Заўсёды на варце бяспекі дарожнага руху. Інтэрв’ю з начальнікам АДАІ Кіраўскага РАУС Віталем Котавым

Па выніках работы за 2020 год аддзяленне дзяржаўтаінспекцыі Кіраўскага РАУС увайшло ў лік лепшых у Магілёўскай вобласці.

Кожны з нас змалку становіцца ўдзельнікам дарожнага руху і з’яўляецца ім на працягу практычна ўсяго свайго жыцця. Спачатку – дзіцячая каляска, першыя самастойныя крокі, схапіўшыся за палец мамы і таты, а потым – дарога ў школу, веласіпед, аўтамашына… Ці заўсёды мы разумеем, што вуліца, дарога – гэта аб’екты павышанай небяспекі? А тым больш, ці часта задумваемся, што трэба, каб бяспека на дарогах была ў найбольшай сваёй праяве? Думаецца, кожны павінен усведамляць, што ад пільнага кантролю за ўдзельнікамі дарожнага руху, які ажыццяўляюць супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі МУС, у многім залежыць жыццё і здароўе кожнага з нас.
 Начальнік АДАІ Киращскага РАУС маёр міліцыі Віталь Котаў на пасту

У нашым інтэрв’ю – Віталь Котаў, начальнік аддзялення ДАІ РАУС – расказвае аб тым, як спрацавалі ў 2020 годзе, сваіх калегах і аб сабе…
– Віталь Іванавіч, наколькі нам вядома, мінулы год Кіраўская дзяржаўтаінспекцыя завяршыла з неблагімі паказчыкамі. Раскажыце аб іх.
– Паказчыкі – гэта, безумоўна, статыстыка, лічбы. Але за імі, калі ўдумацца, стаяць канкрэтныя людзі і іх лёсы. Калі пра пазітыў у нашай рабоце – нельга не парадавацца за тое, што на Кіраўшчыне зменшылася колькасць дарожна-транспартных здарэнняў і пацярпелых у іх. Так, у 2019 годзе ў 12 ДТЗ пашкоджанні розных ступеней цяжкасцей атрымалі 17 чалавек, летась у 7 аварыях пацярпелі 10 удзельнікаў дарожнага руху. Самае галоўнае, усе мы ведаем, – жыццё чалавека. Дык вось, у мінулым годзе на тэрыторыі нашага раёна не здарылася ДТЗ са смяротным зыходам (у 2019 г. было 2 выпадкі). Такі паказчык быў апошні раз у нашым раёне 27 год таму…
– Згодна статыстыкі, на дарогах нашай краіны адбываецца штодзень прыкладна 5-6 аварый, у якіх гінуць альбо атрымліваюць раненні людзі. У агульнарэспубліканскіх маштабах гэта сапраўдная катастрофа…
– Так, людзі не задумваюцца часам, што ад кожнага з нас залежыць свая бяспека і сваіх блізкіх. Вось толькі некалькі паказчыкаў дзейнасці нашага падраздзялення, па якіх мы летась спрацавалі на належным узроўні – у многім папярэдзілі трагедыі.
Ведаюць усе: п’яны за рулём – патэнцыяльны забойца… У мінулым годзе супрацоўнікі аддзялення затрымалі 56 такіх асоб. Чацвёра з іх – за паўторнае падобнае парушэнне. Яны пазбаўлены не толькі правоў на ўпраўленне транспартнымі сродкамі, а і саміх аўтамабіляў – у карысць дзяржавы. Некаторыя імкнуцца сесці за руль, не маючы на тое права – такіх было затрымана 183 чалавекі, з іх 45 – паўторна. Грубымі парушэннямі застаюцца стварэнне аварыйнай сітуацыі, правілаў абгону, летась за гэта было затрымана 18 вадзіцеляў.
– Але ж садзейнічаюць адмоўным сітуацыям і не менш актыўныя ўдзельнікі дарожнага руху – пешаходы, веласіпедысты. Ці так гэта?
– Сапраўды так. Шэрагу грамадзян былі зроблены заўвагі за адсутнасць святловяртаючых элементаў у цёмны час сутак, асобныя – 240 чалавек – прыцягнуты да адказнасці. Былі на дарогах і нецвярозыя – прычым рухаліся як пешшу, так і на веласіпедзе: затрымана такіх адпаведна 60 і 27 чалавек. А ўсяго выяўлена ў мінулым годзе 115 веласіпедыстаў-парушальнікаў.
