Разам – да новых працоўных дасягненняў. У КСУП «Чырвоны баец» адбыўся справаздачны сход

Працягваецца правядзенне справаздачных сходаў у сельгасарганізацыях раёна. У КСУП “Чырвоны баец” былі падведзены вынікі мінулага сельскагаспадарчага года, адзначаны дасягнутыя поспехі, прааналізаваны дапушчаныя пралікі і вызначаны шляхі іх выпраўлення, названы незадзейнічаныя рэзервы развіцця, а таксама акрэслены задачы на год бягучы. Удзел у сходзе прынялі першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік райсельгасхарчу Аляксандр Осіпаў, дырэктар КСУП “Ніва-Барсукі”, удзельнік VІ Усебеларускага народнага сходу Іван Рыняк.

Падводзячы вынікі, старшыня сельгаспрадпрыемства Сяргей Лянкевіч адзначыў, што 2020 год па шэрагу пазіцый быў для гаспадаркі даволі ўдалым. Але некаторых рэзультатаў дасягнуць усё ж не ўдалося, і гэтаму былі свае прычыны.

Атрыманы добрыя паказчыкі фінансавай дзейнасці: выручка ад рэалізацыі прадукцыі, работ і паслуг склала 8612 тыс. руб. (на 1130 тыс. руб. больш, чым у 2019 г.), як вынік – значна павысіўся прыбытак ад рэалізацыі прадукцыі, рэнтабельнасць продажу склала 12,8% (+11 працэнтных пунктаў). Дасягнутыя вынікі дазволілі павялічыць заробкі працуючых на 27,8% (да ўзроўню 2019 г.).
Па словах Сяргея Лянкевіча, негатыўны ўплыў на раслінаводчую галіну аказала надвор’е. Атрымана збожжавых і зернебабовых з улікам кукурузы пасля дапрацоўкі 5474 т
пры ўраджайнасці 41,2 ц/га (+7,1 ц/га да 2019 г.). Недабралі зерня кукурузы, недаатрымалі цукровых буракоў і масланасення рапсу. У той жа час амаль на 1500 т больш нарыхтавана кармоў для грамадскага статка: на ўмоўную галаву жывёлы – па 45,3 ц к.адз. (+8,8 ц к.адз.).

Аналізуючы работу жывёлагадоўчай галіны, Сяргей Лянкевіч адзначыў, што летась па вытворчасці малака дасягнулі значнага росту. Атрымана 6285,8 т малака (122,9% да ўзроўню 2019 г.). Удой на карову склаў 9271 кг (+1018 кг). Гэта самы высокі паказчык у раёне і адзін з лепшых у вобласці. Таварнасць малака склала 92%, усё яно адпраўлялася на перапрацоўчае прадпрыемства гатункам “экстра”. Сёлета перад жывёлаводамі стаіць задача не знізіць паказчыкаў, а наадварот, – прымножыць дасягнутае.
Летась быў уведзены ў строй хлеў на 214 галоў БРЖ, набыты 2 пастэрызатары малака на 500 л
кожны, 2 сушылкі для нованароджаных цялят на 4 месцы.
У планах на бягучы год – рэканструкцыя хлява для прывязнага ўтрымання маладняку БРЖ на 150 жывёламесцаў.

Сяргей Лянкевіч падкрэсліў, што ў жывёлагадоўлі, асабліва па вытворчасці мяса, застаюцца недапрацоўкі, таму неабходна ўзмацніць работу па адточванні тэхналогіі ўтрымання БРЖ, перагледзець некаторыя падыходы.
Асаблівую ўвагу, па словах дырэктара, неабходна будзе надаць забеспячэнню кармамі грамадскага статка і паляпшэнню іх якасці. Таму перад інжынернай службай гаспадаркі стаяць важныя задачы па падрыхтоўцы тэхнікі, перад агранамічнай – па своечасовай уборцы траў, кантролі за якасцю закладваемай зялёнай масы.

