Рассветаўцы радуюць таматамі

На цяплічным камбінаце ААТ “Рассвет імя К.П.Арлоўскага” актыўнымі тэмпамі ідзе выбарка таматаў сёлетняга сезону. Спажыўцы ўжо маюць магчымасць набыць свежую агародніну, якая паступае з цяплічных палеткаў у гандлёвыя кропкі розных куткоў Беларусі, у тым ліку Кіраўска, Бабруйска, Магілёва.

Агароднінаводы цяплічнага камбіната ААТ “Рассвет імя К.П.Ар­лоўскага” Ларыса Маркашанская і Ірына Косарава атрымалі лепшыя паказчыкі па збору таматаў па выніках работы за 2020 год.

Карэспандэнты “раёнкі” пабывалі ў зімняй энергезберагаючай цяпліцы камбіната. Тут на плошчы 3,24 га ажыццяўляецца вытворчасць таматаў гатунку “альтадэна”. Яго рассветаўцы апрабавалі пару год таму, вынікам задаволены: памідоры растуць вялікімі, прыгожымі і смачнымі. Зараз вага аднаго плоду – 200 – 250 г. Збіраюць іх у асноўным бурымі: праз пару дзён, пакуль агародіна будзе дастаўлена да гандлёвай кропкі, – даспее.
Галоўны тэхнолаг камбіната Марыя Бяляўская расказала, што першы пасеў таматаў быў у леташнім снежні, прыкладна праз месяц вырасшая расада адправілася ў блокі. Нагадаем, што ў цяплічным камбінаце агародніну вырошчваюць без глебы, на малааб’ёмнай гідрапоніцы.
У цэлым пачаткам сезону ў цяпліцы задаволены. Аднак пэўныя цяжкасці выклікае не веснавы холад. Працоўны дзень для работнікаў камбіната пачынаецца з прагляду прагнозу надвор’я, ад умоў якога напрамую залежыць якасць ураджаю. 7 спецыялістаў – тэхнолагаў і аграномаў – кожную раніцу абмяркоўваюць тактыку вытворчасці, а затым пільна сочаць за якасцю выконваемых на замацаваных за імі ўчастках работ – шчыруюць над тым, каб расліны былі здаровымі, моцнымі і добра пладаносілі.

З цудоўным настроем шчыруе на выбарцы таматаў агароднінавод Святлана Данілава

Да размовы падключылася агароднінавод з 15-гадовым стажам Ірына Косарава. “Чым болей сонейка, тым чырваней і смачней памідоры, вышэй ураджайнасць!”, – дадала яна. Па выніках леташняга сезону гэты агароднінавод атрымала лепшыя паказчыкі па збору таматаў. На яе рахунку – 52,39 кг з кв.м. Ірына Пятроўна расказала, што працаваць у цяпліцы складана, патрубецца прыкладваць шмат фізічных намаганняў. За кожнай цяплічніцай замацаваны ўчастак у 12,5 соткі, які яна апрацоўвае ўвесь сезон. Зараз за дзень здымаюць прыкладна 700 – 800 кг памідор, а ў разгар сезону даходзіць і да 2 тон. Акрамя выбаркі агароднінаводы заняты на доглядзе за раслінамі – фарміруюць кусты, выдаляюць адпрацаваныя кісці, абрываюць жоўтае лісце. Да слова, рассветаўцы займаюцца вытворчасцю высокарослых таматаў. За сезон сцябло можа вырасці ў вышыню да 15 – 18 метраў. Ірына Косарава расказала, як удаецца апрацоўваюць іх: “Рабочая частка расліны, дзе фарміруюцца плады, дасягае прыкладна 2,5 – 3 метры. Яна вертыкальна падвязваецца. Калі аддае ўраджай, лісце з гэтай яе часткі выдаляем, ліану прыспускаем і падвешваем гарызантальна ўздоўж стэлажа. У вертыкальнай частцы фарміруецца новы ўраджай – і ўсё паўтараецца зноў”.
Акрамя вытворчасці таматаў рассветаўцы традыцыйна вырошчваюць агуркі. Зараз спрыяльных дзянькоў чакае расада капусты, каб адправіцца ў адкрыты грунт. Другі год запар будуць вырошчвацца кавуны. На мінулым тыдні іх насенне паклалі ў касеты з глебай. Плануецца, што напрыканцы мая падросшая расада з цяплічных умоў перабярэцца на палеткі, для гэтага ў сельгаставарыстве адведзена, як і летась, 5 га.
Яўгенія БЯЛЬКО.
Фота Максіма МІКЕШЫНА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.