– Што ж рабіць, каб людзі не грэбавалі Правіламі дарожнага руху?
– Са свайго боку Дзяржаўтаінспекцыяй робяцца ўсе магчымыя захады, каб парушэнняў было як мага менш. І галоўнае ў нашае рабоце – іх прафілактыка. Супрацоўнікі АДАІ РАУС пастаянна праводзяць адпаведныя мерапрыемствы. Гэта выступленні ў працоўных калектывах, пасяджэнні камісіі па забеспячэнні бяспекі дарожнага руху пры райвыканкаме з удзелам адказных асоб, размяшчэнне прафілактычных матэрыялаў у сродках масавай інфармацыі – раённай газеце “Кіравец”, на сайце выдання, у сацыяльных сетках. Ва ўстановах адукацыі мы імкнемся зацікавіць дзяцей: праводзім не толькі гутаркі, а і разнастайныя акцыі, конкурсы з розыгрышам прызоў. Гэта таксама дае свой плён: летась на тэрыторыі раёна, да прыкладу, не дапушчана ДТЗ з удзелам непаўналетніх.
Варта заўважыць, што толькі сам чалавек можа зрабіць сваё знаходжанне на вуліцы, дарозе бяспечным. Калі будзе думаць аб гэтым пастаянна і выконваць усе правілы.
– Раскажыце, калі ласка, пра сённяшні асабовы састаў дзяржаўтаінспекцыі.
– На бягучы момант на Кіраўшчыне сочаць за парад­кам на дарогах, уключаючы мяне, сямёра супрацоўнікаў. У іх ліку – дзяржаўтаінспектар Андрэй Пархамовіч, інспектар па адміністрацыйнай практыцы Дзяніс Макаронак, інспектары дарожна-паставой службы Андрэй Капцееў, Аляксандр Стальмакоў, Аляксандр Макаронак і Дзмітрый Каранкевіч. Апошні з названых, дарэчы, па выніках 2020 года прызнаны лепшым маладым супрацоўнікам у межах вобласці. А наогул усе – старанныя і адказныя работнікі. Варта адзначыць, што ўвесь састаў аддзялення – ураджэнцы нашага раёна. І гэта таксама дапамагае ў рабоце: кожны добра ведае і мясцовасць – населеныя пункты, дарогі, – і людзей.
– Тады некалькі слоў і аб сабе. Хто такі – начальнік дзяржаўтаінспекцыі РАУС?
– Родам з Баравіцы. Пасля заканчэння мясцовай школы паступіў у МДУ імя А.А.Куляшова. Акрамя педагагічнага (настаўнік фізічнай культуры і здароўя) атрымаў і другую вышэйшую адукацю – юрыдычную. Затым служыў у батальёне міліцыі ў Бабруйску. Вось гэты перыяд, пэўна, асабліва і паўплываў на выбар далейшай прафесійнай дарогі: пасля арміі вырашыў служыць у міліцыі – стаяць на варце правапарадку. У РАУС на працягу 5 год працаваў у Следчым камітэце, з 2012 года – у аддзяленні ДАІ. Спачатку інспектарам, затым старшым інспектарам, а ў снежні 2019 года ўзначаліў аддзяленне.
Аб выбары свайго прафесійнага шляху ніколі не шкадаваў. Бяспека руху, лічу, – адно з галоўных правілаў жыцця, бо з вуліцай, дарогай звязаны кожны з нас штодзень. Гэтыя мае меркаванні поўнасцю раздзяляе мая сям’я – жонка Алеся, якая працуе настаўніцай хіміі і біялогіі ў СШ №1, і прыгажуні-двайняткі Аліна і Мілана – трэццякласніцы. Сапраўды, няма нічога даражэй за жыццё і здароўе. І калі гэта кожны чалавек будзе ўсведамляць пастаянна, стане дысцыплінаваным, тады і рызыкі стане менш. Мы павінны помніць, выйшаўшы з дому: у гэтым доме нас любяць і чакаюць!
Гутарыў Аляксандр ХАХЛОЎ.

Фота Максіма МІКЕШЫНА.

 

Подписывайтесь на нас в социальных сетях: «Одноклассники» и «Одноклассники» (группа), «ВКонтакте», «Фейсбук», «Instagram», «Telegram», «Яндекс Дзен».

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.