Для таго, каб своечасова і ў вызначаныя тэрміны выконваліся палявыя работы, машынна-трактарны парк летась папоўніўся новым корма­ўборачным камбайнам КВК-800, таксама набылі навясную касілку, граблі, раскідвальнік мінеральных угнаенняў, прычэп.
Увогуле ж, асноўнымі задачамі на бягучы год у галіне раслінаводства былі названы строгае захаванне тэхналогій, у жывёлагадоўлі – павышэнне таварнасці атрымліваемай прадукцыі, узмацненне селекцыйнай работы і іншыя.

Па словах Сяргея Лянкевіча, у калектыва нямала планаў, выкананне якіх дазволіць значна палепшыць дабрабыт сельгас­прадпрыемства і яго працаўнікоў.
Словы ўдзячнасці за адданасць роднай зямлі, сялянскую мудрасць і працавітасць прагучалі са сцэны ў адрас аператараў машыннага даення Анастасіі Крыванос, Таццяны Біч, Галіны Здункевіч, аператараў жывёлагадоўчых комплексаў і механізаваных ферм Наталлі Навуменка і Андрэя Сарокі, аператара па штучным асемяненні Юліі Пархімчык, галоўнага заатэхніка Віктара Даніленкі, галоўнага эканаміста Дзмітрыя Сяргейчыка, начальніка цэха жывёлагадоўлі Армана Шынвізэ, брыгадзіра вытворчай брыгады раслінаводства Фёдара Еўдакімава, трактарыста-машыніста Дзмітрыя Аляксеева, вадзіцеляў Аляксандра Ермалаева, Мікалая Аляксеева, Віктара Сенчукова і іншых.
Падчас справаздачнага сходу граматы, падзякі і каштоўныя падарункі былі ўручаны больш 60-ці руплівым працаўнікам КСУП “Чырвоны баец”. Сяргей Лянкевіч назваў іх залатым фондам гаспадаркі. Кветкі і падарункі атрымалі ветэраны працы.
Звяртаючыся да прысутных, Аляксандр Осіпаў адзначыў, што дасягненні калектыву – вынік граматных дзеянняў кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства, яго спецыялістаў, а таксама добрасумленнай і адказнай працы работнікаў палёў і ферм. Аднак спыняцца на дасягнутым нельга, патэнцыял для далейшага развіцця яшчэ ёсць, і яго абавязкова трэба скарыстаць.

Свае музычныя і танцавальныя віншаванні працаўнікам сельгаспрадпрыемства адрасавалі артысты заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь ансамбля песні і танца “Медуніца” Магілёўскай абласной філармоніі.
Дырэктар КСУП “Ніва-Барсу­кі”, удзельнік VІ Усебеларускага народнага сходу Іван Рыняк па­дзяліўся ўражаннямі ад удзелу ў форуме, расказаў аб агучаных на ім пытаннях.
Па яго словах, народны сход прайшоў эмацыянальна ярка, у дакладзе Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі былі закрануты самыя розныя актуальныя тэмы. Усім нам было відавочна, наколькі дасканала Кіраўнік дзяржавы валодае інфармацыяй па пытаннях эканомікі, нацыянальнай бяспекі, медыцыны, адукацыі, сельскай гаспадаркі, выхавання моладзі і іншых. Апладысменты ўдзельнікаў форуму падчас выступлення Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі былі сведчаннем таго, што яны поўнасцю падтрымліваюць яго словы.
Як адзначыў Іван Рыняк, яго асабіста ўразілі планы на бліжэйшую пяцігодку, пра якія расказаў Кіраўнік дзяржавы, у тым ліку ў галіне аховы здароўя. Ён лічыць, што гэта не толькі зробіць жыццё людзей больш камфортным, але і паспрыяе паляпшэнню здароўя, як самай вялікай каштоўнасці для кожнага з нас.
Не абышоў увагай Іван Рыняк і напрамкі далейшага развіцця сельскай гаспадаркі, якія абмяркоўваліся на VІ Усебеларускім народным сходзе.
Людміла СЯМЁНАВА.
Фота аўтара.

 

Подписывайтесь на нас в социальных сетях: «Одноклассники» и «Одноклассники» (группа), «ВКонтакте», «Фейсбук», «Instagram», «Telegram», «Яндекс Дзен».

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.