Уладзімір Гацко: «Галоўны рэсурс у дасягненні вызначаных мэт – людзі»

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэс­публікі Бе­ларусь сёмага склікання па Бабруйскай сельскай выбарчай акрузе №80, у якую ўваходзіць і Кіраўскі раён, Уладзімір Гацко, як дэлегат VI Усебеларускага народнага сходу, падзяліўся меркаваннямі пра народнае веча:
– На форуме адбыўся сумленны, адкрыты дыялог, да якога заклікаў у яго пачатку Кіраўнік дзяржавы. Усе ўдзельнікі ўсведамлялі важнасць мерапрыемства, бо яно было лёсавызначальным для Беларусі.
На сходзе прагучала, што наша краіна за гады суверэнітэту дасягнула поспехаў у розных галінах. За апошнія пяць год яна зацвердзілася ў статусе самастойнага іграка на міжнароднай арэне і надзейнага ўдзельніка інтэграцыйных аб’яднанняў. Беларусь стабільна займае высокія месцы ў рэйтынгу індэкса чалавечага развіцця.
Мне, як урачу, прыемнай была канстатацыя факта, што айчынная галіна аховы здароўя дэманструе эфектыўную работу нават ва ўмовах пандэміі. Бесперабойна працуюць традыцыйныя галіны – машынабудаванне, хімічная прамысловасць, сельская гаспадарка. Фарміруюцца касмічная, атамная, біяхімічная галіны эканомікі. Населеныя пункты звязаны сучаснымі транспартнымі магістралямі. У поўным аб’ёме рэалізавана праграма жыллё­вага будаўніцтва. Бясспрэчным брэндам краіны стаў дасягнуты найвышэйшы ўзровень камфорту і бяспекі.
За пяцігодку на 15% павялічыліся даходы насельніцтва ў рэальным адлюстраванні. У дапаўненне да іх беларусы маюць сацыяльны пакет, пра які не могуць марыць не толькі нашы суседзі, але і многія краіны, якія прэтэндуюць на статус развітых. Прадастаўляюцца льготы па ЖКГ, транспарце, школьным харчаванні, у нас бясплатныя медыцына і адукацыя.
На форуме былі абмеркаваны пытанні грамадска-палітычнага развіцця краіны: аб павышэнні ролі грамадзян у палітычным жыцці Беларусі, магчымасці карэкціроўкі Асноўнага закона, размеркаванне паўнамоцтваў улады, узмацненне ролі мясцовага кіравання і самакіравання, каб максімальна наблізіць цэнтры прыняцця рашэнняў, забяспечыць пастаянную, эфектыўную зваротную сувязь паміж уладай і насельніцтвам.
Адным з важных пытанняў сходу было зберажэнне каштоўнасцей, традыцый, якія дазваляюць беларусам заставацца нацыяй: захаванне пераемнасці пакаленняў, пытанне далучэння маладых людзей да стваральнай дзейнасці, іх творчае, інтэлектуальнае развіццё, забеспячэнне інфармацыйнага суверэнітэту.
Беларускі лідар пракаментаваў маштабныя сацыялагічныя даследаванні, праведзеныя напярэдадні сходу ў краіне, і адзначыў, што па іх выніках атрымаў нямала звестак негатыўнага характару, але, па яго словах, такая інфармацыя для яго больш важная, чым пазітыўная.
Удзельнікі форуму адобрылі асноўныя палажэнні Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2021-2025 гады і падтрымалі яе галоўную мэту: забеспячэнне стабільнасці ў грамадстве і рост дабрабыту грамадзян. Сацыяльная дзяржава, як было падкрэслена на сходзе, застанецца нязменным сацыяльным брэндам Беларусі.
На форуме дакладна вызначаны прыярытэты пяцігодкі і асноўныя напрамкі, па якіх бу­дзе ажыццяўляцца іх рэалізацыя.
Галоўным рэсурсам у дасягненні вызначаных мэт, як падкрэсліў Прэзідэнт, застаюцца людзі. На кожным з нас ляжыць адказнасць за лёс краіны. Трэба імкнуцца стаць паспяховым, мяняць жыццё ў Беларусі да лепшага – роўныя, спрыяльныя стартавыя ўмовы для гэтага ва ўсіх ёсць. У гэтым – сутнасць нашай мадэлі сацыяльна арыентаванай дзяржавы.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.