёвымі канямі механізатары. Уладзімір Комар рыхтуе даўно стаўшы яму амаль родным энерганасычаны трактар “Атлес”. Да яго перадавы механізатар плануе прычапіць плугі і будзе ўзворваць глебу пад будучую сяўбу. Уладзімір Шалянгоўскі завіхаецца каля свайго “Джон Дзіра”. І ён плануе ўключыцца ў працэс ворыва. У якасці прычапнога агрэгата будуць задзейнічаны плугі “Чэленджэр”.
Непадалёк завіхаецца старэйшы сын Уладзіміра Комара – Дзмітрый. Увосень ён добра папрацаваў на ўборцы цукровых буракоў. І хоць да такога ж перыяду гэтага года будзе механізатар задзейнічаны на іншых палявых работах, і камбайн “Холмер” ён рыхтуе сёння, каб без прамаруджванняў на яго перасесці потым.
Мікалай Варанчукоў даводзіць да ладу адзін з энерганасычаных трактароў айчыннай вытворчасці. На “Беларусу-3022” ён рыхтуецца сеяць збожжавыя. Пасяўны агрэгат АКПМ-6 ужо гатовы да гэтага рабочага працэсу. У палявых работах будзе заняты таксама яшчэ адзін такі ж трактар.
З’явіўся ўрэшце ў “камандзе” магутных трактароў і навічок. Нядаўна парк папоўніў “Беларус-3522”, а да яго ў камплекце быў дабаўлены і новы 9-карпусовы зваротны плуг. У гэтай тэхніцы, безумоўна, мелася патрэба. Новую айчынную камфортную і высокапрадукцыйную машыну замацавалі за старанным механізатарам Андрэем Слуцкім, які папярэдне прайшоў спецыяльную падрыхтоўку на курсах у Магілёве. Акрамя ворыва Андрэю даручаюць і такі важнейшы ўчастак, як сяўба. Класці зярняты ў свежую глебу ён будзе з дапамогай пасяўнога агрэгата “Rabe”.
Калі зайшла гаворка пра трактары, то не лішнім будзе адзначыць, што менш энерганасычаныя машыны ўсе знаходзяцца на рабочым хаду. На розных работах будуць задзейнічаны (а некаторыя і зараз заняты ў справе) 10 адзінак МТЗ-1221 і 14 лёгкіх МТЗ-82.
Пасяўныя агрэгаты для сяўбы збожжа, як заўважыў Святаслаў Русецкі, даве­дзены да ладу і чакаюць свайго часу. Акрамя іх на стадыі завяршэння рамонт сеялкі “Planter” для сяўбы цукровых буракоў і СКП-12 для сяўбы кукурузы. З апошнім з іх рыхтуецца выйсці ў поле Аляксандр Тылінскі – неаднаразовы раённы лідар на сяўбе “царыцы палёў”.

За рамонтам агрэгата АКШ заняты механізатары Сяргей Зазерскі і Мікалай Дрозд

Важнае звяно ў ланцугу веснавых палявых работ – апрацоўка глебы. Усе 6 наяўных у РАПТЗ плугоў гатовы хоць сёння “ў бой”. Занята на палетках будзе 3 адзінкі АКШ. Прычым два з іх (АКШ-3,6) вырашана мадэрнізаваць уласнымі сіламі. Для работ з глебай плануецца таксама задзейнічаць для закрыцця вільгаці 2 культыватары КПС-6 плюс навясны 9-мятровы культыватар КПШ-9. У рабочым стане – 2 дыскатары АДН-4, а таксама адзін АД-600.
– Сказаць, аднак, што кожны толькі сам рыхтуе сваю тэхніку, будзе няправільным, – падкрэсліў галоўны механік. – Каб машыны і агрэгаты зладжана працавалі на палях, вялікую дапамогу ім аказвае значная колькасць іншых спецыялістаў рамонтнай справы. Вельмі патрэбныя, да прыкладу, прафесійныя навыкі электрагазазваршчыка Уладзіміра Свірко, майстра-наладчыка Аляксандра Кісяля, слесара Сяргея Капусты. А як абысціся без залатых рук нашых майстроў – слесара Анатоля Стальмакова і слесара па рамонце паліўнай апаратуры Васіля Рублеўскага?.. Любы рабочы вузел, любая дэталь – у кампетэнцыі ветэранаў акцыянернага таварыства.

А яшчэ значна садзейнічае якаснаму рамонту і яго шпаркім тэмпам дзейнасць спецыялістаў мясцовага дылерскага цэнтра, накіроўвае работу якога галоўны інжынер Васіль Міхалап. Яны, дарэчы, аказваюць дапамогу ў давядзенні да ладу тэхнікі не толькі РАПТЗ, але і іншых сельгаспрадпрыемстваў нашага раёна, а таксама Бабруйскага, Глускага, Асіповіцкага, Клічаўскага. Кіраўскія майстры-дылеры абслугоўваюць гарантыйную тэхніку, а таксама забяспечваюць бягучы рамонт. Добрых слоў тут заслугоўваюць слесары Міхаіл Залатой, браты Уладзімір і Аляксандр Нарэзенкі і іншыя.
Як мы даведаліся напрыканцы нашай размовы, на бягучы момант у РАПТЗ на лінейку гатоўнасці пастаўлена больш за 60% усёй неабходнай на палявых работах тэхнікі. Аднак, як запэўніў Святаслаў Русецкі, да 24 сакавіка, а менавіта на гэтую дату назначана ў таварыстве правядзенне дзяржтэхагляду, усе машыны і агрэгаты будуць знаходзіцца на лінейцы гатоўнасці.
Аляксандр ХАХЛОЎ.
Фота Максіма МІКЕШЫНА.

Подписывайтесь на нас в социальных сетях: «Одноклассники» и «Одноклассники» (группа), «ВКонтакте», «Фейсбук», «Instagram», «Telegram», «Яндекс Дзен».

 

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.